Сяўба кукурузы, падрыхтоўка да майскіх святаў, добраўпарадкаванне, школьныя навіны – на гэтыя і іншыя тэмы гаварылі на штотыднёвай нарадзе ў старшыні райвыканкама Андрэя Садоўскага.
Конкурс на самы “ўпарадкаваны” аб’ект
Нягледзячы на красавіцкае пахаладанне, на Дзятлаўшчыне працягваецца сяўба кукурузы. Аграрыі працуюць з аглядкай на нізкія начныя тэмпературы, але тэмпаў не зніжаюць: прамаруджванне пагражае крытычнай стратай вільгаці ў глебе, а значыць, і будучага ўраджаю.
– На гэтым тыдні ўсім прадпрыемствам увайсці ў масавую сяўбу кукурузы. Праца ў палях не павінна заціхаць ні на хвіліну. Задача ва ўсіх агульная – у аптымальныя тэрміны закласці аснову будучай харчовай базы для жывёлы, – падкрэсліў Андрэй Садоўскі.
Сельгаспрадпрыемствы завяршаюць рамонт кормаўборачнай тэхнікі.
Першы намеснік старшыні райвыканкама – начальнік упраўлення сельскай гаспадаркі і харчавання Віталій Шулейка заверыў кіраўніка раёна, што да 1 мая ўся кормаўборачная тэхніка будзе на лінейцы гатоўнасці.
На кантролі – тэмы перазалужэння, меліярацыі, падсеву люцэрны, вапнавання глебы.
Да сярэдзіны мая плануецца правесці раённы конкурс па навядзенні парадку на аб’ектах сельскай гаспадаркі. На бягучым тыдні будуць распрацаваны ўмовы правядзення конкурсу.
Падрыхтоўка да выпускных іспытаў
Сфера адукацыі набліжаецца да адказнага і напружанага перыяду – здачы выпускнікамі экзаменаў і развітання са школай.
Як праінфармавала начальнік аддзела адукацыі райвыканкама Марына Лашкоўская, са 129 выпускнікоў 101 будзе здаваць цэнтралізаваны экзамен па рускай мове, 28 – па беларускай, 33 – грамадазнаўстве, 37 – матэматыцы, толькі 3 – геаграфіі, 4 – хіміі, 7 – англійскай мове.
Андрэй Садоўскі акцэнтаваў увагу на далейшым навучанні выпускнікоў дзятлаўскіх школ па мэтавых дагаворах у сярэдніх спецыяльных і вышэйшых навучальных установах.
Марына Яўгеньеўна патлумачыла, што школы працуюць з выпускнікамі па гэтым пытанні, аказваюць інфармацыйную дапамогу. Мэтавы прыём у ВНУ і каледжы сёлета пройдзе па звыклых і зразумелых умовах. Парадак заключэння дагавораў і падачы дакументаў не змяніўся, пры гэтым удасканальваюцца механізмы інфармавання і кантролю за наборам. Пасля 1 мая будзе апублікавана інфармацыя аб колькасці выдзеленых мэтавых месцаў, а таксама захаваны дадатковыя магчымасці – у прыватнасці Інтэрактыўная карта, якая палягчае выбар універсітэта і арганізацыі-заказчыка, пошук кантактаў і заключэнне дагавора. Абітурыенты атрымаюць права звярнуцца ў арганізацыі-заказчыкі, дзе месцы будуць зацверджаны, каб заключыць дагавор і ўдзельнічаць у конкурсе на мэтавыя месцы.
Нагадаем: падача дакументаў будзе ажыццяўляцца з 27 чэрвеня па 2 ліпеня. Уступныя іспыты пройдуць з 4 па 10 ліпеня. Залічэнне абітурыентаў на мэтавыя месцы будзе праведзена да 12 ліпеня. І ў гэты ж дзень, 12 ліпеня, стартуе ўступная кампанія на агульных падставах.
Яшчэ Марына Лашкоўская адзначыла ў час нарады, што ў бягучым годзе павялічылася колькасць вучняў дзятлаўскіх школ, якія дасягнулі значных вынікаў на розных конкурсах. Раённымі ўзнагародамі будуць адзначаны 24 дзіцяці.
Пра бяспеку
З пачатку года супрацоўнікамі Дзятлаўскага РАНС абследаваны больш за 1900 домаўладанняў катэгарыраваных груп грамадзян. Усе домаўладанні, па якіх былі дадзены заўвагі спецыялістаў маніторынгавых груп, узяты на кантроль.
Начальнік РАНС Сяргей Казушчык нагадаў аб тым, што цяпер праходзіць інфармацыйная кампанія, мэта якой нагадаць кожнаму аб жыццёвай неабходнасці ўстаноўкі аўтаномнага пажарнага апавяшчальніка.
Праваахоўнікі прадаўжаюць інспектаваць сельскагаспадарчыя аб’екты. На мінулым тыдні выяўлены чарговы крадзеж паліва. Па гэтым факце праводзіцца праверка.
Пракурор раёна Віталій Юрго паведаміў, што ім перададзены матэрыялы ў суд па падобным інцыдэнце ў адной з гаспадарак раёна, які адбыўся раней – работнікам была скрадзена тона афарбаванага дызпаліва. Пасяджэнне суда будзе выязное, з запрашэннем кіраўніцтва і асоб, адказных за кантроль расходавання паліўных рэсурсаў, усіх сельгаспрадпрыемстваў раёна.
Начальнік аддзела ўнутраных спраў райвыканкама Вадзім Шчурскі далажыў, што з пачатку года 14 дзятлаўчан ізаляваны ў ЛПП.
За першы квартал па агульнай злачыннасці раён “прыбавіў” на 11 фактаў у параўнанні з леташнім паказчыкам. На недапрацоўку міліцыянераў па некаторых здарэннях указаў і старшыня райвыканкама і паставіў задачу аператыўна адрэагаваць і разабрацца.
Ірына КАМАРОВА
Подписывайтесь на телеграм-канал «Дятлово ОНЛАЙН» по короткой ссылке @gazeta_peramoga