Гандаль – адзін з важных складальнікаў забеспячэння якасці жыцця насельніцтва, а яна, як зазначае Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка, павінна быць аднолькава высокай як у вялікіх гарадах, так і ў сельскай мясцовасці.


Сфера гандлю ў нашым раёне знаходзіцца на пастаянным кантролі райвыканкама і раённага Савета дэпутатаў. Вось і на гэты раз на маніторынг у адзін з буйных магазінаў горада – “Еўраопт” – накіраваліся старшыня раённага Савета дэпутатаў Аляксандр Бараноўскі і намеснік старшыні райвыканкама Вольга Жэлезоўская.








Увагу ў час праверкі звярталі на цэны, асартымент, перавагу ў ім тавараў айчыннай вытворчасці, іх якасць, тэрмін прыдатнасці, выкладку – адным словам, усё тое, што робіць магазін камфортным для пакупнікоў.


– Па выніках нарады ў Прэзідэнта наконт якасці гандлю ў сельскай мясцовасці ажыццяўляецца кантроль за работай гандлёвых аб’ектаў як у невялікіх населеных пунктах, так і ў райцэнтрах, – расказаў Аляксандр Бараноўскі. – У нашым раёне маніторынгі на сяле ладзяць старшыні і дэпутаты сельвыканкамаў, у горадзе гэта пытанне на маім кантролі. У цэнтры ўвагі не толькі дзяржаўныя, але і прыватныя, у тым ліку сеткавыя магазіны. Сёння ўпэўніліся, што ў “Еўраопце” ўсё адпавядае патрабаванням. За апошнія пяць-шэсць гадоў нараканняў на гэты магазін ад людзей праз звароты грамадзян і сустрэчы з насельніцтвам і ў працоўных калектывах мне не паступала. Асартымент і цэнавы дыяпазон у “Еўраопце” вялікі, толькі хлебабулачных вырабаў дзясяткі гатункаў. Уражанне станоўчае.

– “Еўраопт” у Дзятлаве працуе ўжо дзесяць гадоў, – нагадала яго дырэктар Таццяна Маліка. – Яго агульная плошча больш за 2200 метраў квадратных, таму тут функцыянуюць яшчэ і арэндныя магазінчыкі, якія задавальняюць розныя патрэбы насельніцтва: аптэка, павільёны сотавай сувязі, выраб ключэй, магазін касметыкі.
Калектыў нашага “Еўраопта” – 28 супрацоўнікаў гандлю і 6 – па вырабе прадукцыі ўласнай вытворчасці. Найбольшы наплыў пакупнікоў, як правіла, бывае ў выхадныя дні, калі за змену абслугоўваем да дзвюх тысяч чалавек. Пераважную долю ў асартыменце тавараў займаюць айчынныя, якія выдзелены спецыяльнымі шэлфтокерамі “Родныя тавары”. Гэта практычна ўся малочная прадукцыя, хлебабулачная, вялікая частка кандытарскіх вырабаў. Значная ўвага надаецца наяўнасці прадукцыі мясцовай сельскай гаспадаркі, якая ў тым ліку нарыхтоўваецца ў насельніцтва. Актыўна ў нашай сетцы дзейнічае сістэма скідак і акцый, такіх як “Чырвоная цана”, “Цэны ўніз”, “Удача ў прыдачу”, праводзіцца рэкламная гульня для дзяцей “Мэйджыкі”. Укараняюцца новыя тэхналогіі. Напрыклад, у нас устаноўлены пяць касаў самаабслугоўвання. Яны дазваляюць паскорыць працэс аплаты пакупак: пакуль у касіра абслугоўваецца адзін кліент, тут паспяваюць разлічыцца пяць. За абсталяваннем замацаваны спецыяліст, які дапамагае пакупнікам разабрацца з работай гэтай тэхнікі. Калі раней на КСА быў толькі безнаяўны разлік, то цяпер разлічвацца можна і грашыма – узяць чэк і аплаціць у касіра. Тэхналогія дазваляе вызваліць працоўныя рэсурсы, скіраваць іх на вырашэнне іншых задач, напрыклад, выкладку тавараў, праверку тэрмінаў прыдатнасці.









– Гандаль заўжды быў на асаблівым кантролі спецыялістаў, – расказала аб рабоце ў раёне ў цэлым Вольга Жэлезоўская. – Цяпер вялікая ўвага нададзена яго функцыянаванню ў сельскай мясцовасці. Правяраецца не толькі асартымент, але і добраўпарадкаванне, санітарны стан магазінаў. Маніторынгі ладзім сумесна са спецыялістамі сельвыканкамаў. Праводзіцца рэвізія руху аўталавак, захаванне імі графіка, маршрутаў. На Дзятлаўшчыне функцыянуе дзевяць аўтамагазінаў, адзін з якіх – прыватны. Яны абслугоўваюць 47 маршрутаў (40 – дзяржгандаль, 7 – прыватны). Праведзена апытанне насельніцтва аб якасці абслугоўвання Дзятлаўскім філіялам аблспажыўтаварыства. Нараканні прагучалі на магазін у вёсцы Дзянісава, аднак у час праверкі спецыялістамі ўпраўлення гандлю Гродзенскага аблвыканкама факты не пацвердзіліся. На мінулым тыдні ў раён выязджала яшчэ і кіраўніцтва аблспажыўтаварыства, з якім праверылі работу аўталавак у вёсках Малдуці і Ведравічы, паразмаўлялі з жыхарамі сельсавета. Скаргаў ад людзей не прагучала, адзіная заўвага была па якасці дзятлаўскага хлеба, якая перыядамі парушаецца. Кіраўніцтвам аблспажыўтаварыства прынята рашэнне накіраваць на Дзятлаўскі хлебазавод групу гродзенскіх тэхнолагаў. Яны правераць прадпрыемства, рэцэптуру, сыравінную базу і пастараюцца выявіць прычыну збояў у якасці.
Ірына СТЫРНІК
Подписывайтесь на телеграм-канал «Дятлово ОНЛАЙН» по короткой ссылке @gazeta_peramoga