Пра гэта даведаліся дзятлаўчане мудрага ўзросту, якія прыйшлі ў кінатэатр “Спадарожнік” на аднайменную п’есу.

Яркае выступленне драматычнага народнага калектыву “Мудрасць плюс” Навагрудскага раённага цэнтра культуры і народнай творчасці нікога не пакінула раўнадушным. Напярэдадні Дня пажылых людзей драматычны твор у якасці творчага падарунка ад суседзяў па раёне прымалі наведвальнікі аддзялення дзённага знаходжання для пажылых людзей і падтрымкі ў крызіснай сітуацыі Цэнтра сацыяльнага абслугоўвання насельніцтва Дзятлаўскага раёна. Мерапрыемства прайшло ў рамках рэспубліканскай акцыі “Павага. Клопат. Адказнасць”, якая доўжыцца ў Беларусі з 1 верасня па 31 кастрычніка.

Сустрэча выдалася багатай на песні, эмоцыі, падарункі, апладысменты, добры настрой. Іх дарылі не толькі навагрудчане, але і гаспадары пляцоўкі. Пасля п’есы і канцэрта за кубачкам чаю артысты і ўдзельнікі аддзялення пазнаёміліся бліжэй. Нотку паэзіі ў цёплую сяброўскую атмасферу прыўнеслі нашы зямлячкі Раіса Лакіза і Ірына Варабей, якія чыталі прысутным уласныя вершы.

Арганізатары і гледачы падзяліліся ўражаннямі.  

Галіна Касцюк, загадчыца аддзялення дзённага знаходжання для пажылых людзей і падтрымкі ў крызіснай сітуацыі ЦСАН Дзятлаўскага раёна:

– Два тыдні таму са мной звязалася Вольга Гайдук, расказала, што з’яўляецца рэжысёрам драматычнага калектыву з Навагрудчыны, у саставе якога артысты 60+, прапанавала арганізаваць сумесную творчую сустрэчу на Дзятлаўшчыне. Зразумела, мы не адмовіліся.

Уражанні самыя станоўчыя. Асабліва спадабалася, што артысты размаўлялі па-беларуску. Мы людзі з важкім жыццёвым вопытам, і моманты са спектакля многім нагадвалі сцэны з уласнага жыцця. Я заўважала ў некаторых жанчын нашага аддзялення слёзы на вачах. Песні таксама былі кранальныя. Думаю, такая глыбіня адчувалася таму, што ў саставе калектыву “Мудрасць плюс” удзельнікі сярэбранага ўзросту. Цяпер у Навагрудак запрасілі нас. Спадзяюся, што гэта ўдасца зрабіць. Таксама падрыхтуем цікавую праграму. Суседзі па раёне ўжо выказалі пажаданне, каб з песнямі выступіў Сяргей Малышчык, які родам з іх краёў.

Вольга Гайдук, рэжысёр драматычнага народнага калектыву “Мудрасць плюс” Навагрудскага раённага цэнтра культуры і народнай творчасці:

– Наш драматычны калектыў прадставіў на Дзятлаўшчыне п’есу “Жыццёвы калаўрот”. Разам з вакальным ансамблем “Радасць” напярэдадні Дня пажылых людзей мы прыехалі ў Дзятлаўскі раён з такім творчым падарункам, каб падбадзёрыць сваім выступленнем людзей сярэбранага ўзросту, пазнаёміцца, абмяняцца пазітыўнымі эмоцыямі. Гэта быў тур-знаёмства. Дзятлава сустрэла вельмі гасцінна, сустрэча выдалася надзвычай цёплай і эмацыйнай, усё спадабалася.

Ларыса Кашавенка, удзельніца клуба “Нам гады не бяда”:

– Для нас вялікая радасць – сустракаць гасцей. Цудоўна, што нам надаюць столькі ўвагі. Увогуле ў аддзяленні мы як адна сям’я, жывём актыўна і цікава. Збірацца разам, размаўляць, успамінаць – гэта так цудоўна. Дзякуй кіраўніцтву аддзялення, што клічуць нас на мерапрыемствы, арганізоўваюць цікавыя сустрэчы. Нам гэта вельмі патрэбна.   

Раіса Лакіза, удзельніца клуба “Нам гады не бяда”:

– На душы самыя цёплыя ўражанні і ўспаміны пра маладосць. Радуе, што былыя традыцыі адраджаюцца: сустрэчы, песні, вершы – усё для нас, людзей мудрага ўзросту, якія прадаўжаюць жыць і ствараць сваё шчасце. Прыемна ўзрушыла ігра артыстаў: усё натуральна, яны літаральна пражывалі свае вобразы на сцэне. Захацелася і ў нас стварыць штосьці падобнае. Маё сардэчнае прызнанне навагрудчанам, нізкі паклон.

Ірына СТЫРНІК

Подписывайтесь на телеграм-канал «Дятлово ОНЛАЙН» по короткой ссылке @gazeta_peramoga

#нашелучшее #нашалепшае

Похожие публикации