Падведзены вынікі аператыўна-службовай дзейнасці Гродзенскага абласнога ўпраўлення Дэпартамента аховы Рэспублікі Беларусь за 2025 год, вызначаны паспяховыя ў прафесіі.
Лідарам намінацыі “Лепшы міліцыянер-вадзіцель групы затрымання”, уладальнікам адпаведных знака і дыплома стаў наш зямляк – старшы прапаршчык міліцыі Сяргей Катрач, які служыць у Дзятлаўскім аддзеле Дэпартамента аховы.
Сяргей Яўгенавіч расказаў, як прыйшоў у міліцэйскую прафесію і падзяліўся сакрэтам асабістых поспехаў.
– Шчыра кажучы, такі жыццёвы выбар зрабіў не адразу, хаця на людзей у пагонах раўняўся з дзяцінства, – зазначае наш зямляк. – Нарадзіўся ў аграгарадку Хвінявічы, і першая мая прафесія была звязана з аграпрамысловым комплексам: скончыў Навагрудскі дзяржаўны сельскагаспадарчы прафесійны ліцэй. Працоўную дзейнасць пачынаў у КСУП “Хвінявічы” механізатарам. У 2011 годзе быў прызваны на тэрміновую службу ў армію, праходзіў яе ў ваеннай часці 5525 горада Гомеля – 6-й асобнай брыгадзе ўнутраных войск МУС, адна з галоўных задач якой – аказанне садзейнічання органам унутраных спраў. Зразумела, што загартоўка ў гэтай “школе жыцця” паспрыяла канчатковаму вызначэнню ў прафесійным плане, таму яшчэ ў армейскім водпуску падаў дакументы ў Дзятлаўскі аддзел Дэпартамента аховы, а па вяртанні з войска быў прыняты сюды ў якасці супрацоўніка.
Спачатку працоўныя будні Сяргея Катрача праходзілі на пастах узятых пад ахову аб’ектаў нашага раёна, паколькі службу ён пачынаў міліцыянерам узвода міліцыі. З гадамі адточваліся працоўныя навыкі, Сяргей Яўгенавіч праявіў сябе як дысцыплінаваны, надзейны работнік, здольны прымаць правільныя рашэнні ў няпростых сітуацыях, і пяць гадоў таму яму прапанавалі пасаду міліцыянера-вадзіцеля групы затрымання. Чарговы этап службовай дзейнасці стаў новым упэўненым крокам на шляху да поспеху.
Цяпер працоўныя будні нашага земляка пачынаюцца з інструктажа і выдачы зброі, якія заўжды папярэднічаюць выезду на баявыя дзяжурствы. Затым на працягу дванаццаці гадзін днём ці ноччу, у залежнасці ад таго, на які перыяд выпадае дзяжурства, Сяргей Яўгенавіч стаіць на варце законнасці і спакою жыхароў раёна.
Летась Сяргей Катрач атрымаў ключы ад новай службовай машыны “Lada Niva Travel”. Своечасовае абнаўленне транспартнага парка падраздзялення спрыяе аператыўнасці службы, мабільнасці, хуткаму рэагаванню, што даказаў 2025 год, які для групы затрымання Сяргея Яўгенавіча прайшоў плённа і быў багаты на паспяховае выкананне службовых задач. Гэта і прывяло да лепшага асабістага выніку на Гродзеншчыне.
– Жаданне дапамагаць людзям, адстойваць справядлівасць і законнасць – вось мае пастаянныя спадарожнікі ў рабоце, – прызнаецца Сяргей Катрач.
Наш зямляк не ставіць перад сабой грандыёзных мэтаў, аднак кожнае працоўнае дзяжурства ён стараецца заставацца прафесіяналам, які ў любой сітуацыі прыйдзе на дапамогу тым, хто мае ў гэтым патрэбу. Службу ў Дэпартаменце аховы Сяргей Яўгенавіч лічыць не толькі прэстыжнай, але і цікавай, дастойнай сапраўдных мужчын, якія сябруюць са спортам, упэўнена глядзяць у заўтрашні дзень.
– Маладыя людзі, якія ідуць да нас працаваць, могуць разлічваць на стабільны даход, сацыяльныя гарантыі, кар’ерны рост, упэўненасць для сваіх сем’яў, – падкрэслівае суразмоўца. – Я для сябе знайшоў у аддзеле яшчэ і надзейных сяброў, зладжаны калектыў, гнуткі графік, які дазваляе праводзіць час з роднымі, і, безумоўна, магчымасць самарэалізацыі.
Застаецца дабавіць, што юнакі, біяграфія і маральна-дзелавыя якасці якіх адпавядаюць патрабаванням службы ў органах унутраных спраў Рэспублікі Беларусь, могуць звяртацца ў Дзятлаўскі аддзел Дэпартамента аховы для працаўладкавання і, як Сяргей Катрач, рэалізаваць сваю мару – служыць Айчыне, закону, дапамагаць людзям. Тэлефон для даведак 3-01-33.
Ірына СТЫРНІК
Подписывайтесь на телеграм-канал «Дятлово ОНЛАЙН» по короткой ссылке @gazeta_peramoga
#нашелучшее #нашалепшае #Годбелорусскойженщины