Больш за 25 гадоў жыцця рабоце ў праваахоўных органах Беларусі прысвяціў наш зямляк – старшы следчы раённага аддзела Следчага камітэта маёр юстыцыі Міхаіл Шафарэвіч.
За шматгадовую працу і паспяховае выкананне службовых абавязкаў у ліпені гэтага года Міхаіл Анатольевіч адзначаны дзяржаўнай узнагародай за подпісам Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь Аляксандра Лукашэнкі – медалём “За бездакорную службу” ІІІ ступені.
Калегі характарызуюць Міхаіла Шафарэвіча як сапраўднага прафесіянала сваёй справы, адказнага, абавязковага, на якога можна раўняцца.
Нарадзіўся будучы праваахоўнік у Гродне, дзе яго бацькі атрымлівалі адукацыю, аднак усё свядомае жыццё правёў на Дзятлаўшчыне, куды сям’я прыехала працаваць. Ён скончыў сярэднюю школу № 3 горада Дзятлава (цяпер імя І. Ю. Філідовіча), Гродзенскі дзяржаўны аграрны ўніверсітэт.
Першае знаёмства з прафесіяй ахоўніка правапарадку адбылося ў час тэрміновай ваеннай службы, якую юнак праходзіў ва ўнутраных войсках у Гродне ў часці 5522, дзе даводзілася прымаць удзел у ахове грамадскага правапарадку. Пасля вяртання на малую радзіму Міхаіл Анатольевіч нядоўгі час працаваў па грамадзянскай спецыяльнасці, аднак хутка вырашыў для сябе, што яго выбар – насіць пагоны і абараняць спакой і законныя інтарэсы грамадзян.
У 2000 годзе Міхаіл Шафарэвіч паступіў на службу міліцыянерам-вадзіцелем групы затрымання раённага аддзела Дэпартамента аховы. Праз пэўны час перавёўся ў аддзел унутраных спраў Дзятлаўскага райвыканкама, дзе працаваў на розных пасадах, у тым ліку ўчастковым інспектарам міліцыі, а ў 2009-м прыйшоў у органы следства. Ужо тады яго настаўнікам па прафесіі стала Таццяна Пратаковіч, якая прывіла любоў да следчай справы, таму не дзіўна, што ў 2011 годзе, калі быў заснаваны Следчы камітэт Рэспублікі Беларусь і ў Дзятлаве адкрылася яго раённае падраздзяленне, Міхаіл Шафарэвіч выказаў жаданне тут працаваць.
За плячыма сённяшняга прафесіянала не толькі доўгія гады работы, але і другая вышэйшая адукацыя, якую ён атрымаў на завочным аддзяленні Акадэміі МУС Рэспублікі Беларусь. За дзесяцігоддзі работы ў Міхаіла Анатольевіча былі і бяссонныя ночы, і стосы рабочай дакументацыі, і шмат іншых складаных момантаў, аднак на пытанне, ці памяняў бы ён свой прафесійны выбар на іншы, упэўнена адказвае: “Не”.
Міхаіл Шафарэвіч прызнаецца, што любіць сваю нялёгкую справу за магчымасць працаваць з людзьмі, за тое, што кожны рабочы дзень прыносіць новыя задачы і сітуацыі, таму служыць складана і цікава адначасова. Спраўляцца з цяжкасцямі дапамагае цвёрды характар, дысцыплінаванасць, якой навучыла армія, а загартавала прафесія, веданне псіхалогіі і галоўны прынцып, які выхоўвалі бацькі: адносіцца да людзей па-людску, нягледзячы на абставіны.
На пытанне, ці праўда, што работу следчага акружае арэол рамантыкі і таямніцы, Міхаіл Анатольевіч адказвае, што на справе гэта не так. Жадаючых прыйсці на службу ў Следчы камітэт чакае ўважлівая паўсядзённая праца, часам руцінная, але вельмі адказная і патрэбная, бо за ёю – людскія лёсы, таму памылак быць не павінна. Затое наколькі прыемна чуць ад людзей шчырае “дзякуй” за прафесійна зробленую работу.
Набрацца сіл пасля цяжкіх будняў Міхаілу Шафарэвічу дапамагаюць выезды на прыроду, дзе ў лясной цішы ў пошуках грыбоў ці з вудай каля вадаёма ён адпачывае душой і любуецца маляўнічымі краявідамі.
Сваім калегам да свята Міхаіл Анатольевіч зычыць моцнага здароўя, цярпення, поспехаў у рабоце, спакойных працоўных будняў, ладу і дабрабыту ў сем’ях.
Ірына СТЫРНІК
Подписывайтесь на телеграм-канал «Дятлово ОНЛАЙН» по короткой ссылке @gazeta_peramoga
#нашелучшее #нашалепшае