У эпоху інтэрнэту і паўсюднай цыфравізацыі пытанне аб неабходнасці бібліятэк і кніг становіцца ўсё больш актуальным як для паклоннікаў папяровых выданняў, так і для тых, хто выбраў прафесію бібліятэкара. Штодзень выконваючы свае прафесійныя абавязкі, работнікі гэтай сферы прыводзяць чытачоў у дзіўны свет культуры і духоўнасці, выхоўваюць любоў да пазнання. Пра тое, як цяпер жывуць бібліятэкі, чым прывабліваюць сучасных чытачоў і пра любоў да прафесіі, пагутарылі з бібліятэкарам аддзела маркетынгу сацыякультурнай дзейнасці, метадычнай работы і фарміравання бібліятэчнага фонду Дзятлаўскай раённай бібліятэкі Марынай Бортка.
– Мой шлях у бібліятэчную сістэму быў цікавым і даволі працяглым, – дзеліцца Марына Леанідаўна. – Спачатку я скончыла ПТВ горада Ліды, затым завочна – Магілёўскі бібліятэчны тэхнікум і нарэшце Беларускі дзяржаўны ўніверсітэт культуры і мастацтваў. Працоўную дзейнасць пачала ў бібліятэцы сваёй роднай вёскі Раманавічы, затым перайшла ў Дзятлаўскую раённую бібліятэку. І вось ужо 31 год працую ў гэтай сферы. Не думала, што так адбудзецца ў маім жыцці, аднак бібліятэчная справа мяне моцна захапіла. Стасункі з людзьмі, знаходжанне ў пастаянным сацыяльным кантакце не сталі перашкодай, наадварот, з часам я ўпэўнілася, што гэта маё.
– Чым, акрамя кніг, Дзятлаўская бібліятэка можа зацікавіць чытачоў?
– У раёне дзесяць бібліятэк, мы аказваем ім практычную, метадычную дапамогу. Сучасныя бібліятэкары не толькі выдаюць кнігі чытачам, мы праводзім розныя конкурсы, ладзім выставы, знаёмім з кніжнымі навінкамі. Напрыклад, у гэтым годзе зрабілі летні “БібліяАрбат”, нядаўна ўзнагародзілі пераможцаў конкурсу летняга чытання. Ходзім у школы і дзіцячыя садкі з пастаноўкамі, ладзім сустрэчы з людзьмі розных прафесій, праводзім Тыдзень дзіцячай і юнацкай кнігі. Цяпер працуем над праектам “Хвінявіцкія вандроўкі: маршрут пабудаваны”, з якім будзем прымаць удзел у рэспубліканскім конкурсе “Бібліятэка – асяродак нацыянальнай культуры”.
– Колькі самі прачыталі кніг за сваё жыццё?
– Гэтага сказаць не магу, але любіла чытаць з самага дзяцінства, асабліва на ваенную тэматыку. Назаўжды запомнілася кніга “Маці чалавечая” Віталія Закруткіна, настольнай кнігай была “Маладая гвардыя” Аляксандра Фадзеева. Я і сваім дзецям і ўнукам прывіла любоў да чытання. І хоць многія гавораць, што культура чытання ў свеце памірае, я з гэтым зусім не згодная. Як жа людзі змогуць без кнігі?
– Якой бачыце бібліятэку і вашу прафесію праз 10 гадоў?
– Мабыць, яна будзе амаль уся камп’ютарызаваная. Але я лічу, што класічную папяровую кнігу нішто не заменіць. Нават модныя і папулярныя цяпер электронныя кнігі – гэта зусім не тое, калі гартаеш папяровыя старонкі. Сёння наша прафесія не дазваляе спыняцца на месцы, патрабуе пастаянна самаўдасканальвацца, павышаць сваё майстэрства, быць чалавекам творчым, ісці ў нагу з часам. Вядомы выраз “той, хто валодае інфармацыяй – валодае светам” менавіта пра нас, бібліятэкараў.
– Ці хацелася калі-небудзь памяняць сферу дзейнасці?
– Не буду ўтойваць, бывалі моманты, што задумвалася пра гэта. Але ўжо, пэўна, “прырасла” тут, дасканала ведаю сваю работу, часта нават у вольны час, убачыўшы нейкую навінку, пачынаю разважаць і планаваць, як гэта можна прымяніць у нашай бібліятэцы.
– Як адпачываеце ад работы?
– Гатаваць люблю, агародніну вырошчваць, а больш за ўсё – спакойны сямейны адпачынак, з дзецьмі і ўнукамі.
– Ваша жыццёвае крэда.
– Калі чагосьці хочаш – галоўнае, цвёрда верыць у тое, што дасягнеш жаданага. Ідзі па жыцці з усмешкай і аптымізмам!
– Вашы пажаданні калегам і чытачам да свята.
– Сваім любімым калегам жадаю светлага настрою, здароўя, поспехаў у справах, цяпла, любові і дабрабыту. А дарагім чытачам раю хадзіць у бібліятэкі і заўжды сябраваць з цудоўным і неверагодным светам кніг.
Святлана ГРЫШЫНА
Подписывайтесь на телеграм-канал «Дятлово ОНЛАЙН» по короткой ссылке @gazeta_peramoga