Напярэдадні Дня Перамогі ў Рэспубліканскім Палацы культуры прафсаюзаў адбыўся гала-канцэрт XVIII сезона рэспубліканскага фестывалю народнай творчасці ветэранскіх калектываў “Не старэюць душой ветэраны”, які сабраў 240 удзельнікаў.
Абласныя адборачныя туры гэтага маштабнага праекта праходзілі з верасня па сакавік, удзел у іх прынялі некалькі тысяч чалавек. Адбор ажыццяўляўся па намінацыях, сярод якіх вакальна-харавое, музычна-інструментальнае, харэаграфічнае, тэатральнае мастацтва, а таксама сольнае выкананне.

Арганізатарамі фестывалю з’яўляюцца Міністэрства культуры Рэспублікі Беларусь, Федэрацыя прафсаюзаў Беларусі, грамадскае аб’яднанне ветэранаў. Праект скіраваны на творчае развіццё і актыўнае даўгалецце працаўнікоў Беларусі, якія знаходзяцца на заслужаным адпачынку. За гады яго існавання дзясяткі тысяч выканаўцаў падарылі гледачам цяпло сваёй душы, майстэрства і станоўчыя эмоцыі.
Сёлета вядучымі гала-канцэрта былі заслужаная артыстка Рэспублікі Беларусь Алена Спірыдовіч і Яўген Лашкоўскі, а госцем фестывалю – народны артыст Беларусі Анатоль Ярмоленка.

Гродзенскую вобласць на рэспубліканскім фінале прадстаўлялі народны хор ветэранаў Смаргонскага раённага цэнтра культуры пад кіраўніцтвам Аляксандра Ляха і індывідуальныя выканаўцы: Станіслава Прызван з Зэльвеншчыны і наш зямляк Сяргей Малышчык з народнага хора ветэранаў “Ветэраны ў страі” пад кіраўніцтвам Таццяны Шостка.

На рэспубліканскай сцэне Сяргей Уладзіміравіч выканаў песню “Шчасця табе, Зямля!” і па выніках фіналу адзначаны дыпломам і медалём лаўрэата, а таксама грашовым прызам.
Ірына СТЫРНІК
Фота ўдзельнікаў
Подписывайтесь на телеграм-канал «Дятлово ОНЛАЙН» по короткой ссылке @gazeta_peramoga
#нашелучшее #нашалепшае