На Дзятлаўшчыне ва ўстановах дашкольнай адукацыі стане больш груп для дзяцей да двух гадоў.
Пра гэта расказала метадыст раённага вучэбна-метадычнага кабінета Кацярына Гайдук:
– У Дзятлаўскім раёне ў кожным дзіцячым садзе ў райцэнтры і аграгарадках, школах, размешчаных у сельскай мясцовасці, працуюць рознаўзроставыя групы, якія наведваюць дзеці ад аднаго да сямі гадоў.
На сайце аддзела адукацыі райвыканкама дзейнічае інтэрактыўная карта, дзе ў рэжыме рэальнага часу адлюстроўваецца інфармацыя аб наяўнасці свабодных месцаў у розных дзіцячых садах у такіх групах.
З 2 сакавіка на базе дзіцячага сада № 2 горада Дзятлава будзе функцыянаваць група ранняга ўзросту для дзяцей ад аднаго да двух гадоў. Згодна з Кодэксам аб адукацыі Рэспублікі Беларусь, напаўняльнасць такой групы ўстаноўлена ў саставе дзесяці выхаванцаў. Гэта аптымальнае колькасць дзяцей для забеспячэння індывідуальнага падыходу. Іх рэжым дня пабудаваны з улікам узроставых асаблівасцяў і прадугледжвае чаргаванне спакойных гульняў і актыўных заняткаў, абавязковыя прагулкі на свежым паветры, дзённы сон, цёплы і ўважлівы догляд.
Групы ранняга ўзросту – гэта першы крок маленькага чалавека ў вялікі свет пад чулым і клапатлівым кіраўніцтвам прафесіяналаў. У сельскай мясцовасці прадоўжаць сваю работу рознаўзроставыя групы, куды могуць быць залічаны самыя маленькія выхаванцы. Падрабязную інфармацыю аб камплектаванні груп, неабходных дакументах і парадку залічэння можна атрымаць у аддзеле адукацыі Дзятлаўскага райвыканкама па тэлефоне 6-78-57 (Кацярына Аляксандраўна Гайдук).
Ірына СТЫРНІК
Подписывайтесь на телеграм-канал «Дятлово ОНЛАЙН» по короткой ссылке @gazeta_peramoga