Свой сямідзясяты, юбілейны дзень нараджэння адзначыў брыгадзір вытворчай брыгады ў жывёлагадоўлі ТАА “РоданАграПол” Пётр Бараноўскі. Паўстагоддзя ён прысвяціў рабоце ў сельскай гаспадарцы раёна.

Павіншаваць імянінніка з гэтай адметнай падзеяй на МТК “Падвялікае”, якім загадвае Пётр Адамавіч, прыбылі старшыня раённай арганізацыі Беларускага прафсаюза работнікаў аграпрамысловага комплексу Уладзімір Казак, адміністрацыя і прафсаюзны камітэт ТАА “РоданАграПол”, да іх далучыліся работнікі комплекса, артысты сектара нестацыянарнага абслугоўвання насельніцтва раённага Цэнтра культуры і народнай творчасці.

Пётр Бараноўскі – шчыры працаўнік, добры спецыяліст, увесь працоўны шлях якога звязаны з адной арганізацыяй. У 1976 годзе ён прыйшоў у тагачасны калгас “Слава працы” пасля заканчэння Мінскага архітэктурна-будаўнічага тэхнікума, дзе атрымаў спецыяльнасць архітэктара-будаўніка. Ужо нямала гадоў ён узначальвае малочнатаварны комплекс “Падвялікае”, працуе тут з дружнай камандай прафесіяналаў. За гады працы ў сельскай гаспадарцы назапасіў вялікі багаж тэарэтычных і практычных ведаў, якімі ахвотна дзеліцца з малодшымі калегамі. У штодзённых справах – заўжды пунктуальны, арганізаваны і абавязковы, у побыце – просты і акуратны.
Пётр Адамавіч – узор сапраўднага сем’яніна: разам з жонкай выхаваў у клопаце і любові пяцёра дзяцей, трое з якіх – прыёмныя.

Юбіляру пажадалі поспехаў у працы, высокіх вытворчых вынікаў, моцнага здароўя, сямейнага дабрабыту і доўгіх гадоў жыцця.
Наталля АВЯРЧУК
Фота прадастаўлены прафсаюзам АПК
Подписывайтесь на телеграм-канал «Дятлово ОНЛАЙН» по короткой ссылке @gazeta_peramoga
#нашелучшее #нашалепшае