Цэнтральный тэмай Адзінага дня інфармавання, які прайшоў 19 лютага на Дзятлаўшчыне, стала абарончая магутнасць беларускай арміі і патрыятызм у сучасных умовах. Працавалі некалькі інфармацыйна-прапагандысцкіх груп: старшыні райвыканкама Андрэя Садоўскага выступіла перад калектывам Дзятлаўскага лікёра-гарэлачнага завода “Алгонь”, абласная пад кіраўніцтвам старшыні абласнога Савета дэпутатаў Алены Пасюта сустрэлася з жыхарамі гарпасёлка Казлоўшчына па месцы жыхарства і калектывам санаторыя “Радон”.

Андрэй Уладзіміравіч нагадаў аб асаблівай ролі Узброеных Сіл у захаванні нацыянальнай бяспекі дзяржавы. Канстытуцыя замацоўвае статус Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь як Вярхоўнага галоўнакамандуючага. Дзякуючы намаганням Аляксандра Лукашэнкі ўдалося прадухіліць дэградацыю Узброеных Сіл, якая пачалася пасля распаду Савецкага Саюза. Ім была распрацавана стратэгія развіцця, рэфармавання і мадэрнізацыі арміі, таму сёння краіна мае мабільныя, прафесійныя і тэхнічна аснашчаныя войскі.

– Ва ўмовах узрастаючых ваенных выклікаў, калі геапалітычная напружанасць абвастраецца, а ваенныя бюджэты краін НАТА растуць неверагоднымі тэмпамі, важна быць гатовымі адстаяць сваю краіну, – адзначыў старшыня райвыканкама. – Прэзідэнт краіны Аляксандр Лукашэнка падкрэслівае той факт, што наша высокатэхналагічная, кампактная і мабільная армія, уся арганізацыя дзяржаўнага ладу з’яўляюцца сёння надзейным шчытом для народа, гарантам міру на беларускай зямлі.

Актыўна развіваецца айчынны ваенна-прамысловы комплекс, умацоўваецца ўзаемадзеянне з Расійскай Федэрацыяй, якое праяўляецца ў шэрагу сумесных праектаў, у ліку якіх – размяшчэнне на тэрыторыі нашай краіны тактычнага ядзернага ўзбраення і функцыянаванне ракетнага комплексу “Арэшнік”. Сумесныя ваенныя манеўры, праверкі і трэніроўкі з’яўляюцца рэгулярнай практыкай.
Арганізацыя Дагавора аб калектыўнай бяспецы (АДКБ), членам якой выступае Беларусь, адыгрывае важную ролю ў падтрыманні рэгіянальнай бяспекі. Краіна выступіла ініцыятарам стварэння Савета міру – міжнароднай структуры, накіраванай на падтрыманне стабільнасці і вырашэнне канфліктаў. Грамадскі давер да арміі застаецца высокім – каля 70 %.

– У беларускім грамадстве давяраюць арміі і сілавым структурам, успрымаючы іх як абаронцаў і гарантаў справядлівасці і міру. Успомніце няпросты для нас усіх 2020 год, калі пасля выбараў Прэзідэнта былі хваляванні, адбываліся беспарадкі на вуліцах, людзі баяліся за сябе і свае сем’і, яны звярталіся па абарону да людзей у пагонах, – узгадаў Андрэй Садоўскі.

Служба ў радах Узброеных Сіл успрымаецца грамадзянамі як важны этап станаўлення патрыёта і грамадзяніна сваёй Радзімы. Патрыятычнае выхаванне моладзі ажыццяўляецца праз экскурсіі ў воінскія падраздзяленні, сустрэчы школьнікаў і навучэнцаў з ветэранамі, удзельнікамі баявых дзеянняў і дзеючымі ваеннаслужачымі. Беларускія грамадзяне лічаць мір найвышэйшай каштоўнасцю, што пацвярджае гістарычнае мінулае нацыі. Імкненне да мірнага жыцця на роднай зямлі праяўляецца ў пастаяннай падрыхтоўцы арміі да абароны суверэнітэту і цэласнасці дзяржавы праз умацаванне баявой гатоўнасці і асваенне найноўшых тэхналогій.


Начальнік Дзятлаўскага РАНС Сяргей Казушчык пазнаёміў прысутных са статыстыкай пажараў на тэрыторыі Гродзенскай вобласці. На жаль, у нашым раёне з пачатку года назіраецца істотны рост колькасці пажараў, ёсць загінулы. Самай частай прычынай здарэнняў становіцца людская неабачлівасць або шкодныя звычкі.

Сяргей Сяргеевіч нагадаў правілы эксплуатацыі пячнога ацяплення, меры асцярожнасці пры выхадзе на лёд, асабліва ў час зімовай рыбалкі, а таксама эфектыўнасць аўтаномнага пажарнага апавяшчальніка ў выратаванні людзей. Ён анансаваў маштабную рэспубліканскую акцыю “За бяспеку разам”, якая пройдзе ў раёне
З 2 па 18 сакавіка і будзе накіравана на павышэнне прафілактычнай работы ў жылым сектары.

Пракурор Дзятлаўскага раёна Віталій Юрго расказаў аб супрацьдзеянні карупцыі ў вобласці. Па яго словах, фігурантамі крымінальных спраў становяцца кіраўнікі прадпрыемстваў і нават прадстаўнікі ўлады.

– Не забывайце, што ўсё таемнае становіцца яўным. У хуткім часе або праз год і больш адказнасць за супрацьзаконныя дзеянні ўсё адно спасцігае віноўных, – адзначыў Віталій Станіслававіч.
Ён яшчэ раз нагадаў тэму кіберзлачыннасці, якая не губляе сваёй актуальнасці і сёння: кожны тыдзень у органы аховы правапарадку з’яўляюцца пацярпелыя тэлефонных або інтэрнэт-махляроў. Ён заклікаў грамадзян быць уважлівымі і не прадастаўляць інфармацыю аб сабе па тэлефоне і ў сацыяльных сетках.
















У гэты дзень інфармацыйна-прапагандысцкія групы старшыні раённага Савета дэпутатаў Аляксандра Бараноўскага і намеснікаў старшыні райвыканкама сустрэліся з працоўнымі калектывамі раёна і грамадзянамі па месцы жыхарства.







































Наталля АВЯРЧУК
Фота Наталлі АВЯРЧУК, Ірыны СТЫРНІК, Святланы ГРЫШЫНАЙ, Таццяны САНЮК
Подписывайтесь на телеграм-канал «Дятлово ОНЛАЙН» по короткой ссылке @gazeta_peramoga
#нашелучшее #нашалепшае