Хто сярод школьнікаў 10-12 гадоў Дзятлаўшчыны з’яўляецца самым дысцыплінаваным на вуліцах і дарогах, высвятлялі ў час раённай алімпіяды па веданні правілаў дарожнага руху, якая прайшла на базе сярэдняй школы № 3 горада Дзятлава імя І. Ю. Філідовіча. Арганізатарамі конкурсу выступілі міжраённы аддзел ДАІ Слонімскага РАУС і аддзел адукацыі Дзятлаўскага райвыканкама.













Праграма алімпіяды ўключала тэарэтычны экзамен на веданне Правілаў дарожнага руху, у ходзе якога ўдзельнікам за 15 хвілін неабходна было даць адказы на дзесяць пытанняў білета. Варта адзначыць, што ўсе навучэнцы справіліся з заданнямі нашмат раней, паказалі дастаткова добрыя веды.

– Дзякуй за ўдзел у алімпіядзе, прыемна бачыць, што вы сапраўды стараліся, у параўнанні з мінулым годам памылак стала менш, а колькасць правільных адказаў павялічылася. Гэта значыць, што наша работа праводзіцца не дарэмна. Жадаю вам поспехаў і надалей, – падвёў вынікі конкурсу дзяржаўтаінспектар міжраённага аддзела ДАІ Аляксей Ярмак і ўручыў узнагароды.

Пераможцаў вызначалі па трох намінацыях: сярод хлопчыкаў, дзяўчынак і каманд. Дыпломы першай ступені атрымалі: Марыя Жалнерчык і Назар Грыцук (СШ № 1 горада Дзятлава імя А. М. Чурылы) і каманда гэтай жа школы; другой ступені – Вікторыя Аўгусціновіч (Круцілавіцкая БШ), Мікіта Лічык (гімназія № 1 горада Дзятлава), каманда Круцілавіцкай БШ; трэцяй ступені – Арына Васілько (СШ № 3 горада Дзятлава імя І. Ю. Філідовіча), Яраслаў Агурцоў (Гезгалаўская СШ імя М. І. Нядзеліна), каманда СШ № 3 горада Дзятлава імя І. Ю. Філідовіча.









Святлана ГРЫШЫНА
Подписывайтесь на телеграм-канал «Дятлово ОНЛАЙН» по короткой ссылке @gazeta_peramoga