У рэдакцыю газеты “Перамога” па тэлефоне звярнулася чытачка з рэакцыяй на адзін з матэрыялаў выдання і пытаннем на злобу дня.
– Неаднаразова чытала на старонках газеты артыкулы пра рэйды ДАІ, калі на аўтамабільнай стаянцы без дазволу займалі месцы для інвалідаў. У мяне адбылася адваротная сітуацыя: я сама маю інваліднасць, складана перамяшчацца пешшу. Таму на таксі ехала ў паліклініку, аднак на КПП аўтамабіль не прапусцілі на тэрыторыю ўстановы аховы здароўя, каб даехаць да ганка. Дзе тут справядлівасць?
На пытанне адказвае намеснік галоўнага доктара Дзятлаўскай ЦРБ Алена Якубоўская:

– Перасячэнне кантрольна-прапускнога пункта на транспарце пацыентамі з абмежаванай транспартабельнасцю – звычайная практыка. Гэта тычыцца не толькі інвалідаў, але і людзей з траўмамі. Як правіла, пры звароце да дзяжурнага ажыццяўляецца доступ такіх грамадзян на тэрыторыю ўстановы, а таксама іх родных, якія, напрыклад, забіраюць пацыентаў з бальніцы або паліклінікі на машыне (у тым ліку, таксі). Сітуацыя, у якой, па-словах грамадзянкі, былі парушаны яе правы, патрабуе індывідуальнага разгляду. Просім звярнуцца ў адміністрацыю Дзятлаўскай ЦРБ і падрабязна апісаць інцыдэнт з указаннем даты, калі ён здарыўся. Мы правядзём службовае расследаванне, прагледзім запісы відэакамеры з КПП і, калі парушэнне сапраўды ёсць, прыцягнем да адказнасці вінаватых.
Наталля АВЯРЧУК
Подписывайтесь на телеграм-канал «Дятлово ОНЛАЙН» по короткой ссылке @gazeta_peramoga