Падведзены вынікі штогадовага абласнога конкурсу “Аптэка года-2025” Гродзенскага РУП “Фармацыя”. Два дыпломы за першае месца “прыехалі” на Дзятлаўшчыну.
Сярод цэнтральных раённых аптэк лідарам года стала цэнтральная раённая аптэка № 55 Дзятлаўскага раёна (загадчыца Лідзія Баравік), сярод аптэк трэцяй-пятай катэгорыі, якія знаходзяцца ў гарадскіх пасёлках і сельскай мясцовасці, – аптэка № 71 гарадскога пасёлка Наваельня (загадчыца Таццяна Жыдко). Яшчэ адна ўзнагарода – дыплом за трэцяе месца па выніках агляду-конкурсу на лепшую арганізацыю работы па ахове працы ў 2025 годзе сярод цэнтральных раённых і цэнтральных міжраённых аптэк – таксама заваявана цэнтральнай раённай аптэкай № 55 Дзятлаўскага раёна (за кірунак адказвае намеснік загадчыка Алена Бужынская).
– Конкурс “Аптэка года” – штогадовы, па выніках 2021-га мы таксама былі яго лаўрэатамі, – расказала Лідзія Баравік. – Ацэньваюцца многія крытэрыі, сярод якіх рэнтабельнасць, рост вытворчасці працы, доля рэалізаваных лекавых прэпаратаў айчыннай вытворчасці, адсутнасць грубых парушэнняў па кірунках дзейнасці, наяўнасць аптэк, якія знаходзяцца на поўным забеспячэнні, і адрасоў рознічнай рэалізацыі, добраўпарадкаванне, адкрыццё аптэк і перавод іх у новыя памяшканні, наяўнасць катэгорый у спецыялістаў, іншыя.
Асноўнай задачай аптэчнай сеткі Дзятлаўскага раёна з’яўляецца наяўнасць шырокага асартыменту ўсіх аптэчных тавараў, поўнае і своечасовае забеспячэнне імі насельніцтва і ўстановаў раёна. У яе асартыментным партфелі ёсць шырокі выбар вырабаў медыцынскага прызначэння, БАДаў, парафармацэўтыкі, мінеральных водаў, касметыкі, іншых груп таварнай прадукцыі.
У 2025 годзе аптэкі раёна стараліся максімальна забяспечыць лекамі і вырабамі медпрызначэння жыхароў тых населеных пунктаў, дзе працуюць ФАПы і амбулаторыі і няма аптэк – гэта так званыя адрасы рознічнай рэалізацыі медыкаментаў медыцынскімі работнікамі дзяржаўных установаў аховы здароўя (ФАПаў і амбулаторый). Падобны від паслуг вельмі важны для пенсіянераў і пажылых вяскоўцаў, якім цяжка дабірацца да райцэнтра.

Пры ўсіх фінансавых цяжкасцях і імкненні да павелічэння тавараабароту як асноўнай крыніцы сродкаў для росту і развіцця не забывалі нашы аптэчныя работнікі і пра неабходнасць падтрымання ва ўстановах належнага фармпарадку. Патрабаванні сістэмы забеспячэння якасці на Гродзенскім РУП “Фармацыя” распрацаваны і ўкаранёны, з’яўляюцца абавязковымі для ўсіх работнікаў прадпрыемства, уключаюць фармацэўтычнае кансультаванне насельніцтва і медыцынскіх работнікаў.
– Сярод крытэрыяў ацэнкі быў такі, як добраўпарадкаванне. Што ў Год добраўпарадкавання памянялася да лепшага ў аптэчнай сетцы раёна?
– У 2025 годзе супрацоўнікамі групы па рамонце і тэхнічнай эксплуатацыі будынкаў Гродзенскага РУП “Фармацыя” праведзены поўны рамонт памяшканняў аптэкі № 208 (санаторый “Радон”), аптэка № 127 аграгарадка Гезгалы пераведзена ў новае памяшканне, абедзве гэтыя ўстановы забяспечаны сучаснай мэбляй.
На працоўных месцах рэцэптараў у цэнтральнай раённай аптэцы № 55 і падведамаснай аптэчнай сетцы праведзена замена персанальных камп’ютараў на сучсаныя монаблокі, устаноўлены праграмныя касы (чэк-прынтары). Сучасныя інтэр’еры і абсталяванне, укараненне камп’ютарных тэхналогій, высокапрафесійная праца дазволілі выйсці на новы ўзровень якасці і даступнасці лекавай дапамогі.
– За дасягненнямі заўжды стаяць людзі.
– Безумоўна, узнагароды і прызавыя месцы – гэта вынік стараннай і плённай работы калектываў нашых аптэк. У цэнтральнай раённай аптэцы № 55 і падведамаснай аптэчнай сетцы працуюць 28 чалавек, сярод якіх 7 правізараў (у тым ліку два маладыя спецыялісты, якія прыйшлі ў 2024 і 2025 гадах) і 11 фармацэўтаў (у тым ліку два маладыя спецыялісты, якія прыйшлі ў 2025 годзе), два работнікі бухгалтэрыі, варта таксама адзначыць, што ў нас стопрацэнтная катэгарыйнасць фармацэўтычнага персаналу. У калектыве цэнтральнай раённай аптэкі № 55 Дзятлаўскага раёна працуюць людзі з важкім прафесійным і жыццёвым вопытам, якім яны дзеляцца з маладым пакаленнем фармацэўтычных работнікаў. Загадчыца аптэкі № 62 Ларыса Бялятка прысвяціла аптэчнай справе больш за 52 гады, яна “Выдатнік аховы здароўя Рэспублікі Беларусь”, а ўзначальваемая ёй установа неаднойчы была пераможцай абласнога конкурсу “Аптэка года”. У загадчыцы аптэкі № 71 гарадскога пасёлка Наваельня Таццяны Жыдко за плячыма 48 гадоў прафесійнага стажу і таксама званне “Выдатнік аховы здароўя Рэспублікі Беларусь”. Праца аптэчных работнікаў з гадамі становіцца ўсё больш складанай. Каб годна спраўляцца ва ўмовах жорсткай канкурэнцыі, неабходна нямала сіл, часу, а галоўнае – прафесіяналізму і жадання.
Карыстаючыся магчымасцю, адрасую словы ўдзячнасці калектыву дзяржаўнай аптэчнай сеткі Дзятлаўскага раёна за плённую работу ў 2025 годзе. Віншую ўсіх з заслужанымі ўзнагародамі і заклікаю сабрацца і не менш паспяхова працаваць. Жадаю ўсім здароўя, аптымізму, дабрабыту і поспехаў у высакароднай і гуманнай справе, няхай самай высокай заслужанай узнагародай для вас будуць людское прызнанне і павага.
Ірына СТЫРНІК
Подписывайтесь на телеграм-канал «Дятлово ОНЛАЙН» по короткой ссылке @gazeta_peramoga
#нашелучшее #нашалепшае #годбелорусскойженщины