Гэта падзея стала сенсацыйнай для аграрнай сферы Дзятлаўшчыны: упершыню ў раёне ўбіраюць і здаюць цукровыя буракі ў жніўні, а не ў канцы верасня, як было раней.


Дзякуючы частым летнім дажджам і сонцу караняплоды набылі таварны выгляд на цэлы месяц раней за тэрмін. Ранняя ўборка культуры абумоўлена не толькі кандыцыяй, а яшчэ адным фактарам, пра які расказала галоўны аграном ААТ “Граніт-Агра” Алена Майсейчык:

– Першы дзень убіраем і адвозім цукровыя буракі, пачалі з урочышча Таркачы Склад, плошча якога складае 130 гектараў. Віды на ўраджай маем добрыя – каля 700 цэнтнераў з гектара. Адгрузка вядзецца на Скідзельскі цукровы завод на аўтамабілі камбіната. У сярэднім будзем грузіць па 550 тон штодзень да завяршэння ўборкі. Прадпрыемства гатова прымаць нашу прадукцыю поўнасцю і плаціць надбаўку за ранні тэрмін яе здачы.

– Які аб’ём работы і як з ім спраўляецеся?
– Усяго ў гаспадарцы пасеяна 360 гектараў цукровых буракоў. На ўборцы задзейнічаны буракаўборачны камбайн гродзенскай кампаніі, выбраны шляхам тэндара, які будзе працаваць кругласутачна. У пагрузцы нам падставілі плячо дапамогі калегі з КСУП “Войневічы”, мы вельмі ўдзячны ім за гэта.


Ужо не першы год падтрымаць гранітаўцаў у сезон буракоў прыязджае загадчык майстэрні КСУП “Войневічы” Міхаіл Семянік. Ён кіруе ачышчальнікам-пагрузчыкам “Нolmer terra felis”, на якім працуе трынаццаты сезон.

– Дапамагаем там, куды клічуць, – кажа мужчына. – Кожны год гружу цукровыя буракі не толькі ў сваёй гаспадарцы, па ўсёй Дзятлаўшчыне, але і ў іншых раёнах вобласці. Тэхніка немаладая, але слухаецца добра, бо ў адных руках.

Міхаіл Мікалаевіч прызнаецца, што такога аграрнага дзіва, як сёлета, яшчэ не бачыў: цукровыя буракі парадавалі нават вопытных працаўнікоў сяла.

З першых дзён верасня да ўборкі салодкага ўраджаю плануюць далучыцца іншыя сельгаспрадпрыемствы раёна.

Наталля АВЯРЧУК
Подписывайтесь на телеграм-канал «Дятлово ОНЛАЙН» по короткой ссылке @gazeta_peramoga
#сельское хозяйство #АПК #нашелучшее #нашалепшае