Апошнім часам зноў актывізаваліся тэлефонныя махляры, якія пад выглядам работнікаў электрычных сетак спрабуюць выведаць асабістыя даныя абанентаў.

Зламыснікі прымяняюць схему, якая не мяняецца гадамі: тэлефануюць, прадстаўляюцца работнікамі энергазабяспечвальнай арганізацыі і пад выглядам неабходнасці тэрміновага перазаключэння дагавора электразабеспячэння настойваюць, каб грамадзяне прадыктавалі свае пашпартныя даныя. Выглядае ўсё вельмі пераканаўча: называюць рэальныя адрасы і нумары факсаў, упэўненыя, што ніхто правяраць не будзе. Што робяць у выніку з выкрадзенымі асабістымі данымі, дакладна невядома.

Выяўлены ўжо дзясятки такіх выпадкаў, ёсць прэцэдэнты і на Дзятлаўшчыне. Варта заўважыць, што жыхары раёна праяўляюць пільнасць, многія сумняваюцца ў такіх званках ад “ілжээнергетыкаў” і ўдакладняюць інфармацыю ў раёне электрычных сетак.

Таксама пад выглядам праверкі лічыльнікаў, выдаючы сябе за работнікаў энергасістэмы, злачынцы спрабуюць пракрасціся ў кватэры. Пасля агляду пераконваюць гаспадароў замяніць прыбор уліку, прапаноўваючы вырашыць праблему на месцы за грошы.

Аб тым, на што звяртаць увагу ў такіх выпадках, нагадаў начальнік Дзятлаўскага РЭС Міхаіл Ступчык:

– Работнікі Гродзенскай энергасістэмы, у тым ліку Дзятлаўскага РЭС, не перазаключаюць па тэлефоне дагавор электразабеспячэння, а значыць, ніякіх асабістых звестак спецыялісты не пытаюць і не просяць іх прадыктаваць. Пераафармленне дагавора ажыццяўляецца толькі пры асабістай сустрэчы з абанентам.

Усе супрацоўнікі службы пры наведванні спажыўцоў электрычнай энергіі маюць пры сабе пасведчанне, якое змяшчае нумар, прозвішча, імя, імя па бацьку супрацоўніка, структурнае падраздзяленне, у якім ён працуе, пасаду і фотаздымак. Пасведчанне ў абавязковым парадку мае пячаць і падпісваецца кіраўніком арганізацыі. Персанал рамонтных брыгад апрануты ў спецадзенне з лагатыпам РУП “Гроднаэнерга”.

Калі ў вас узніклі сумненні, патэлефануйце ў Дзятлаўскі раён электрычных сетак па нумарах: 6-79-33, 6-78-55 або звярніцеся асабіста па адрасе: г. Дзятлава, вул. Энергетычная, 7. Рэжым работы: панядзелак, аўторак, чацвер, пятніца з 8 да 18 гадзін, серада – з 8  да 20 гадзін.

Наталля АВЯРЧУК

Подписывайтесь на телеграм-канал «Дятлово ОНЛАЙН» по короткой ссылке @gazeta_peramoga

Похожие публикации