Не палохайцеся: скарпіёны, жукі, павукі, матылькі – гэта толькі экспанаты выставы, якая працуе ў Дзятлаўскім гісторыка-краязнаўчым музеі. З 24 кастрычніка па 30 лістапада можна пазнаёміцца з экзатычнымі насякомымі.
Што адметнае ў экспазіцыі? Пра гэта карэспандэнтка газеты пацікавілася ў галоўнага захавальніка фондаў музея І. Якаўчык.
— Ірына Станіславаўна, адкуль “зляцеліся” крылатыя насельнікі Зямлі і колькі іх у вас?
— У дзвюх музейных залах выстаўлены 173 экспанаты. Гэта матылькі, цыкады, стракозы, жукі, павукі, скрпіёны, фрыны. Калекцыя прыбыла з горада Бярозы, што на Брэстчыне, а яе ўладальнік – Уладзімір Найбіч. З ім мы працуем не першы раз. Гадоў пяць таму ён прывозіў экзатычных матылькоў, цяпер – яшчэ і жукі, а на наступны год калекцыянер абяцаў паказаць дзятлаўчанам экзатычных рыб.
— У сёлетняй калекцыі што, на вашу думку, самае адметнае?
— Мяркую, што і дзяцей, і дарослых зацікавяць найбольш жукі. Толькі назвы чаго вартыя: жук-скрыпка, жук-арлекін, жук-алень. Пра кожнага з гэтых прадстаўнікоў фаўны мы можам у час экскурсіі расказаць шмат цікавага.
— Напрыклад…
— У экспазіцыі прадстаўлены розныя жукі-насарогі. Нарост на галаве ў выглядзе рога, характэрная “паходка” і браня робяць такога жука вельмі падобным на афрыканскую жывёліну насарога, толькі ў тысячу разоў паменшаную. Самы, бадай, магутны на Зямлі жук – актыон жук-насарог, названы так у гонар міфалагічнага героя Актыона. Гэты жук мае аб’ёмнае і цяжкое цела. Кажуць, што калі такі жук у палёце з усяго маху стукнецца ў галаву чалавека, то можа збіць з ног. А насяляюць гэтыя жукі экватарыяльныя лясы Лацінскай Амерыкі.
— А іншыя “насельнікі” выставы адкуль?
— З Новай Гвінеі, Індыі, Кітая, Інданэзіі, Чылі, Перу, Танзаніі і іншых краін. Карацей кажучы – насякомыя з усяго свету.
— Таму выставу карысна паглядзець школьнікам…
— Так, у нас экскурсіі ўжо заказалі першая дзятлаўская і Казлоўшчынская школы, Дом дзіцячай творчасці, аб’яднанне “Праменчык”. Дарэчы, групавое наведванне экспазіцыі абыдзецца танней – па 10 тысяч рублёў з чалавека. Дарослы білет на выставу каштуе 15 тысяч рублёў, дзіцячы – 12 тысяч. Дзеткам да трох гадоў наведванне бясплатнае. Працуе экспазіцыя з 9 да 17 гадзін штодня, акрамя панядзелка.
— На выставе можна пабачыць і прыгожае, і пачварнае, і страшнае. Цікава, які экспанат вам асабіста найбольш падабаецца?
— Усе матылькі. Іх расфарбоўку можна разглядваць доўга, дзівіцца фантазіі маці-прыроды. Матылёк-сава, да прыкладу, мае “савіную знешнасць”, нават “савіныя вочы” – на крылцах. Можна падзівіцца на памеры птушкакрылкі-галіафа – вялізнага матыля з Новай Гвінеі.
— А самае страшнае на выставе?
–– Павукі-птушкаяды. Буйныя прадстаўнікі гэтага віду дасягаюць у даўжыню 20 сантыметраў. Вучоныя доўгі час не маглі зразумець, як удаецца гэтым павукам так далёка скакаць, не маючы моцных мускулістых ног. Аказваецца, што ў момант скачка ў павука рэзка падскоквае крывяны ціск. Часам нават да 0,5 атмасферы. Гэта вельмі многа для такой невялікай істоты, калі ўлічыць, што ў аўтамабільнай шыне ціск дасягае дзвюх атмасфераў. Кроў у гэты момант напаўняе павучыныя канечнасці, і яны з сілай разгінаюцца, штурхаючы павука ўперад і ўверх. Хоць павукі-птушкаяды не самыя ядавітыя істоты на свеце, але яны могуць пастаяць за сябе. У іх ёсць, акрамя яду, яшчэ адна “зброя” – шчацінне. Пры неасцярожным дотыку да павука яно ламаецца і ўпіваецца ў скуру, выклікаючы запаленне або вельмі моцны апёк. Пры ўсіх сваіх байцоўскіх якасцях гэтыя павукі цудоўна пачуваюць сябе ў няволі. З часам яны прывыкаюць да чалавека, з задавальненнем сядзяць на руках у сваіх бясстрашных гаспадароў. У няволі павукоў кормяць буйнымі тараканамі, многія прывыкаюць браць мяса з пінцэта.
Вось такія экзатычныя насякомыя пасяліліся на месяц у нашым музеі. Запрашаю пабачыць іх на свае вочы.
І. МІХАЙЛОЎСКАЯ