Дзень народнага адзінства ў нашай краіне сімвалізуе акт гістарычнай справядлівасці. Свята ўваходзіць ў “трылогію” галоўных дзяржаўных нараўне з Днём Перамогі і Днём Незалежнасці.
Упершыню на самым высокім узроўні ідэя яго заснавання прагучала на VI Усебеларускім народным сходзе ў лютым 2021 года, які праходзіў пад лозунгам “Адзінства. Развіццё. Незалежнасць”, і была вынесена на ўсеагульнае абмеркаванне.
Большасць беларусаў зрабілі выбар на карысць 17 верасня. На пляцоўцы Адміністрацыі Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь адбыліся экспертныя абмеркаванні з удзелам спецыялістаў Беларускага інстытута сацыялагічных даследаванняў, Акадэміі кіравання пры Прэзідэнце Рэспублікі Беларусь, НАН Беларусі, Міністэрства замежных спраў, гістарычнай грамадскасці. Экспертнае меркаванне супала з грамадскім.
Так, Указам Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь ад 7 чэрвеня 2021 года № 206 было заснавана дзяржаўнае свята − Дзень народнага адзінства.
Экскурс у гісторыю дапаможа глыбей зразумець сэнс выбранай даты. Карту Беларусі кроілі не аднойчы. Мы памятаем аб заключэнні Брэсцкага (3 сакавіка 1918 года) і Рыжскага (18 сакавіка 1921 года) мірных дагавораў. Але падобны “мір” быў не пра нас: у выніку першага нашу зямлю падзялілі паміж Германіяй і Савецкай Расіяй. Перагаворы праходзілі ў Брэсце, але паўнамоцтвы накіраваных туды беларускіх прадстаўнікоў адмовіліся нават прызнаць. Пасля заключэння Рыжскага дагавора беларуская нацыя і яе этнічная тэрыторыя былі падзелены на тры часткі. Як суверэнная дзяржава ССРБ функцыянавала ў межах шасці паветаў былой Мінскай губерні на плошчы 52,4 тысячы квадратных кіламетраў. Мірны дагавор быў падпісаны без удзелу беларусаў, бо, маючы гістарычнае права на свае землі і самавызначэнне нацыі, мы не мелі сілы іх адстаяць. Свае землі беларускі народ вяртаў доўгія 18 гадоў. Спачатку ўсходнія (у 1924 і 1926 гадах), затым заходнія (у 1939-м).
Польскі акупацыйны рэжым праводзіў палітыку этнацыду, і вераснёўскія падзеі 1939 года ліквідавалі гістарычную несправядлівасць Рыжскага дагавора. Тэрыторыя Беларусі зноў стала цэласнай і вярнулася да сваёй векавой гістарычнай традыцыі. На вызваленых заходне-беларускіх землях былі створаны ўмовы для будаўніцтва новага жыцця, нацыянальнае адзінства паслужыла найважнейшай умовай для нацыянальна-дзяржаўнага развіцця, агульнага паступальнага руху да прагрэсу.
Нездарма Прэзідэнт Аляксандр Лукашэнка адзначае асаблівую важнасць уз’яднання беларускіх тэрыторый у 1939 годзе:
– Памяць аб гэтай падзеі жыве ў сэрцах беларусаў, бо яна стала актам гістарычнай справядлівасці ў адносінах да беларускага народа, падзеленага супраць яго волі. Вось чаму патрэбны суверэнітэт і незалежнасць – каб нас ніколі больш супраць нашай волі не дзялілі. 17 верасня сімвалізуе непахіснасць тэрытарыяльнай і этнічнай кансалідацыі беларускай нацыі.
Ірына СТЫРНІК
Подписывайтесь на телеграм-канал «Дятлово ОНЛАЙН» по короткой ссылке @gazeta_peramoga