На чарговым пасяджэнні камісіі па справах непаўналетніх райвыканкама падведзены вынікі сацыяльных расследаванняў у чатырох сем’ях. Усе непаўналетнія, якія гадуюцца ў іх, прызнаны ў сацыяльна ненадзейным становішчы, разгледжаны адмова ва ўзбуджэнні крымінальнай справы і пастанова аб спыненні справы аб адміністрацыйнай адказнасці на двух непаўналетніх з-за недасягнення імі ўзросту адказнасці, а таксама адміністрацыйныя пратаколы на трох іх бацькоў, якія належным чынам не выканалі сваіх абавязкаў, што прывяло да ўчынення дзецьмі правапарушэнняў: дарослыя папярэджаны, з дзецьмі праводзіцца індывідуальная прафілактычная работа.

Разам у горы і радасці?

Крыху больш за паўгода мінула, як пасля стабільнага перыяду ў сям’і гэтым бацькам паверылі і з іх непаўналетніх дзяцей знялі статус “знаходзяцца ў сацыяльна ненадзейным становішчы”. Аднак, як сцвярджаюць філосафы: усё цячэ, усё мяняецца і, на жаль, не да лепшага. Трывожны сігнал аб абвастрэнні сітуацыі паступіў ад дырэктара школы. Па іроніі лёсу менавіта ён сустрэў шматдзетную маці ў стане алкагольнага ап’янення, выклікаў педагагічную службу ўстановы, арганізаваў наведванне сям’і па месцы жыхарства. Аказалася, што ў стане моцнага ап’янення знаходзіцца яшчэ і бацька. Прыгледзець за дзецьмі засталася бабуля, а з дарослымі “па гарачых слядах” ужо назаўтра правялі размову на савеце прафілактыкі грамадскага пункта аховы правапарадку сельвыканкама. Як прызналася жанчына, сітуацыя можа памяняцца толькі ў тым выпадку, калі яны будуць лячыцца адначасова з мужам. Зрабіць гэта і парэкамендаваў савет прафілактыкі ГПАП. Уздзеянне дало станоўчы вынік: літаральна праз некалькі дзён муж і жонка прайшлі кадзіроўку ад згубнай звычкі і пакуль вядуць цвярозы лад жыцця.

Паколькі дзяцей у пары ўжо прызнавалі маючымі патрэбу ў дзяржаўнай абароне, спецыялісты службаў прафілактыкі пасля сацыяльнага расследавання вынеслі вердыкт: сям’я па-ранейшаму мае патрэбу ў кантролі, нягледзячы на станоўчыя характарыстыкі дарослых па месцы работы і іх імкненне не скарацца залежнасці.

Камісія па справах непаўналетніх райвыканкама згадзілася з высновамі адказных службаў і прызнала дзяцей у сацыяльна ненадзейным становішчы. Час пакажа, наколькі бацькі могуць адказваць за свае ўчынкі і выконваць абяцанні.

Кулакі распускаць – герой, а адказваць?

Як ні сумна, але прадстаўляць інтарэсы шматдзетнай сям’і пасля сацыяльнага расследавання, якое ладзілася з-за скандала, прыйшла адна жанчына. Мужчына праігнараваў пасяджэнне камісіі па справах непаўналетніх райвыканкама, як да гэтага ігнараваў выклікі на савет прафілактыкі грамадскага пункта аховы правапарадку сельвыканкама.

Высветлілася, што ў сям’і на вачах трох дзяцей адбыўся скандал, у час якога п’яны муж нанёс некалькі ўдараў жонцы, у яе засталіся гематомы. Аднак жанчына адмовілася пісаць заяву і не знімала пабояў, матывуючы свае паводзіны тым, што гаспадар упершыню падняў на яе руку, а дзяцей і ўвогуле ніколі не біў.

На шчасце, закон абараняе ахвяраў хатняга гвалту, таму пастановай суда сямейнаму агрэсару было вынесена адміністрацыйнае пакаранне, а яшчэ па патрабаванні ахоўнага прадпісання 15 сутак ён не меў права жыць з сям’ёй і правёў іх у цёткі. Дарэчы, менавіта ў яе жыла сям’я, пакуль не атрымала добраўпарадкаванае арэнднае жыллё. Перыяд самастойнасці, на жаль, даў не лепшыя вынікі.

П’яныя скандалы – гэта адна з галоўных пагрозаў сямейнага дабрабыту, таму члены камісіі аднагалосна прызналі траіх дзяцей у сацыяльна ненадзейным становішчы.

Цяпер за сям’ёй будзе наладжаны пільны кантроль, і бацьку усё-такі давядзецца сустракацца са спецыялістамі службаў прафілактыкі, а то кулакі распускаць – герой, а адказваць хто будзе?

Алкаголь – гэта не супакойваючы сродак

Школьніца раніцай не прыйшла на заняткі, і класны кіраўнік аператыўна пачала высвятляць, куды дзелася дзяўчынка. Як аказалася, уважлівасць настаўніцы не была дарэмнай: непаўналетняя засталася дома з-за таго, што напілася маці, а тая ў сваю чаргу алкаголем знімала стрэс і прыглушала маральную траўму, паколькі да іншай жанчыны пайшоў муж, кінуўшы сям’ю. На жаль, такія паводзіны гаспадара сапраўды мелі месца, аднак на момант пасяджэння камісіі па справах непаўналетніх райвыканкама мужчына ўсвядоміў сваю памылку і вярнуўся дамоў, а жонка яму даравала.

Непрыемныя жыццёвыя сітуацыі для гэтай пары не новыя: раней сям’я ўжо мела статус сацыяльна ненадзейнай з-за праблем жанчыны з алкаголем, а з уліку была знята, калі ў маці пасля кадзіроўкі назіралася ўстойлівая рэмісія. Прайсці аналагічнае лячэнне ад згубнай звычкі жанчына паспяшалася і на гэты раз.

Тым не менш, вынікі сацыяльнага расследавання пацвердзілі наяўнасць крытэрыяў недабрабыту, таму члены камісіі па справах непаўналетніх зноў прызналі дзяўчынку ў сацыяльна ненадзейным становішчы. Кантроль за сям’ёй будзе адноўлены, хочацца спадзявацца, што гэта дазволіць не дапусціць пагаршэння сітуацыі надалей.

З грашыма туга, але на гарэлку хапае

Яшчэ ў час рэйда “Клопат”, які педагогі праводзілі ў пачатку навучальнага года, каб дайсці да кожнага навучэнца, у гэтай сям’і выявіліся праблемы: у доме было брудна, прысутнічаў непрыемны пах, меліся недахопы ў плане бяспекі ў побыце, бацька не працаваў, а маці надоўга ў аднаго наймальніка не затрымлівалася з-за прагулаў.

Зразумела, што настаўнікі насцярожыліся, і недарэмна: ужо пры новым наведванні сям’і абодва бацькі былі ў моцным алкагольным ап’яненні, на наступны дзень з дарослымі сур’ёзна паразмаўлялі і прымусілі іх навесці дома належны парадак.

На жаль, упэўненасці ў тым, што для мужа і жонкі гэта паслужыла урокам і яны не прадоўжаць сяброўства з алкаголем, няма, пакуль адзінае, што памянялася – жанчына пайшла працаваць, праўда, як надоўга, гарантый ніхто не дае. Разам з тым, у сям’і назапашваюцца важкія сумы запазычанасцяў за камунальныя паслугі. Нядаўна старэйшы сын пагасіў адну з іх, уратаваўшы родных ад больш цяжкіх наступстваў. Праўда, незразумела: з грашыма туга, але на гарэлку хапае.

Дзяцей з гэтай сям’і раней ужо прызнавалі і ў сацыяльна ненадзейным становішчы, і маючымі патрэбу ў дзяржаўнай абароне, таму і цяперашняе рашэнне членаў камісіі было адназначным – сям’я ненадзейная і патрабуе кантролю, а дарослых папярэдзілі, што яны знаходзяцца на “слізкай дарожцы”, якая пры любым парушэнні можа прывесці да новага адабрання непаўналетніх, а там і да пазбаўлення правоў на дзяцей – адзін крок.

Падобныя гульні вядуць да трагедый

У адзін з восеньскіх вечароў двое непаўналетніх вырашылі згуляць у разбойнікаў, у аднаго якраз быў канцылярскі ножык, які застаўся пасля ўрока працы. Нападаць на дарослых гульцы не рашыліся, а вось малодшы хлопчык, якому яны пагражалі “халоднай зброяй”, хапалі за адзенне, даганялі, патрабавалі аддаць грошы, напужаўся.

Вынікам небяспечнай гульні ў разбойнікаў стала адмова ва ўзбуджэнні крымінальнай справы і пастанова аб спыненні справы аб адміністрацыйнай адказнасці  на абодвух непаўналетніх, якія яшчэ не дасягнулі ўзросту адказнасці, складзены тры адміністрацыйныя пратаколы – на кожнага з бацькоў гэтых двух хлопчыкаў, бо належным чынам не выканалі сваіх абавязкаў, і іх сыны ўчынілі правапарушэнні, а таксама індывідуальная прафілактычная работа будзе праводзіцца на працягу года з кожным з юных хуліганаў.

На пасяджэнні камісіі па справах непаўналетніх райвыканкама быў толькі адзін з сяброў, але той, які пагражаў нажом. Другі знаходзіўся ва ўстанове аховы здароўя. Як прызнаўся гора-разбойнік, спачатку ён і не думаў, што вясёлая гульня прывядзе да такіх праблем яго, сябра, бацькоў.

Зразумела, што дарослыя ўжо правялі з дзецьмі сур’ёзныя размовы, расказалі, як сябе паводзіць, якія ўчынкі лічацца супрацьпраўнымі і чаму некаторыя гульні могуць прывесці да трагедыі. Тлумачаць гэта парушальнікам і прадоўжаць такую дзейнасць на працягу ўсяго тэрміну індывідуальнай прафілактычнай работы спецыялісты адказных службаў і педагогі.

На пасяджэнні камісіі па справах непаўналетніх райвыканкама было разгледжана і пытанне аб накіраванні падлетка, які пагражаў дзіцяці нажом, у спецыялізаваную навучальную ўстанову закрытага тыпу. Пакуль гэтага вырашылі не рабіць, паколькі парушэнне першае і хлопчык раскаяўся, аднак яго папярэдзілі аб законапаслухмяных паводзінах.

Усіх трох бацькоў таксама афіцыйна папярэдзілі аб недапушчэнні іх дзецьмі новых парушэнняў. У абедзвюх сем’ях праводзяцца сацыяльныя расследаванні па выяўленні крытэрыяў недабрабыту.

Святлана ЗАЛУЧАН,
намеснік старшыні камісіі па справах непаўналетніх райвыканкама
Ірына СТЫРНІК,
карэспандэнт газеты “Перамога”, член камісіі

Подписывайтесь на телеграм-канал «Дятлово ОНЛАЙН» по короткой ссылке @gazeta_peramoga

About Author
administrator
View All Articles
Проверьте последнюю статью от этого автора!
ГрадусПлюс. Иголку в конфете едва не проглотила 10-летняя дятловчанка
Прамая тэлефонная лінія
Прыём грамадзян

Прыём грамадзян

17 декабря, 2025

Похожие публикации