У маляўнічай вёсцы Горка Дзятлаўскага раёна ў 1946 годзе нарадзіўся чалавек, чый жыццёвы шлях стаў прыкладам працавітасці, вернасці роднай зямлі і глыбокай духоўнасці, – Іван Кунаш. Сектар нестацыянарнага абслугоўвання насельніцтва раённага Цэнтра культуры і народнай творчасці наведаўся ў госці да юбіляра, каб павіншаваць з 80-годдзем, а землякоў пазнаёміць з гэтым цікавым і жыццярадасным чалавекам.

Бацькі Івана Мікалаевіча ўсё жыццё працавалі ў калгасе. Маці была паляводам, а бацька прайшоў цяжкімі дарогамі Вялікай Айчыннай вайны: дайшоў да Кёнігсберга, двойчы быў паранены. Вайна пакінула след у яго здароўі, але не зламала дух – ён заўсёды заставаўся ўдзячным Богу за падараванае жыццё. У пасляваенныя гады працаваў санітарам, а затым – у калгасе.

Нялёгкім было дзяцінства Івана. У сям’і перажылі цяжкую страту: дзве сястрычкі ў ваенны час памерлі ад менінгіту, а пазней не стала і малодшай сястры Марыі. Боль ад гэтых трагедый назаўсёды застаўся ў сэрцах родных. Аднак вытрымаць выпрабаванні дапамаглі вера, малітва і ўзаемная падтрымка.

– Асаблівую ролю ў жыцці нашай сям’і адыгрывала духоўнасць, – гаворыць дачка Святлана. – Бацька прыклаў значныя намаганні, каб вярнуць у храм іконы, вывезеныя ў час, калі царква была закрыта і выкарыстоўвалася як зернесклад. Дзякуючы веры і адзінству аднавяскоўцаў на могілках была ўзведзена капліца, дзе ў святы збіраюцца людзі на малітву. Пасля адкрыцця храма тата прыслужваў у ім, а мама ніколі не пачынала і не заканчвала дзень без шчырай малітвы.

– З малых гадоў я спасцігаў каштоўнасць працы. Уласная гаспадарка патрабавала штодзённага клопату, таму з дзяцінства дапамагаў бацькам, прывучаўся да адказнасці і стараннасці, – расказвае юбіляр. – Атрымаўшы сярэднюю адукацыю ў роднай вёсцы, я выбраў прафесію шафёра, якую асвоіў у Гродне. У 1965 годзе быў прызваны ў рады Савецкай арміі. Служыў ва Украіне – у Адэсе, Катоўску, Хмяльніцкай вобласці, дзе займаў пасаду намесніка камандзіра транспартнага ўзвода.

Сваё асабістае шчасце знайшоў на роднай зямлі. З будучай жонкай, Нінай Віктараўнай, пазнаёміўся падчас водпуску. Хутка мы стварылі нашу моцную, надзейную сям’ю.

Усё працоўнае жыццё Івана Мікалаевіча звязана з родным калгасам, дзе ён працаваў шафёрам. Яго добрасумленнасць, адказнасць і адданасць справе былі высока ацэнены: у 1986 годзе ён узнагароджаны ордэнам Працоўнай славы, заносіўся на Дошку гонару, быў членам праўлення гаспадаркі. На заслужаны адпачынак выйшаў у 60 гадоў.

Актыўная жыццёвая пазіцыя не згасла і на пенсіі. У 2008 годзе Івана Мікалаевіча выбралі старастам вёскі. За значны ўклад у развіццё мясцовага самакіравання і грамадскага жыцця ён адзначаны падзячнымі лістамі раённага кіраўніцтва.

Асаблівы гонар і радасць яго жыцця – вялікая і дружная сям’я: чацвёра дзяцей, васьмёра ўнукаў і дзве праўнучкі. Дзеці знайшлі сваё месца ў жыцці, працуюць у розных гарадах, але захоўваюць цёплую сувязь з бацькоўскім домам. Унукі ўжо ствараюць уласныя сем’і, а праўнучкі дораць дзядулю і бабулі асаблівую радасць і цеплыню.

Штодзённыя званкі, сустрэчы, сумесныя святы – усё гэта сведчыць пра моц сямейных сувязяў. Традыцыйна на Каляды і Вялікдзень вялікая сям’я збіраецца ў роднай вёсцы, дзе жыве памяць, любоў і еднасць пакаленняў. І свой 80-гадовы юбілей Іван Мікалаевіч таксама сустрэў з самымі блізкімі і дарагімі людзьмі.

Ён і сёння з удзячнасцю глядзіць на пражытыя гады, дзякуючы Богу за жыццё, сям’ю і за ўсіх людзей, якія сустракаліся на яго шляху і напаўнялі яго сэнсам.

Святлана ГРЫШЫНА

Подписывайтесь на телеграм-канал «Дятлово ОНЛАЙН» по короткой ссылке @gazeta_peramoga

About Author
administrator
View All Articles

Похожие публикации