Слупок тэрмометра зноў апусціўся да мінус 20, калі не хочацца лішні раз нават выходзіць на вуліцу. Разам з тым, арганізацыі і службы Дзятлаўшчыны прадаўжаюць работу ў актыўным рытме.



У іх ліку – сістэма гандлю раёна, асабліва работа аўтамагазінаў, прыезд якіх чакаюць у 175 сельскіх населеных пунктах.

– Працуем у звыклым рэжыме пры любой тэмпературы і ўмовах надвор’я, – расказвае намеснік дырэктара Дзятлаўскага філіяла Гродзенскага аблспажыўтаварыства Алеся Лазута. – Кожны жыхар раёна мае магчымасць набыць прадукты харчавання ў крокавай даступнасці ад дома. Аўтамагазіны прыязджаюць згодна з графікам ад аднаго да трох разоў на тыдзень нават у самыя аддаленыя і маланаселеныя вёскі. Асартымент разнастайны, сістэма разліку зручная: як у наяўных рублях, так і па картцы. У ходзе работы прадаўцы ўлічваюць пажаданні вяскоўцаў.

Каб праверыць, як працуюць аўтамагазіны ў мароз, адпраўляемся па маршруце № 40 у вёску Хадзяўляны. На ім – вопытныя вадзіцель Анатолій Жых і прадавец Марына Ложачнік.




Людзі баяцца холаду, таму звыклай кампаніі ў чаканні выязнога гандлю на вясковай вуліцы не назіраецца. Аднак варта аўтамагазіну праехаць і падаць гукавы сігнал, як з гэтай і суседніх вуліц падыходзяць мясцовыя жыхары па адным або невялікімі групами.




Набываюць адразу ўсё неабходнае з запасам на пару дзён: хлебабулачную, малочную, мясную прадукцыю, бакалейныя тавары, садавіну і прысмакі. Пакупкі робяць з добрым настроем і ахвотна каменціруюць работу аўтамагазіна.

Алена Бяляўская:

– Ніколі не прапускаю прыезд аўталаўкі, сёння мы тут разам з сяброўкай. Узяла з сабой цюбінг, які прыстасавала для перавозкі пакупак па снежнай вуліцы. Усё, што трэба, тут ёсць – хлеб, малако, мяса, так што ў горад можна выязджаць не больш як раз на тыдзень. Люблю купляць яблыкі, але ў вялікі мароз устрымаюся ад такой пакупкі. Асартымент дастатковы, а прадавец і вадзіцель проста выдатныя. Мы нашу Марынку вельмі любім, як родную, і чакаем з нецярпеннем.
Раіса Губко:

– Я ў Хадзяўлянах усё жыццё. Магазіна тут даўно няма, але мы не перажываем, бо ўсё можна купіць у аўталаўцы. Заўсёды сюды прыходжу, ёсць што выбраць. Калі нешта яшчэ патрэбна, раблю заказы прадаўцу, усе заяўкі выконвае: і фаршу патрэбнага прывязе, і мяса, і прысмакаў. Усім задаволена. Сёння купіла малако, вафлі, яблыкі, шыі для сваіх катоў. У Дзятлаве бываю рэдка, а тут зручна дайсці да аўтамагазіна, дарогі расчысцілі. Дзякую райспажыўтаварыству за клопат пра нас і асабліва – нашым прадаўцу і вадзіцелю – за ўвагу і ветлівасць.
Самы доўгі маршрут аўтамагазіна складае амаль 94 кіламетры, якія работнікі Дзятлаўскага філіяла Гродзенскага аблспажыўтаварыства пераадольваюць у любую непагоду, каб у кожным куточку раёна людзі маглі купіць хлеб і да хлеба.
Наталля АВЯРЧУК
Подписывайтесь на телеграм-канал «Дятлово ОНЛАЙН» по короткой ссылке @gazeta_peramoga
#нашелучшее #нашалепшае