На адрас рэдакцыі прыйшло пісьмо ад жыхаркі райцэнтра, якая папрасіла не называць яе імя, паколькі падобная сітуацыя можа здарыцца з любым чалавекам.
Вось што піша жанчына: “Так склалася, што я сур’ёзна хварэю, вынікі аналізаў па электроннай пошце неабходна рэгулярна пасылаць на Гродна. Быў у мяне ўчастковы доктар-мужчына, вельмі добры і ўважлівы, да ўсяго адносіўся прафесійна.
Аднойчы, калі ён адсутнічаў, для здачы аналізаў мяне накіравалі ў іншы кабінет. Аднак доктар сустрэла пытаннем: “Чаму вы прыйшлі, у вас ёсць свой участковы?”. Я адчула сябе школьніцай, якой зрабілі заўвагу. Стаю, апраўдваюся: “Дык талончык да вас далі”. Тым часам медык паклікала сваю памочніцу, якая зрабіла ўсе неабходныя маніпуляцыі, адным словам, скончылася ўсё добра.
Праз пэўны час гісторыя паўтараецца: мой участковы доктар адсутнічае, а мяне пасылаюць у іншы кабінет, да Паліны Латушка. Ішла і моцна перажывала, з парога пачала прасіць прабачэння, што іду не да свайго спецыяліста. Была прыемна ўражана, калі пачула дружалюбнае: “Паколькі вас сюды адправілі, будзем лячыцца”.
Доўгі час наведваю гэты кабінет, і лічу, што Паліна Дзмітрыеўна – доктар ад Бога. Уважлівая, тактоўная, добрая. Ад яе выходжу і адчуваю сябе больш здаровай, бо добрае слова і адносіны дапамагаюць не горш за лекі. Былі б усе медыкі такімі, мяркую, людзі менш хварэлі б.
Жадаю Паліне Латушка і надалей заставацца чалавекам са шчырым сэрцам і адкрытай душой, зычу ёй здароўя, сілаў, каб іх хапала для няпростай работы і каб свой дар яна пранесла праз усё жыццё”.
А вы згодныя з меркаваннем нашай зямлячкі, што дабрыня таксама лечыць?
Падрыхтавала Ірына СТЫРНІК
Подписывайтесь на телеграм-канал «Дятлово ОНЛАЙН» по короткой ссылке @gazeta_peramoga