Як працавалі, што гатавалі і якія танцы танцавалі нашы продкі? Аб гэтым школьнікі горада Дзятлава даведаліся на інтэрактыўнай пляцоўцы раённага Цэнтра культуры і народнай творчасці “Залатая спадчына – дзецям” у рамках рэалізацыі ўсебеларускага праекта “Кожная пятніца – роднае, сваё”.
Вядучыя мерапрыемства, гасцінныя гаспадыні Ала Чарняўская і Марына Варган запрасілі дзяцей дакрануцца да рамёстваў і традыцый Дзятлаўшчыны праз знаёмства з народнымі майстрамі раёна.

Майстар-кераміст Анатоль Кардаш, які прывёз з сабою не толькі ўласныя вырабы, але і ганчарны круг, паказаў дзецям, як ва ўмелых руках можа ажываць гліна. Удзельнікі сустрэчы атрымалі ад яго не толькі ўрок ганчарства, але і сувеніры, якія самі вырабілі.
Майстар па вышыўцы з Новаяльнянскага дома культуры Таццяна Загорцава падзялілася сваёй гісторыяй і расказала, што ў нашых продкаў вельмі цаніліся вышытыя сваімі рукамі ручнікі: у іх захіналі немаўлят, калі яны з’яўляліся на свет, а таксама тых, каго праводзілі ў свет іншы.




Разам з загадчыцай аддзела традыцыйнага мастацтва і рамёстваў Валянцінай Гнаінскай малеча вучылася ткаць кросны і вырабляць традыцыйныя дзятлаўскія паясы, якія ў тым ліку выкарыстоўваюцца ў правядзенні народнага абрада “Юр’е”, які з’яўляецца аб’ектам нематэрыяльнай культурнай спадчыны Гродзенскай вобласці.





Марына Лотыш, якая валодае традыцыйнымі мастацтвамі і рамёствамі, паказала навучэнцам тэхніку прадзення на калаўроце і падарыла на памяць ніткі-абярэгі.




Пагуляць у народныя гульні, станцаваць традыцыйныя танцы і паспяваць беларускія песні юных гасцей мерапрыемства запрасілі ўдзельнікі народнага тэатра-студыі гульні “Суседзі”. Разам з імі навучэнцы даведаліся, што такое вілы, верацяно і дзе знаходзіцца прыпечак, паспрабавалі ўсё гэта правільна выкарыстоўваць.










Смачны прыпынак атрымаўся ў гасцёўні Ганны Харлінскай і Таццяны Палуносік, якія не толькі расказалі пра другі аб’ект нематэрыяльнай спадчыны – дранікі (аладкі, дзеруны), але і пачаставалі дзяцей і дарослых самымі рознымі відамі гэтых прысмакаў, нават гарачымі толькі з патэльні.








Ад народнага хлебапёка Марыны Ажахоўскай з Новаяльнянскага дома культуры дзеці даведаліся, як доўга гатуецца натуральны хлеб і чым ён карыснейшы за магазінны. Яны ахвотна пачаставаліся свежым прадуктам і падзяліліся з сябрамі.





Кожны, хто ў гэты дзень сустрэўся з жывой народнай творчасцю, пакінуў у сябе нямала ведаў і станоўчых уражанняў, а арганізатары паабяцалі, што такія сустрэчы майстроў з дзецьмі і моладдзю стануць традыцыйнымі.
Наталля АВЯРЧУК
Подписывайтесь на телеграм-канал «Дятлово ОНЛАЙН» по короткой ссылке @gazeta_peramoga