Ва ўрочышчы паблізу вёскі Агароднікі аграрыі сельгаспрадпрыемства сеюць сталовыя буракі.

– Ужо пасадзілі бульбу, цяпер сеем сталовыя буракі гатунку “cлава” на плошчы чатыры гектары, – расказала брыгадзір вытворчай брыгады ў раслінаводстве Алена Васюкевіч. – У планах па агародзе – пасеяць два гектары морквы. Усё насенне набываем у РУП “Інстытут раслінаводства” (горад Мінск), яны стабільна даюць добры вынік. У бліжэйшы час правядзём абкошванне сада. Сёлета не было моцных замаразкаў, спадзяёмся на спорнае цвіценне і добры ўраджай яблыкаў.


Алена Віктараўна кантралюе працэс і сама дапамагае ў пасяўной. На полі працуе трактар МТЗ-82 з сеялкай дакладнага высеву “Monosem MS”, за рулём якога механізатар са стажам Юрый Хрышчановіч. Ён расказаў, на якіх работах заняты на працягу года:

– У час уборкі бульбы працаваў на адвозцы, вясной – на ўборцы камення, цяпер сеем, а ў хуткім часе прыступім да касьбы траў. У сельскай гаспадарцы работы заўсёды шмат, ніхто не засумуе.

Мужчына расказвае, што, каб тэхніка не падводзіла, зімой грунтоўна рыхтавалі яе да пасяўной кампаніі, у працэсе таксама праводзілі тэхнічнае абслугоўванне.
– Такая работа паспешлівасці не любіць, таму робім усё грунтоўна і акуратна, а вынік не прымусіць сябе чакаць, – дадае ён.

Наталля АВЯРЧУК
Подписывайтесь на телеграм-канал «Дятлово ОНЛАЙН» по короткой ссылке @gazeta_peramoga
#нашелучшее #нашалепшае