Дзятлаўчане Віталь і Алена Франюкі, якія гадуюць траіх дзяцей, лічаць сябе самай звычайнай сям’ёй, пры гэтым кожны пражыты дзень для іх – гэта пошук сумесных рашэнняў, цёплыя размовы аб важным, падтрымка і ўзаемаразуменне.

Напярэдадні Дня сям’і цікава было даведацца ў Віталя Леанідавіча і Алены Уладзіміраўны формулу іх асабістага сямейнага шчасця.
Як высветлілася, будучую абранніцу наш зямляк знайшоў не за трыдзевяць зямель, а па суседстве. Пэўны час маладых людзей раздзяляла не адлегласць, а розніца ва ўзросце: Алена на пяць гадоў малодшая. Зразумела, што падлеткам Віталь не звяртаў увагі на дзяўчынку, якая жыла паблізу, калі ж яна вырасла і з’явілася ў кампаніі агульных знаёмых – зацікавіўся. Алена прывабіла тым, што з ёй падоўгу можна было размаўляць на розныя тэмы, яна лёгка ўключалася ў агульныя справы. Віталь жа пакарыў будучую абранніцу сваёй неардынарнасцю: на той момант юнак захапляўся рок-музыкай, іграў у групе. Іх сямейная гісторыя стала вынікам працяглага сяброўства, якое мужчына і сёння лічыць самым надзейным падмуркам для шлюбу.

На пытанне, што звязвае мацней за ўсё, сямейная пара адказвае, што гэта шлях, які прайшлі разам, з кожным крокам усё глыбей пазнаючы адзін аднаго, ясней асэнсоўваючы, што менавіта дапамагае ім зберагаць каханне ў самых няпростых жыццёвых сітуацыях. Прычым, Алена Уладзіміраўна прызнаецца, што ў сям’і яна псіхолаг па прафесіі, а муж – па натуры, разам жа яны вельмі эмпатычныя асобы, стараюцца заўжды адчуваць перажыванні і патрэбы адзін аднаго, прагаворваць свае пачуцці і праз асэнсаванне і прыняцце прыходзіць да балансу і гармоніі ў адносінах. Галоўнае правіла сям’і пры ўзнікненні праблемных сітуацый – абмеркаваць усё адразу, пачуць партнёра і не адкладваць рашэнне на потым. Базай адносінаў паміж мужам і жонкай, дарослымі і дзецьмі з’яўляецца ўзаемапавага, якая, як падкрэсліваюць Віталь і Алена, “павінна працаваць у абодва бакі”, а “клеем”, які ўсё звязвае, безумоўна, называюць каханне. Увогуле Віталь Леанідавіч па-філасофску зазначае: “Сям’я – гэта доўгатэрміновы праект, і каб яго захаваць, важна прытрымлівацца балансу і гармоніі”. Ён упэўнены, што чалавек развіваецца і ўдасканальваецца на працягу ўсяго жыцця.

– Калі ў сям’ю прыходзяць дзеці, мы іх выхоўваем, а на самой справе выхоўваем сябе, – заключае наш зямляк. – І ў гэтым працэсе ўласны прыклад больш эфектыўны, чым словы.

Сваіх дзяцей Віталь і Алена Франюкі вельмі любяць, таму гадуюць у строгасці і дысцыпліне, развіваючы іх лепшыя якасці. Старэйшы Дамір – уседлівы, любіць дапамагаць дарослым, аднак яго даводзіцца абмяжоўваць у карыстанні смартфонам. Сярэдняя Міраслава наадварот мае самакантроль і ўнутраную матывацыю, дзяўчынка імкнецца якасна і дасканала выконваць усе заданні і справы, а гаджаты яе амаль не цікавяць. Малодшая Аміна – маленькі рухавічок, які ўсіх аб’ядноўвае, аднак нікому не дае расслабіцца. Ёй тры гады, пакуль складана сказаць, якія якасці асобы праявяцца больш.

Разважаючы пра сямейныя традыцыі, нашы землякі называюць у іх ліку не толькі сумесны прагляд кінастужак і баўленне часу з дзецьмі, але і патрыярхальны сямейны лад, пры якім мужу адводзіцца вядучая роля.

– Калі мужчына служыць не толькі матэрыяльным, але і духоўным мэтам, а жонка з’яўляецца яго памочніцай, то ўсё працуе на дабрабыт сям’і і грамадства, – разважае Віталь Леанідавіч. – “Патрыярх” – гэта не пра статус і ўладу, а пра вялікую адказнасць за блізкіх, іх жыццё, будучыню. Нават выбіраючы месца жыхарства для сям’і, мне было важна захаваць сямейна-родавую сістэму, каб у бабуляў і дзядуляў была магчымасць бавіць час з унукамі і сувязь паміж пакаленнямі не страчвалася. Сёння бачу, што рашэнне было правільным: стварыць спрыяльныя ўмовы для сям’і можна і на малой радзіме, якую важна захоўваць і развіваць.

Алена Уладзіміраўна згодна з мужам і пацвярджае, што з блізкім па духу чалавекам можна стварыць камфорт і ўтульнасць, паспяхова самарэалізавацца ў любым месцы. Наша зямлячка працуе педагогам-псіхолагам у сацыяльна-педагагічным цэнтры горада Дзятлава, лічыць сваю работу доўгім шляхам самаразвіцця на карысць людзей. Яна ўпэўнена, што прафесійныя навыкі дапамагаюць ёй у сямейным жыцці, а мацярынскі вопыт дае “падказкі” ў рабоце з іншымі дзецьмі.

Віталь Леанідавіч займаецца будаўнічай дзейнасцю і аддзелкай памяшканняў, гэта работа прыносіць сям’і асноўны даход. Аднак па натуры ён яшчэ і лірык: як і ў маладосці, прадаўжае захапляцца музыкай, спрабуе сам пісаць музычныя творы. Вырошчвае расліны і збірае сваю калекцыю “экзотаў”, спрабуе развіць гэту справу, каб і яна прыносіла даход. Мужчына ўпэўнены, што самарэалізацыя ў розных кірунках дапамагае яму не стамляцца ў жыцці, не выгараць у рабоце.

Дома Алена і Віталь не дзеляць справы на мужчынскія і жаночыя: у сям’і пануе размеркаванне абавязкаў, але яно не строгае: калі адзін стамляецца, на дапамогу прыходзіць другі, у тым ліку дзеці.

Унікальная формула шчасця ў сям’і Франюкоў – гэта павага+клопат+давер, памножаныя на каханне.

Да Дня сям’і іншым парам раёна яны пажадалі ладу і дабрабыту, прыслухоўвацца да сябе і адзін да аднаго, размаўляць, кахаць, давяраць, клапаціцца і ўсе гэтыя пажаданні ўвасобіць у жыццё.

Ірына СТЫРНІК

Фота з сямейнага архіва Франюкоў               

Подписывайтесь на телеграм-канал «Дятлово ОНЛАЙН» по короткой ссылке @gazeta_peramoga

#годбелорусскойженщины #нашелучшее #нашалепшае

Похожие публикации