На Дзятлаўшчыне падвялі вынікі работы сістэмы адукацыі раёна ў 2025 годзе.

Пасяджэнне пад кіраўніцтвам начальніка аддзела адукацыі райвыканкама Марыны Лашкоўскай прайшло ў гімназіі № 1 горада Дзятлава.


Пачалося яно са знаёмства з лепшым метадычным і практычным вопытам. У гімназіі прэзентавалі работу кабінета хіміі, укамплектаванага ў 2019 годзе, дзе дзякуючы мэтанакіраванай рабоце настаўніка Мікалая Губко навучэнцы дабіваюцца высокіх вынікаў у алімпіядным руху, былі прадстаўлены і дасягненні ўстановы ў рамках супрацоўніцтва з Асацыяцыяй школ Расійскай Федэрацыі і Рэспублікі Беларусь. Вынікамі ад удзелу ў конкурсах, праектах, уласнымі метадычнымі напрацоўкамі падзяліліся і расказалі аб дзейнасці тэхнічных і творчых лабараторый, валанцёрскіх арганізацый педагогі Гезгалаўскага і Новаяльнянскага дзіцячых садоў, Новаяльнянскай сярэдняй школы імя А. А. Шаўчук, сярэдняй школы № 3 горада Дзятлава імя І. Ю. Філідовіча, Казлоўшчынскай сярэдняй школы, раённага цэнтра дадатковай адукацыі дзяцей і моладзі, які з’яўляецца апорнай пляцоўкай рэспубліканскага ўзроўню, таксама свой вопыт прадставіла настаўніца Дварэцкай сярэдняй школы Марына Ігнацік.























Абагульняючы вынікі дзейнасці сферы ў 2025 годзе, Марына Лашкоўская зазначыла, што работа была скіравана на павышэнне якасці і даступнасці адукацыі, узмацненне эфектыўнасці выхаваўчай работы. Летась забяспечана рэалізацыя мэтавых паказчыкаў і выканання мерапрыемстваў у рамках падпраграмы “Адукацыя і моладзевая палітыка на 2021-2025 гады”. У цэнтры ўвагі былі задачы пяцігодкі, мерапрыемствы Года добраўпарадкавання, праекты да 80-годдзя Перамогі савецкага народа ў Вялікай Айчыннай вайне.

Сёння ў раёне функцыянуе сем установаў дашкольнай адукацыі, дзе працуе 41 група з рэжымам знаходжання 10,5 гадзіны і 15 – з кароткачасовым знаходжаннем, а ў сакавіку ў дзіцячым садзе № 2 горада Дзятлава адкрыецца група для дзяцей да двух гадоў. Праблем з месцамі для выхаванцаў няма.

У агульнай сярэдняй адукацыі прыярытэтам застаецца яе якасць. Нягледзячы на трэцюю пазіцыю ў вобласці па арганізацыі работы і сур’ёзныя ўкладанні на ўмацаванне матэрыяльна-тэхнічнай базы, увагу яшчэ трэба звярнуць на павышэнне ўзроўню навучанасці школьнікаў, а таксама забяспечанасць сродкамі навучання. Павысіліся ў 2025 годзе вынікі абласных прадметных алімпіяд, дзятлаўчане будуць прадстаўляць Гродзеншчыну і на рэспубліцы, а 15 нашых маладых землякоў у мінулым годзе прайшлі навучанне ў Беларускім дзіцячым тэхнапарку. Варта і надалей прадоўжыць работу з адоранымі і высокаматываванымі навучэнцамі, а таксама па прафарыентацыі і профільным навучанні, павышэнні ўзроўню падрыхтоўкі да ЦЭ і ЦТ.
У сферы спецыяльнай адукацыі заняты 409 навучэнцаў, сярод якіх 52 дзіцяці-інваліды. Парадавала, што калектыў Дзятлаўскага раённага цэнтра карэкцыйна-развіваючага навучання і рэабілітацыі стаў пераможцам рэспубліканскага агляду-конкурсу да Года добраўпарадкавання сярод установаў спецыяльнай адукацыі ў намінацыі “Эстэтыка тэрыторыі ўстановы”.

Закранула Марына Лашкоўская і такія тэмы, як падрыхтоўка да летняга аздараўлення школьнікаў, прафілактыка суіцыдальных паводзінаў дзяцей, абарона правоў і законных інтарэсаў непаўналетніх, іншыя.
Адзначыла, што ў галіне заняты сёння 324 педагагічныя работнікі, шэсць установаў адукацыі раёна працуюць у інавацыйным рэжыме.

Рахункуючы вынікі, начальнік аддзела адукацыі райвыканкама падзякавала педагогам за плённую работу і абазначыла задачы надалей. Нязменнымі сярод іх застаюцца работа над павышэннем якасці падрыхтоўкі навучэнцаў, умацаванне матэрыяльнай базы, развіццё прафарыентацыі, ажыццяўленне прафілактыкі, забеспячэнне галіны кваліфікаванымі кадрамі, іх замацаванне. У цэлым работа ў новай пяцігодцы будзе скіравана на рэалізацыю патрабаванняў дзвюх праграм – “Беларусь інтэлектуальная” і “Праграма сацыяльна-эканамічнага развіцця”.

Прыемным момантам стала ўзнагароджанне за лепшую арганізацыю работы ва ўстановах раёна. Сярод дашкольных установаў адукацыі лепшым стаў Гезгалаўскі дзіцячы сад, на другой пазіцыі Новаяльнянскі, на трэцяй – дзіцячы сад № 1 горада Дзятлава. Сярод установаў адукацыі другой падгрупы, якія рэалізуюць праграмы агульнай сярэдняй і дашкольнай адукацыі, у тройцы лідараў Вензавецкая базавая, Хвінявіцкая сярэдняя і Круцілавіцкая базавая школы. Сярод установаў адукацыі першай падгрупы, якія рэалізуюць праграмы агульнай сярэдняй адукацыі, – гімназія № 1 горада Дзятлава, Казлоўшчынская сярэдняя і Новаяльнянская сярэдняя школа імя А. А. Шаўчук.









Ірына СТЫРНІК
Подписывайтесь на телеграм-канал «Дятлово ОНЛАЙН» по короткой ссылке @gazeta_peramoga
#нашелучшее #нашалепшае