Усе прафесіі патрэбныя, усе прафесіі важныя. Хтосьці можа дасягаць высокіх вынікаў у сваёй дзейнасці, станавіцца вядомым і папулярным, а іншы проста ціха, старанна працуе, прыносіць карысць сваёй працай. Але такія людзі таксама не застаюцца без увагі і атрымліваюць сваю хвіліну славы і папулярнасці. Адзін з іх – наш зямляк Віктар Міхайлоўскі, слесар-рамонтнік ТАА “Ізакам Пласт”, імя якога сёлета было занесена на раённую Дошку гонару.
Прафесія “слесар” бярэ свой пачатак з таго моманту, як чалавецтва стала вынаходзіць машыны, механізмы, калі спатрэбіліся спецыялісты для іх зборкі, абслугоўвання, рамонту. Сучаснае грамадства поўнасцю механізаванае. Уся прамысловая вытворчасць заснавана на прымяненні тэхнікі, якая палягчае або і ўвогуле замяняе працу чалавека. Тэхніка пастаянна патрабуе догляду, прафілактычных мерапрыемстваў, рамонту, абслугоўвання. Так што пераацаніць важнасць прафесіі слесара, які і ажыццяўляе ўсе гэтыя функцыі, складана.
Як жа працуе і чым любіць займацца ў вольны час сціплы рабацяга з натруджанымі мазолістымі рукамі Віктар Міхайлоўскі?
Віктар Віктаравіч расказаў, што нарадзіўся ў вёсцы Вянскі, лёс больш нікуды не павёў, так і застаўся на малой радзіме. Вучыўся ў Хвінявіцкай сярэдняй школе, пасля скончыў Жыровіцкі сельскагаспадарчы тэхнікум па спецыяльнасці “механізатар”. Першае працоўнае месца было ў калгасе “Зара”, механікам. Амаль дванаццаць гадоў шчыраваў на гэтай пасадзе, а затым прыкладна столькі ж – сталяром у Дзятлаварамбудзе. І вось ужо адзінаццаць гадоў працуе слесарам-рамонтнікам на ТАА “Ізакам Пласт”.
– Тут ужо да пенсіі і застануся, больш нічога мяняць не хачу, – прызнаецца мужчына. – Працаваць падабаецца. З жалеза пачынаў, жалезам і заканчваю. Ніколі яго не баяўся, ды і дома свой трактар маю, тэхніку люблю і падыход да яе ведаю, як знайсці.
У дзяцінстве хацеў працаваць вадзіцелем, але неяк не склалася, хоць за рулём вельмі падабаецца ездзіць, і раблю гэта амаль штодня. Калі працаваў у калгасе, нават атрымаў вадзіцельскую катэгорыю “Е”.
– Раскажыце, што ўваходзіць у вашы працоўныя абавязкі як слесара?
– У слесараў хапае работы штодня. У нашай брыгадзе восем чалавек, акрамя проста рамонту, калі прыходзіцца, мы нават можам нешта сваё прыдумваць і канструяваць, хаця ў асноўным працуем па праекце, які рыхтуе інжынер. Рамантуем станкі, краны, рэльсы, замкі і многае іншае. Прыходзіцца рабіць, як кажуць, і галавой, і рукамі. Умовы працы ў нас добрыя, прэміямі заахвочваюць, але і працаваць для гэтага трэба старацца.
– Ці хацелася калі-небудзь памяняць прафесію?
– Не ведаю, напэўна, не. Неяк прызвычаіўся, уцягнуўся, з часам назапашваеш вопыт, спраўляешся з больш складанымі задачамі, з’яўляецца пэўны азарт. Самае цікавае ў нашай рабоце – вынік. Хоць, бывае, і не сваімі сіламі, хтосьці дапамагае, але вынік павінен быць. Думаю, як і ў любой справе, бывае, сустракаешся і са складанасцямі. Нам, старэйшаму пакаленню, часам цяжкавата разабрацца ў сучаснай электроніцы, аўтаматыцы. З механікай прасцей, яе мы ведаем. Але пакрыху разбіраемся і ў новых тэхналогіях.
– Як думаеце, калі ваша прафесія слесара будзе на 100 % рабатызаваная, аўтаматызаваная, ці застаняцеся з калегамі без работы?
– Не застанемся. У кожнай справе ёсць свае нюансы, якія робаты ці штучны інтэлект не змогуць поўнасцю замяніць.
– Якімі словамі апісалі б сваю прафесію, каб прывабіць маладых людзей станавіцца слесарамі?
– Цікавая, хоць і не заўсёды лёгкая, але патрэбная работа. Напрыклад, без хуткага і якаснага рамонту пэўнага абсталявання можа спыніцца работа цэлага цэха, а то і прадпрыемства. Цяпер маладыя неяк усё больш хочуць быць айцішнікамі або праграмістамі, для іх наша прафесія, можна сказаць, нямодная. Хаця вось нядаўна да нас уладкаваўся слесарам малады чалавек, які вучыўся на айцішніка. Так што інтарэс можна знайсці ў любой справе, галоўнае – як сур’ёзна да яе адносішся.
– Якімі якасцямі павінен валодаць слесар, каб быць добрым спецыялістам?
– Па-першае, мець тэхнічную адукацыю, быць уважлівым да дэталяў, старанным, адказным, у многіх выпадках – кемлівым. Не павінен баяцца работы.
– Пасля напружанага рабочага дня як любіце адпачываць? Ці ёсць захапленні?
– Жывём з жонкай у вёсцы, таму з вясны па восень у нас свае клопаты і спецыфічны адпачынак – агарод, сад, поле. У маладыя гады да трох гектараў зямлі апрацоўвалі, цяпер ужо скарацілі, вялікую гаспадарку трымалі. Люблю займацца сталярнымі работамі, дома ёсць станок, на ім раблю, што патрэбна, для сябе або знаёмых – дзверы магу ўставіць, планак настругаць, рэек напіліць, падстаўку якую зрабіць. А ўвогуле, для мяне найлепшы адпачынак з сям’ёй. Хоць цяпер засталіся дома ўдваіх, але часта прыязджаюць і дзеці з сем’ямі. Дачка жыве надалёка – у вёсцы Малдавічы, а сын – у Гродне. Старэйшай унучцы ўжо чатырнаццаць гадоў, другой – сем, а ўнуку – паўтара года. Люблю з імі пазабаўляцца, асабліва, калі яшчэ малыя. Дазваляю ім шмат, нават пасваволіць часам, вядома – у межах разумнага.
Святлана ГРЫШЫНА
Подписывайтесь на телеграм-канал «Дятлово ОНЛАЙН» по короткой ссылке @gazeta_peramoga
#нашелучшее #нашалепшае