У Доме прэсы прэзентавалі кнігу “Разам! Вялікая Перамога!”, падрыхтаваную выдавецтвам “Беларусь” пры падтрымцы Міністэрства інфармацыі. Выданне прымеркавана да 85-годдзя пачатку Вялікай Айчыннай вайны і адлюстроўвае ўклад народаў былога СССР у барацьбу супраць нацызму.

Сваім меркаваннем аб новым выданні падзялілася дырэктар Дзятлаўскага гісторыка-краязнаўчага музея Вераніка Паўлоўская:
– Праз больш чым 80 гадоў з дня Вялікай Перамогі тэма памяці аб Вялікай Айчыннай вайне не губляе сваёй актуальнасці ў сучасным грамадстве і навуковым свеце. Яшчэ адно пацвярджэнне гэтага – новая кніга аб сумеснай барацьбе савецкага народа супраць фашызму. Супрацьстаянне карычневай чуме аб’яднала ў адзіным фронце розныя народы былога СССР, змаганне на Дзятлаўшчыне таксама мае яскравыя інтэрнацыянальныя рысы. Зусім нядаўна, у Дзень абаронцаў Айчыны мы ўшаноўвалі памяць Герояў Савецкага Саюза – латыша Яна Фогеля і рускага Паўла Пятрова, якія ўдзельнічалі ў вызваленні Дзятлава. Шэраг вуліц горада і раёна носіць імёны салдат і партызанскіх камандзіраў, якія паказалі ўзор мужнасці і гераізму ў гады Вялікай Айчыннай вайны, большасць з іх – рускія, такія як Васіль Пішчулін, Пётр Макараў, Аляксей Жолабаў.

Свята шануючы іх подзвіг, мы ўдзячныя за мірнае неба і магчымасць жыць у свабоднай квітнеючай краіне не толькі сваім землякам, але і прадстаўнікам братніх народаў, якія пастаялі за Беларусь на франтах вайны. Хацелася б, каб новае выданне з’явілася і на Дзятлаўшчыне, упэўнена, што ў ім мы адкрыем новыя, раней невядомыя старонкі мінулага.
Наталля АВЯРЧУК
Подписывайтесь на телеграм-канал «Дятлово ОНЛАЙН» по короткой ссылке @gazeta_peramoga
#нашелучшее #нашалепшае