Пытанне: калі сёлета пройдуць цэнтралізаваныя экзамены для выпускнікоў адзінаццатых класаў?
Адказвае начальнік аддзела адукацыі райвыканкама Марына Лашкоўская:
– Сёлета цэнтралізаваныя экзамены на Дзятлаўшчыне будуць здаваць 127 выпускнікоў-адзінаццацікласнікаў і два экстэрны, усяго 129 чалавек. Іспыты праходзяць у асноўныя тэрміны: 26 мая (прадмет па выбары) і 29 мая (руская або беларуская мова). У гэтым годзе рускую мову выбраў 101 чалавек, беларускую – 28. Больш за ўсё выпускнікоў (37 чалавек) у якасці прадмета па выбары вызначылі матэматыку, грамадазнаўства здаюць 33 адзінаццацікласнікі, 32 – біялогію, 7 – гісторыю, 6 – фізіку, 7 – англійскую мову, 4 – хімію, 3 – геаграфію.
Калі навучэнец здае ЦЭ на 0; 1 або 2 балы, атэстат яму не выдаецца. Для такіх дзяцей у Беларусі вызначаны рэзервовыя дні для пераздачы ў жніўні, аднак паступіць у ВНУ у год пераздачы ўжо будзе не магчыма. Годам раней пры атрыманні балаў 1 або 2 такія вынікі ЦЭ сумаваліся з гадавой ацэнкай, а ў атэстат выводзіўся і ставіўся сярэдні бал. Сёлета ранейшае правіла ўжо не дзейнічае.
Ірына СТЫРНІК
Подписывайтесь на телеграм-канал «Дятлово ОНЛАЙН» по короткой ссылке @gazeta_peramoga