Як толькі з палёў сыдзе снег, пачнецца новы сезон вясенніх палявых работ. Тэхніку для яго пачалі рыхтаваць яшчэ з восені ўсе сельгаспрадпрыемствы раёна, многія з якіх ужо прайшлі тэхагляд.

Аб гатоўнасці сельскагаспадарчай тэхнікі да работы ў полі расказаў загадчык сектара механізацыі ўпраўлення сельскай гаспадаркі і харчавання Аляксандр Мазоль:
– Для правядзення вясенніх палявых работ 2026 года ў сельскагаспадарчых арганізацыях раёна і ААТ “Дварэцкі льнозавод” ёсць 302 трактары, у тым ліку 56 энерганасычаных, 155 глебаапрацоўчых машын і плугоў, 49 камбінаваных пасяўных агрэгатаў, 45 сеялак і бульбасаджалак, 60 машын для ўнясення ўгнаенняў, 39 апырсквальнікаў. На справаздачную дату гатоўнасць тэхнікі для правядзення вясенняй пасяўной кампаніі на ўзроўні 90 %. Для выканання палявых работ у раннія тэрміны ў сельскагаспарчых арганізацыях падрыхтаваны 8 самаходных энергетычных сродкаў з шынамі-абалонкамі звышнізкага ціску “Раса”.

Адзін з самых вялікіх машынна-трактарных паркаў раёна, як і самыя грунтоўныя пасяўныя плошчы, – на балансе ААТ “Граніт-Агра”. Аб тым, як механікі гаспадаркі рыхтуюцца да вясны, расказаў галоўны інжынер прадпрыемства Аляксандр Спасюк:

– Са снежня пачалі рыхтаваць да пасяўной кампаніі плугі, культыватары, тэхніку. На сёння тэхагляд прайшлі 55 % адзінак транспарту – усе, прадстаўленыя на першым этапе праверкі. Другі этап адбудзецца ў канцы лютага, і да 1 сакавіка ўся тэхніка прадпрыемства павінна быць дапушчана да работы. Зімой прадаўжаецца ўнясенне арганічных угнаенняў, а з наступленнем спрыяльнага надвор’я прыступім да ворыва.

На вытворчых участках сельгаспрадпрыемства працуюць тры майстэрні, дзе механізатары самі з увагай і клопатам рамантуюць або проста даводзяць да ладу сваіх жалезных канёў, каб не падводзілі і менш ламаліся ўвесь сезон.

На ўчастку “Таркачы” вопытны трактарыст-машыніст Пётр Паршук рыхтуе да тэхагляду прычэп ПСС-15.

– Галоўнае ў любой тэхніцы – тармазная сістэма, таму пераправяраем, мяняем накладкі на новыя. Наперадзе – тэхнічнае абслугоўванне трактара “Джон Дзір”: абавязковай праверцы падлягае светлавая сістэма, тармазная, рулявое кіраванне. Добра, што запчасткі для рамонту ёсць, – расказаў Пётр Пятровіч.

– Рамонт ідзе па плане, без збояў і затрымак: тэхніка надзейная і недарагая ў рамонце і абслугоўванні. Пераважна вырашаем бягучыя задачы, праводзім рэгуліроўку, каб працавала не толькі надзейна, але і бяспечна. На сёння ўжо адрамантавалі мост пагрузчыка “Амкадор”, будзем устанаўліваць, завяршылі рамонт тармазной сістэмы і застанецца толькі пафарбаваць кузаў. У нас яшчэ ёсць час да канца лютага, работы засталося няшмат, усё паспеем, – адзначыў старшы механік участка № 2 “Таркачы” Андрэй Гукіш.

Ён расказаў, што стабільнай рабоце спрыяе не толькі своечасовае тэхабслугоўванне, а перыядычнае абнаўленне машынна-трактарнага парка:
– Пару гадоў таму для ўчастка быў набыты новы энерганасычаны трактар МТЗ-3522, на сёння адзін з самых магутных у аўтапарку прадпрыемства, які добра паказаў сябе ў рабоце як надзейны і цягавіты, з усімі прычапнымі агрэгатамі, якія ў нас ёсць, спраўляецца на “ўра”. Сур’ёзных пытанняў па ім не было, а бягучыя вырашаліся па гарантыі. Уплывае і тое, што тэхніка ў надзейных руках аднаго з вопытных і адказных механізатараў прадпрыемства Вадзіма Майсейчыка.

Андрэй Уладзіміравіч расказаў, што ў мінулым годзе ў якасці эксперыменту на трактары запусцілі сістэму навігацыі, сеў кукурузы праводзіўся ў рэжыме аўтапілоту.
– Гэта быў станоўчы вопыт, які мы ўзялі на ўзбраенне, каб прымяняць у далейшым. Кукуруза была выдатна пасеяна, я сам яе малаціў восенню на камбайне “Лексіён”, упэўніўся ў гэтым. Так ці інакш, у сітуацыі дэфіцыту кадраў на сяле за такімі трактарамі будучыня, набыццё іх будзе ў прыярытэце ў перспектыве, – падзяліўся механік.
Разам з тым, ён заўважыў, што на сёння на кожнай адзінцы тэхнікі працуе свой механізатар або вадзіцель.

Прычапное абсталяванне, вырабленае на тэрыторыі Гродзенскай вобласці, таксама паказвае сябе найлепшым чынам. Яно не проста гатова да сезона, а выкарыстоўваецца практычна без перапынку ўсю зіму. У ліку іншых Андрэй Гукіш вылучыў прычэпы ПСС-20 вытворчасці ААТ “Воранаўская сельгастэхніка”, якія ў параўнанні са сваімі папярэднікамі больш прадукцыйныя, аснашчаны раскідвальнікам-адаптарам. Цяпер на ім працуе трактарыст-машыніст Сяргей Кардаш. Такі ж нядаўна набылі для аддзялення № 1.

Андрэй Гукіш адзначыў, што практычна ўся тэхніка прадпрыемства ўжо на старце пасяўной чакае свайго часу:
– Як толькі спадуць маразы, сыдзе снег, першай у поле выйдзе “Раса”, яна якраз толькі вярнулася з рамонту. Нам дапамаглі спецыялісты Слонімскага рамонтнага завода, якія адрамантавалі машыну, уладкавалі на яе дадатковую бочку, так што прадукцыйнасць таксама павінна вырасці.
Наталля АВЯРЧУК
Подписывайтесь на телеграм-канал «Дятлово ОНЛАЙН» по короткой ссылке @gazeta_peramoga
#нашелучшее #нашалепшае