Якая яна жанчына-творца, што яе хвалюе, натхняе, вядзе па жыцці? З таленавітымі дзятлаўчанкамі ў Год беларускай жанчыны чытачоў газеты “Перамога” знаёміць праект “Жамчужыны зямлі Дзятлаўскай”. На гэты раз у цэнтры ўвагі педагог Дзятлаўскай дзіцячай школы мастацтваў Жанна Лукашэня.

У Дятлаўскім гісторыка-краязнаўчым музеі ладзіцца выстава Жанны Вячаславаўны “Пішу, што хвалюе”, прысвечаная жанчынам.

– Першапачаткова не ведала, што мая персанальная выстава будзе праходзіць у Год беларускай жанчыны, бо запланавалі яе з дырэктарам музея Веранікай Паўлоўскай, калі экспанаваліся работы маіх вучняў з нагоды Нараджэння Хрыстова. На той час ведала толькі, што падзея прыпадзе на сакавік 2026 года. Шчасліва супала, што адкрыццё адбылося 6-га, напярэдадні Міжнароднага жаночага дня, ды яшчэ і ў год, прысвечаны суайчынніцам, карціны таксама падабраліся так, што на іх пераважна жанчыны, кветкі, птушкі, поры года. У час адкрыцця экспазіцыі Анатоль Кардаш і іншыя наведвальнікі адзначалі, што ў работах шмат паветра, радасці, святла, цеплыні, вясенняга настрою, натхнення, – прызналася аўтар.

Для выставы Жанна Лукашэня пастаралася выбраць карціны, створаныя ў розных тэхніках. Сярод іх адна з новых – джэлі-арт, якую сустрэла на прасторах інтэрнэту. Малюнкі робяцца на мяккіх гелевых (жэлейных) пласцінах, куды наносіцца фарба і адбіваюцца расліны. Працэс складаны, капрызны, але цікавы.        

– Мне вельмі захацелася стварыць некалькі такіх работ, – расказала Жанна Вячаславаўна. – Натхняльніцай была сяброўка Алена Абрамчык, у якой вялікі сад і шмат кветах – шырокая прастора для творчасці. Яна з задавальненнем прапанавала мне выбраць любыя расліны, якія падабаюцца. У выніку атрымаліся работы “Лета”, “Букет палявых кветак”.

Яшчэ адна тэхніка – манатыпія. Калі на шкле ці пластыку робіцца адбітак, а вобраз дамалёўваецца каляровымі алоўкамі, сухой пастэллю. Наогул, Жанна Лукашэня вельмі любіць “міксаваць” тэхнікі. Напрыклад, для работы “Ціхім поступам царыцы ідзе вясна” выкарыстоўваліся акварэль, аловак, туш. Ёсць карціны выключна ў тэхніцы акварэлі, якую аўтар любіць за цякучасць, лёгкасць, празрыстасць. Сярод сюжэтаў шмат кветак, матылькоў, пораў года.

Яшчэ адзін спосаб перадачы зямной прыгажосці – выпальванне па дрэве ў суаўтарстве з Уладзімірам Андрукевічам. Ён рыхтаваў асновы для будучых малюнкаў: мачыў дошчачкі ў вадзе з содай, прапускаў праз раствор электрычнасць. Узоры, якія застаюцца ад гэтага, падобныя на галінкі дрэваў. Жанна Вячаславаўна алейнымі фарбамі дапрацоўвае падобныя кампазіцыі. Так з’явіліся “Захад” і “Марозная раніца”.

Асобную нішу ў экспазіцыі займаюць размаляваныя камяні. Іх мастачка прывезла з малой радзімы – Краснасельскіх крэйдавых кар’ераў. Гэта крэмній, які прыродна мае прыгожы малюнак. Часам аўтару застаецца толькі крыху дапрацаваць сюжэт акрылавымі фарбамі і нанесці празрысты лак. Кожны такі каменьчык – мініяцюра з уласным характарам. 

Шмат экспанаваных работ створаны мастачкай, калі яна была ў водпуску па доглядзе сына Максіма.

– Падобныя работы нарадзіліся ў гадзіны шчасця і кахання, пакуль сынок спаў у калясцы, – дзеліцца самым шчырым зямлячка. – Калі матуля шчаслівая, спакойная і адчувае падтрымку блізкіх, то яна натхнёная і стварае. Вучу сваіх вучняў знаходзіць і “лавіць” падобныя пачуцці і стан душы. Неабходна зразумець, што цябе натхняе, вядзе наперад. Мяне звычайна акрыляюць новыя знаёмствы, падарожжы, эмоцыі ад прыемных падзей. Карціна “Духмяны водар лугоў” – вынік падобнага ўнутранага палёту. Яшчэ вельмі люблю вымалёўваць дэталі, бо гэта супакойвае, ратуе ад паўсядзённай мітусні, пагружае амаль у стан медытацыі.

Калі Жанна Вячаславаўна разважае пра вобраз жанчыны ў сваёй творчасці, то не збіраецца ставіць кропку на тым, што зроблена. У Год беларускай жанчыны мяркуе стварыць вобразы філасофскіх, глыбокіх гераінь. Хутчэй за ўсё, па-ранейшаму будзе звяртацца да тэмы мацярынства, якая таксама знайшла ўвасабленне ў карцінах. Цяпер на іх пераважаюць лірычныя асобы, упрыгожаныя кветкамі, натхнёныя, крыху падобныя на саму мастачку, калі да яе прыходзіць муза.

– Люблю работу, бацькоў, вучняў і бачу ў іх свой працяг, – пераканана Жанна Лукашэня. – Дзеці, з якімі займаюся малюнкам, неаднаразова былі прызёрамі абласных, рэспубліканскіх, міжнародных конкурсаў і пленэраў. Я радуюся іх шчаслівым вачам, адчуваю аддачу. На занятках стараюся прывіваць мэтанакіраванасць, працавітасць, без якой не будзе вынікаў. Неабходна любіць сваю справу, развівацца ў ёй. Акрамя педагагічнай дзейнасці, стараюся “расці” як мастак, шмат чытаю, гляджу тэматычныя праграмы. Магчыма таму, калі на адкрыцці экспазіцыі віншавала жанчын, то, акрамя здароўя і невычэрпнай энергіі, якіх ад прадстаўніц прыгожай паловы чалавецтва цяпер патрабуе час, пажадала ім быць акрыленымі, як гераіня маёй аднайменнай карціны. Стан гэты я разумею як лёгкасць, натхнёнасць, калі хочацца тварыць. Цяжкасцяў у жыцці шмат, нам важна навучыцца іх пераадольваць. Пажадала таксама ўдасканальвацца ў прафесіяналізме, прыносіць карысць людзям, “гарэць” сваёй справай, не заставацца абыякавымі і быць на пазітыве, бо жанчына нясе ў зямное жыццё прыгажосць і пяшчоту. 

Ірына СТЫРНІК

Подписывайтесь на телеграм-канал «Дятлово ОНЛАЙН» по короткой ссылке @gazeta_peramoga

#нашелучшее #нашалепшае #годбелорусскойженщины

Похожие публикации