Упершыню за апошняе дзесяцігоддзе вячэрняе набажэнства ў касцёле Унебаўзяцця Найсвяцейшай Панны Марыі суправаджалася жывой арганнай музыкай.

Старадаўні арган, які доўга маўчаў, нарэшце загучаў на чатыры галасы. Каля месяца таму беларускія майстры-арганісты распачалі рамонт інструмента.

Пробашч касцёла Андрэй Лішко адзначыў, наколькі гэта важная падзея для прыхаджан храма:

– У каталіцкім касцёле ў час літургіі арганы з’яўляюцца неад’емнай часткай: сакральныя спевы не толькі праслаўляюць Бога, але і асвячаюць вернікаў. Таму цяпер мы робім усё магчымае, каб арган у нашым касцёле загучаў, як даўней. Пакуль што ўдалося аднавіць чатыры галасы з дзесяці, наперадзе вялікая праца, якая, спадзяюся, дасць свой плён, і малітвы вернікаў будуць суправаджацца арганнай музыкай, тым больш што ў нашай парафіі ёсць таленавітая арганістка Лілія Болбат.

Работы па аднаўленні аргана ў Дзятлаве праводзяць вядомы ў Беларусі арганіст, вакаліст, магістр музыкалогіі Андрэй Міхневіч і беларускі музыказнаўца, арганіст, педагог, папулярызатар арганнага мастацтва Юрый Габрусь.

– Я прафесійны арганіст, доўгі час іграў у касцёлах у Нясвіжы і Гервятах. Арган у Дзятлаве таксама мне вядомы: на ім на працягу 18-и гадоў у 60-80-х гадах мінулага стагоддзя іграў мой хросны бацька. У Беларусі на сёння няшмат настройшчыкаў такіх інструментаў, таму мы адгукнуліся на просьбу ксяндза Андрэя Лішко і ўзяліся за гэтую карпатлівую, няпростую, але ўдзячную работу, – расказаў Андрэй Міхневіч. – Гэтаму механічнаму аргану больш за 110 гадоў, ён выраблены на знакамітай фабрыцы Вацлава Бярнацкага ў Вільні і быў уманціраваны ў інтэр’ер касцёла, перабудоўваўся разам з ім. Больш за дзесяцігоддзе ён маўчаў, аднак у планах – аднавіць усе яго галасы.

– Якія работы ўжо зроблены і што наперадзе?

– Мы памянялі гофру, забяспечылі падачу паветра ў інструмент, правялі чыстку, склейванне меха, паступова дайшлі да вельмі тонкай работы па аднаўленні элементаў аргана, якія прыйшлі ў нягоднасць ад часу. Гэты працэс няхуткі, але паступова мы будзем дабівацца таго гучання, якое было некалі. Максімальна, наколькі дазваляюць рэаліі, павялічым гучанне, каб яно стала дастойным суправаджэннем літургій у касцёле. Мы абодва з Юрыем, з якім разам працуем над рамонтам, канцэртуючыя арганісты. Таму па завяршэнні работы дамо вялікі канцэрт у Дзятлаве.

– Работы хапае, ад часу і знешніх фактараў істотна пашкоджана механіка аргана, неабходна памяняць і настроіць элементы рэгістравай трактуры, якія пакуль што гучаць або не гучаць адначасова, – дадаў Юрый Габрусь. – У многіх месцах арган проста забруджаны, запылены, з-за чаго паветра не паступае ў трубы. Асобныя элементы паламаныя або знаходзяцца не на сваім месцы, арган запушчаны ад не зусім правільнага догляду. Працэс істотна ўскладняецца кампактнасцю канструкцыі, з-за чаго цяжкі доступ да ўнутраных частак інструмента. Інструмент патрабуе сур’ёзнай увагі, аднак пры гэтым не ў крытычным стане, яго магчыма адрамантаваць. Ужо наладжаны і гучаць тры рэгістры, але пры з’яўленні сонца (акно касцёла знаходзіцца насупраць аргана) строй будзе мяняцца. Таму бачым мэтазгодным закрыць яго знутры.

– Якія ў вас уражанні ад нашага інструмента?

– Гэта класічны рамантычны арган, які мае добрыя рэсурсы для акампанемента спевам у час богаслужэння. Моцная работа фірмы Бярнацкіх. Пакуль ён не гучыць у поўны голас, таму слухачам складана скласці аб’ектыўнае ўражанне, але ўсё наперадзе.

У пацвярджэнне сваіх словаў майстры-арганісты акампаніравалі ў час літургіі і сыгралі для прыхаджан касцёла некалькі твораў сусветнай класікі пасля яе завяршэння.

Нагадаем, што арган, размешчаны ў касцёле ў Дзятлаве, ужо даўно вядомы не толькі каталікам раёна і турыстам з розных мясцовасцяў, але і аматарам кінематографа: у 1971 годзе пабачыла свет кінастужка “Паланэз Агінскага” вытворчасці студыі “Беларусьфільм”, дзе можна ўбачыць касцёльны арган. Галоўны герой фільма, маленькі скрыпач Васіль патрапіў у партызанскі атрад і аднойчы хаваўся ў касцёле, дзе ад нямецкага патруля яго хаваў арганіст.

Наталля АВЯРЧУК

Подписывайтесь на телеграм-канал «Дятлово ОНЛАЙН» по короткой ссылке @gazeta_peramoga

#нашелучшее #нашалепшае

Похожие публикации