У Год беларускай жанчыны сектар нестацыянарнага абслугоўвання насельніцтва раённага Цэнтра культуры і народнай творчасці працягвае сваё падарожжа па глыбінцы роднага краю, дзе знаёміцца з цікавымі, добрымі, мудрымі, працавітымі дзятлаўчанкамі. На першы погляд здаецца, што жыцці гэтых вяскоўцаў падобныя, але на самой справе ў кожнай з іх свой лёс – з радасцямі, вялікімі і маленькімі перамогамі і такімі ж выпрабаваннямі. Яны заўжды ветлівыя да гасцей, цікава слухаць іх расказы пра ранейшае жыццё землякоў, якое адрозніваецца ад сённяшняга, карысна запамінаць іх слушныя парады.

Адной з такіх цікавых субяседніц аказалася жыхарка вёскі Хадзяўляны Марыя Мелех. Вось які атрымаўся аповед яе жыцця:

– Нарадзілася я ў вёсцы Вензавец у сям’і сялян. Калі мне было пяць гадоў, памерла мама, а праз нейкі час бацька ажаніўся з іншай жанчынай. Мачыха да мяне адносілася вельмі добра. Бацька быў інвалідам, раненне ў нагу ў час вайны адбівалася на яго фізічных магчымасцях, таму мы імкнуліся як маглі дапамагаць яму па гаспадарцы. Неўзабаве ў сям’і нарадзіліся сястрычка і брат. Як старэйшай, мне даводзілася наглядаць і за малодшымі дзецьмі. Пасляваенны час быў цяжкі, пра жыццё ў дастатку не было і гаворкі, але мы жылі дружна, спакойна пераадольваючы ўсе жыццёвыя цяжкасці.

Калі я скончыла 7 класаў, бацька і мачыха вырашылі накіраваць мяне вучыцца на краўчыху да мясцовай умеліцы. Рамяство мне падабалася, я добра яго асвоіла і па гэтай спецыяльнасці стала працаваць у Вензавецкім доме быту. Работы ўвогуле ніколі не баялася і не цуралася нават самай цяжкай: была я і паштальёнам, і малаказборшчыцай, некалькі гадоў мыла на ферме халадзільнікі і вялікія ёмістасці для захоўвання малака.

У маладосці я была дзяўчынай сімпатычнай, і ў мясцовых юнакоў карысталася поспехам, але спадабаўся хлопец з Хадзяўлянаў, які прыехаў у нашу вёску ў госці да свайго сябра. Іван быў таксама сіратой, жыў з састарэлай мамай адзін. Неўзабаве мы распісаліся ў сельсавеце, зрабілі сціплае вяселле, і я пераехала жыць да мужа.

Бацькоўскі дом Івана быў вельмі стары, і мы вырашылі будаваць новы. Выпіскай і дастаўкай матэрыялаў прыйшлося займацца больш мне, таму што свякроў была хворай, а муж не заўсёды мог прымаць удзел у будаўнічых працэсах, бо працаваў на трактары ў калгасе без выхадных. Але нашымі намаганнямі, дзякуючы дапамозе сваякоў і суседзяў дом быў пабудаваны.

Гаспадарку заўсёды мы трымалі вялікую, і практычна ўся хатняя праца была на маіх плячах, але я не крыўдую на свой лёс. Па жыцці заўсёды побач са мной былі добрыя людзі – і родныя, і суседзі, якія ніколі не адмаўлялі ў дапамозе.

Вялікай радасцю для нас з мужам стала нараджэнне доўгачаканай дачкі Святланы. Цяпер яна са сваёй сям’ёй жыве ў Дзятлаве, але часта мяне наведвае, дапамагае спраўляцца з бытавымі клопатамі. Ганаруся поспехамі маіх унукаў Мікіты і Кірыла. Цесную сувязь трымаю з братам Віктарам і сястрой Міраславай. Вельмі моцна люблю сваіх родных, кожны дзень у сваіх малітвах прашу Госпада, каб абараняў іх ад хвароб і зла. Удзячная дзяржаве за тое, што яна не пакідае нас, старых, без увагі. А ўсім маладым жадаю здароўя, шанаваць і берагчы адзін аднаго, і няхай будзе мір на Зямлі.

Святлана ГРЫШЫНА

Подписывайтесь на телеграм-канал «Дятлово ОНЛАЙН» по короткой ссылке @gazeta_peramoga

#годбелорусскойженщины

Похожие публикации