У Дзятлаўскім раённым цэнтры культуры і народнай творчасці прайшло музычна-паэтычнае мерапрыемства, прымеркаванае да Міжнароднага дня памяці аб чарнобыльскай аварыі.

26 красавіка 1986 года страшная бяда разышлася па ўсёй зямлі. Чарнобыль стаў эпіцэнтрам гэтага гора, а вецер і дождж панеслі яго па Беларусі, Расіі і Украіне, бо ядзерная энергія не ведае ніякіх межаў.

– Сёння мы сабраліся, каб ушанаваць памяць тых, каго закранула гэтая найвялікшая тэхнагенная катастрофа дваццатага стагоддзя, – адзначыла вядучая Анастасія Голуб. – Сорак гадоў аддзяляюць нас ад той страшнай ночы. Гэта боль, які не цішэе, гэта подзвіг, які не мае тэрміну даўнасці, і гэта папярэджанне, якое мы не маем права забыць. Мы заўсёды павінны памятаць пра ліквідатараў – людзей, якія коштам свайго здароўя і жыцця закрылі сабой свет ад нябачнай смерці, каб іншыя маглі жыць. У афіцыйных спісах іх больш за 600 тысяч. Але за кожнай лічбай – жывы лёс, сям’я і неверагодная мужнасць. Гэта былі пажарныя, верталётчыкі, шахцёры, медыкі, вадзіцелі, інжынеры.

Сярод удзельнікаў ліквідацыі наступстваў катастрофы былі і нашы землякі. Адзін з іх, Віктар Яраш, расказаў, як жа ўсё гэта было.

Да дзятлаўчан звярнуўся намеснік старшыні райвыканкама Вадзім Бялятка:

– Чарнобыль назаўжды застаўся сімвалам вялікага чалавечага гора і адначасова страшным, але бясцэнным урокам для будучых пакаленняў. Сёння мы схіляемся перад адвагай і самаахвяраваннем ліквідатараў. Гэтыя людзі, не думаючы пра ўласнае жыццё, пайшлі ў эпіцэнтр бяды, каб стрымаць распаўсюджанне радыяцыі і выратаваць мільёны жыццяў. Мы памятаем і тых, хто вымушаны быў пакінуць свае дамы. Для іх гэта не проста аварыя, а асабістая трагедыя. Перасяленцы, якія страцілі родную зямлю, але захавалі годнасць і сілу духу, таксама частка нашай агульнай гісторыі. Успамінаючы гэту страшную катастрофу, мы не толькі аддаём даніну павагі мінуламу – мы гаворым пра сучаснае і задумваемся пра будучае. Няхай памяць пра чарнобыльскую аварыю служыць для нас важным напамінам аб каштоўнасці кожнага чалавечага жыцця. Вечная памяць загінулым, нізкі паклон ліквідатарам.

Вадзім Бялятка і ваенны камісар Дзятлаўскага раёна Аляксандр Бургун уручылі землякам – удзельнікам ліквідацыі нагрудныя знакі за заслугі ў пераадоленні наступстваў катастрофы на Чарнобыльскай АЭС.

Памяць тых, каго забрала гэтая страшная аварыя, ушанавалі хвілінай маўчання. Кранальныя песні, маналогі выканалі Наталля Бузук, Анастасія Лагуцік, Максім Маліноўскі, Таццяна Дудкіна, Ала Чарняўская, Аляксандр Баклушын, Сяргей Малышчык.

Час даказаў: Чарнобыль – гэта не толькі дзень катастрофы. Гэта ўрок чалавечай адказнасці, мужнасці і неверагоднай любові да сваёй зямлі. Няхай гэты дзень стане для кожнага з нас момантам цішыні і падзякі. Мы ганарымся героямі і абяцаем берагчы гэты свет, каб над нашымі дамамі ніколі не паднімаўся попел трывогі.

Святлана ГРЫШЫНА

Подписывайтесь на телеграм-канал «Дятлово ОНЛАЙН» по короткой ссылке @gazeta_peramoga

Похожие публикации