Работнікі сельскай гаспадаркі – людзі, па-сапраўднаму адданыя сваёй справе і роднаму краю. Яны любяць і ўмеюць працаваць, паказваючы ў гэтым прыклад іншым. За плённую працу і адказнае стаўленне да справы іх імёны штогод заносяцца на раённую Дошку гонару. Сёлета такой пашаны была заслужана ўдастоена жывёлавод КСУП “Войневічы” Людміла Ляўкевіч.

Яна нарадзілася на Дзятлаўшчыне, у вёсцы Лядзіны. Пасля заканчэння Раготнаўскай школы адправілася на пошукі шчасця ў горад Гродна і далей, каб у выніку знайсці яго на малой радзіме.

– Спецыяльную адукацыю я атрымала ў прафесійным вучылішчы пры заводзе “Хімвалакно”. Былі два гады адпрацоўкі ў Барнауле, пасля некаторы час працавала на самім абласным прадпрыемстве. Ужо тады зразумела, што да гарадскога жыцця не ляжыць душа. Выйшла замуж за земляка і ахвотна вярнулася на Дзятлаўшчыну.

Жыццё закруцілася ў сваім звычайным рытме: разам з мужам працавалі ў калгасе “Горка”.

Многія гады Людміла Ляўкевіч аддала працы аператара машыннага даення, яна сама лічыць прыход у жывёлагадоўлю самым правільным выбарам у жыцці:

– З матэматыкай сябрую выдатна, я і сёння лёгка ўсё лічу без калькулятара, але паперы запаўняць ніколі не любіла. Мне больш па душы займацца з жывёламі, знаходзіць да іх падыход, – расказвае жанчына і ўзгадвае, з чаго ўсё пачыналася: – Гэта цяпер вучаць, суправаджаюць новых спецыялістаў па некалькі тыдняў. А я да гэтага на ферме нават дома кароў ніколі не даіла. У першы дзень мне паказалі работу, а на другі я ўжо самастойна выйшла ў групу. Выбару асабліва не было, справілася. Шчыра прызнаюся, галоўным памочнікам па першым часе быў муж: ён працаваў у гаспадарцы трактарыстам і разумеў у жывёлагадоўлі больш за мяне.

Людміла Ляўкевіч прыйшла ў сельскую гаспадарку ў складаныя 90-я гады – час няпэўнасці і дэфіцыту.

– Як цяпер помню, атрымалі калгасны домік, амаль адны голыя сцены. Трэба было рамантаваць дах, уцяпляць сцены, а на той час нават цвікі без сувязяў было не дастаць, – расказвае гераіня. – Прыкладна тое ж было і ў сельскай гаспадарцы, думалі, гэта канец усяму.  Рада, што мы ўсе памыляліся на гэты конт. Азіраючыся назад, на тое, як шмат захавана і памножана ў гэтай сферы, хачу выказаць словы ўдзячнасці нашаму Прэзідэнту Аляксандру Рыгоравічу за тое, што не даў загінуць сельскагаспадарчым прадпрыемствам, дзякуючы чаму мы і сёння маем работу.

Самі ж працаўнікі сяла ва ўсе часы вылучаліся адказным стаўленнем да работы і адданасцю сельскагаспадарчай галіне. На іх моцных плячах і цяпер усё трымаецца. Так і Людміла Ляўкевіч, якая ў 50 гадоў выйшла на льготную пенсію, не змагла сядзець дома без справы.

– На той момант калгас “Горка” ўжо расфарміраваўся, і я магла з чыстым сумленнем сядзець дома, гадаваць унукаў, якіх у мяне ажно шасцёра, – заўважае жанчына. – Але мне прапанавалі паспрабаваць сябе на новым малочнатаварным комплексе “Ёцавічы”, які адкрыўся ў 2012 годзе ў КСУП “Войневічы”, і я згадзілася.

З таго часу і да сённяшняга дня Людміла Віктараўна – заўжды ў страі: працуе на комплексе жывёлаводам, што ёй вельмі падабаецца.

– А што дома рабіць? Сумна дома: у печы паліць не трэба, бо ацяпленне электрычнае, вада ў кране, мые бялізну таксама машына. А тут кожны дзень весела, дружна, працуюць добрыя людзі, з якімі разам дзень пралятае прыемна і незаўважна, – кажа яна.

Людміла Ляўкевіч адзначае, што са з’яўленнем новых комплексаў, сучаснай сельскагаспадарчай тэхнікі праца жывёлаводаў істотна спрасцілася: цяпер ужо не трэба грузіць на воз і везці шматкілаграмовыя мяхі, усе кармы раздае машына. Работнікам застаецца сачыць, каб усё ішло добра, падсцілаць жывёл і наводзіць парадак у памяшканнях, выконваць іншыя звыклыя паўсядзённыя аперацыі. Работа даўно наладжана, таму ўсё ідзе, як трэба. На пытанне, ці хапае сіл на работу ў жывёлагадоўлі, Людміла Віктараўна ўпэўнена адказвае:

– Хачу працаваць хоць да 90 гадоў, пакуль здароўя і энергіі хапае.

І сапраўды, энтузіязму і жыццярадаснасці жанчыны можна толькі падзівіцца і парадавацца. Сваёй бязмежнай любоўю да сельскай гаспадаркі яна па-добраму “заразіла” сваіх унукаў, якія часта прыязджаюць з Дварца і Наваельні, з радасцю састаўляюць бабулі кампанію на працы.

– Старэйшы ўнук, ужо дарослы, хацеў купіць сабе матацыкл, я прапанавала яму папрацаваць разам са мной у цялятніку, пакуль напарнік быў у водпуску, – гаворыць жанчына. ­– Хлопцу так спадабалася, што застаўся працаваць тут на ўсё лета аж да школы. Малодшым унукам таксама вельмі цікава тое, чым я займаюся.

З нагоды надыходзячага прафесійнага свята Людміла Ляўкевіч шчыра жадае ўсім работнікам сельскай гаспадаркі моцнага здароўя, дастойнай узнагароды іх нялёгкай працы, мірнага неба над Беларуссю, а сельскагаспадарчым прадпрыемствам – стабільнасці і росквіту.

Наталля АВЯРЧУК     

Подписывайтесь на телеграм-канал «Дятлово ОНЛАЙН» по короткой ссылке @gazeta_peramoga

#АПК #сельское хозяйство #нашелучшее #нашалепшае

Похожие публикации