Адказ на гэта пытанне дасць конкурс прафесійнага майстэрства механізатараў, занятых на ўзворванні глебы, “Лепшы араты-2025”, які праходзіць 21 і 22 лістапада на базе КСУП “Жукоўшчына”.

Арганізатарамі мерапрыемства выступаюць упраўленне сельскай гаспадаркі і харчавання райвыканкама і раённы камітэт Беларускага прафсаюза работнікаў аграпрамысловага комплексу. Сёлета ў ім прымаюць удзел 14 прафесіяналаў сваёй справы з сямі прадпрыемстваў раёна.

Спаборніцтвы праходзяць у трох намінацыях: першая група  – “Джон Дзір-8430”, “Джон Дзір-8420”, “Беларус-3522” (СГФ “АграМілк”, ААТ “Дварэц-Агра”, ААТ “Граніт-Агра”, КСУП “Жукоўшчына”), другая – “Беларус-2522”,  “Беларус-3022” (КСУП “Войневічы”, КСУП “Хвінявічы”), трэцяя – “Беларус-1221”, “Беларус-1523” (СГФ “АграМілк”, ААТ “Граніт-Агра”, ААТ “Дварэцкі льнозавод”). У кожнай з каманд, акрамя механізатараў, удзельнічалі галоўныя інжынеры і галоўныя аграномы сельгаспрадпрыемстваў.

Старшыня конкурснай камісіі, першы намеснік старшыні – начальнік упраўлення сельскай гаспадаркі і харчавання райвыканкама Віталій Шулейка павітаў аграрыяў, растлумачыў умовы конкурсу, пажадаў высокіх вынікаў і якаснай работы.  

Арганізатарамі конкурсу ўстаноўлены прызавы фонд, грашовыя прэміі з якога атрымаюць усе ўдзельнікі спаборніцтваў, дзевяць пераможцаў і прызёраў (па тры ў кожнай падгрупе) будуць адзначаны грашовымі прызамі, таксама спецыяльныя прэміі для самых маладых і самых вопытных механізатараў. Акрамя таго, усе ўдзельнікі мерапрыемства атрымліваюць аплату за адпрацаваны час і гарачае харчаванне ад КСУП “Жукоўшчына”.

Да пачатку спаборніцтваў была праведзена жараб’ёўка, па выніках якой за кожным механізатарам замацавалі пэўны надзел для ўзворвання на землях сельгаспрадпрыемства. У рамках конкурснай праграмы прайшла праверка тэхнічнага стану і камплектацыі тэхнікі (аптэчка, сродкі пажаратушэння), наяўнасць і стан спецадзення механізатараў. Інструктаж па ахове працы і тэхніцы бяспекі з запісам у журнале – таксама абавязковая ўмова конкурсу, без выканання якой ні адзін трактар у поле не выйдзе.

Якасць ворыва ацэньваецца па некалькіх паказчыках: просталінейнасць, глыбіня, паўната і знешні выгляд паверхні ўзворвання, захаванне бакавых межаў участка і іншыя. За кожны з іх трактарысты-машыністы атрымаюць пэўную колькасць балаў, па суме якіх будуць вызначаны пераможцы і прызёры спаборніцтваў. Вынікі будуць падведзены пасля двух дзён работы.

Агранамічная служба выехала ў поле разам з удзельнікамі мерапрыемства, каб ацаніць маштаб работы і даць слушныя парады калегам.

Наша арганізацыя прадстаўлена чатырма механізатарамі: удзельнічаюць Міхаіл Дубешка, Міхаіл Калодка, Вадзім Майсейчык і Юрый Буткевіч. Нягледзячы на розны ўзрост канкурсантаў, усе яны дастаткова вопытныя і моцныя работнікі, так што спадзяёмся на высокі вынік, – расказала галоўны аграном ААТ “Граніт-Агра” Алена Майсейчык. – У гэтым годзе добра пашанцавала з палеткамі. Ёсць свае нюансы, але, я ўпэўнена, што нашы людзі справяцца.

Галоўны аграном КСУП “Хвінявічы” Аляксандр Кугейка таксама настроены на поспех сваёй каманды:

– На конкурс мы дэлегіравалі двух самых вопытных аратых – Анатоля Лаўніка і Анатоля Марука. Робім стаўку на вопыт, майстэрства і якасць. Упэўнены, што нашы спецыялісты ў гэтым не саступяць калегам, якія працуюць на новых энерганасычаных трактарах.

Механізатары прыступілі да работы адначасова, працуюць у роўных умовах. Канкурсанты падзяліліся сваім настроем на спаборніцтва.

Міхаіл Дубешка, ААТ “Граніт-Агра”:

– Удзельнічаю ў конкурсе аратых на сваім МТЗ-1523, поле выпала нядрэннае, так што іду ў добрым тэмпе. Удзельнічаю ў спаборніцтвах не ўпершыню, неаднаразова паднімаўся на другую прыступку п’едэстала. Сёлета буду старацца таксама ўвайсці ў тройку прызёраў. Тэхніку спецыяльна да конкурсу не рыхтаваў: яна заўсёды на хаду, як належыць. Жадаю ўсім, хто сёння ў полі, поспехаў, удачы і моцнага здароўя.

Анатоль Лаўнік, КСУП “Хвінявічы”:

– Мне 67 гадоў, 47 з іх я працую механізатарам. Колькі праводзіцца ў раёне конкурс аратых, столькі разоў удзельнічаў у ім. Трактар таксама ўжо з немалым стажам, аднак перад конкурсам грунтоўна яго праверыў, падрыхтаваў. Сёлета поле няпростае, хапае камення, але, думаю, спраўлюся. За прызавымі месцамі не ганюся, трэба даваць дарогу маладым. Атрымліваю задавальненне ад працэсу і прыемны бонус – прэмію за ўдзел.

Вячаслаў Кастусік, ААТ “Дварэц-Агра”:

– Настрой актыўны, працую сёння на сваім “пажылым” МТЗ-3522, 2013 года выпуску. Поле патрапілася някепскае, але неадназначнае: з аднаго боку, добрая даўжыня, з другога, з-за сырога надвор’я ёсць невялікая прабуксоўка і зніжэнне хуткасці ворыва. Рады, што сёння са мной разам малодшы сын, які цікавіцца сельскагаспадарчай тэхнікай і працэсам.

Мікалай Ганчар, ААТ “Дварэц-Агра”:

– У мінулагоднім конкурсе аратых я атрымаў прыз за якасць работы, сёлета планую як мінімум пацвердзіць такі статус. Трактары “Джон Дзір-8430” з васьмікорпусным плугам “KVERNELAND” ужо два дзесяцігоддзі служаць мне і сельгаспрадпрыемству верай і праўдай, упэўнены, што сёння таксама не падвядуць. Настрой выдатны, рабочы, папрацуем на славу. Усім удзельнікам конкурсу жадаю атрымаць задавальненне ад яго, а самым лепшым – стаць прызёрамі.

 Юрый Шыбаеў, ААТ “Дварэцкі льнозавод”:

– Гэты раённы конкурс аратых – другі ў маёй біяграфіі. Два гады таму ўдзельнічаў і адразу атрымаў паломку, якую экстранна рамантаваў у полі. Аднак гэта не перашкодзіла мне заняць трэцяе месца. Спадзяюся, сёлета выступлю не горш. На землях ільнозавода таксама прадаўжаем ворыва, а зімой, калі сезонныя работы закончацца, выходжу працаваць у цэх перапрацоўкі. Конкурс мне вельмі падабаецца, настрой выдатны. Прыемна, што арганізатары паклапаціліся аб гарачым харчаванні ўдзельнікаў.

Ужо заўтра лепшыя з лепшых на ворыве будуць адзначаны дыпломамі і грашовымі прэміямі. Цырымонія ўзнагароджання адбудзецца ў зале Жукоўшчынскага дома культуры.

Наталля АВЯРЧУК 

Подписывайтесь на телеграм-канал «Дятлово ОНЛАЙН» по короткой ссылке @gazeta_peramoga

Похожие публикации