21 лістапада адбылося пасяджэнне назіральнай камісіі пры Дзятлаўскім раённым выканаўчым камітэце пад кіраўніцтвам намесніка старшыні райвыканкама Вадзіма Бяляткі, на якім прысутнічалі спецыялісты ўпраўлення па працы, занятасці і сацыяльнай абароне райвыканкама, крымінальна-выканаўчай інспекцыі аддзела ўнутраных спраў, папраўчай установы “Папраўчая калонія-пасяленне № 26”, КСУП “Жукоўшчына”, старшыні сельвыканкамаў.

На сустрэчу былі запрошаны асобы, якія знаходзяцца на ўліку ў крымінальна-выканаўчай інспекцыі, непрацуючыя жыхары раёна.

Камісія заслухала пытанні па рабоце з асобамі, якія вызваліліся з месцаў адбывання пакаранняў, у КСУП “Жукоўшчына”, з асуджанымі ў папраўчай калоніі-пасяленні № 26, па сацыяльнай адаптацыі і прафілактыцы супрацьпраўных паводзін у такіх асоб на тэрыторыі Парэцкага сельскага савета, аб бытавым, працоўным уладкаванні тых, хто мае судзімасць.

Было адзначана, што ў раёне вядзецца мэтанакіраваная работа з грамадзянамі, якія вызваліліся з месцаў пазбаўлення волі, ім дадзена магчымасць працаўладкавання, атрымаць прафесійнае навучанне, каб аблегчыць вяртанне да звычайнага жыцця, атрымаць нармальную заработную плату, жыллё. Праблем дастаткова і іх прыходзіцца вырашаць штодзённа, ёсць прыклады парушэння працоўнай дысцыпліны, п’янства.

Размова з асобамі, якія вядуць асацыяльны лад жыцця, была прынцыповая. Прычыны, па якіх яны не працуюць, розныя: пашпарт закончыўся, камісію не прайшоў да канца, або проста “не ведаю”, заўтра зраблю, пайду. І гэта ўжо не першы раз, магчыма, яшчэ і не апошні. Некаторым з іх была пастаўлена канкрэтная ўмова і папярэджанне аб накіраваннні ў лячэбна-працоўны прафілакторый. Абяцанні многіх, на жаль, так і застаюцца ў зале, хаця знешне здаецца, што людзі разумеюць: жыццёвыя абставіны іх дайшлі да пэўнай кропкі напружання і цярпення ў камісіі. Ёсць, праўда, і тыя, да каго ўсё ж такі з дапамогай агульных намаганняў удалося дастукацца да сумлення, але і яны застаюцца на поўным кантролі.

Вадзім Бялятка адзначыў, што абавязкова  патрэбна ўзмацніць работу камісіі па барацьбе з п’янствам у арганізацыях і на прадпрыемствах, бо на тэрыторыі раёна сёлета адбыўся рост правапарушэнняў асобамі ў стане алкагольнага ап’янення, не дапускаць такіх работнікаў на працоўнае месца, праводзіць з імі пастаянную прафілактычную работу.

Таццяна САНЮК

Похожие публикации