На Дзятлаўшчыне нямала работнікаў, якія ўсю сваю працоўную дзейнасць прысвяцілі аднаму калектыву, прадпрыемству. Яны ведаюць сваю справу на “выдатна” і выконваюць яе заўжды на 100 %. Такія людзі, як невялікія на першы погляд, але надзвычай важныя дэталі аднаго механізма, без якіх ён не будзе функцыянаваць.
З пляяды такіх працаўнікоў – сартавальніца кароткага валакна ААТ “Дварэцкі льнозавод” Наталля Фядотава, якая за шматгадовую сумленную працу на малой радзіме была адзначана сертыфікатам аб занясенні на раённую Дошку гонару. Ва ўрачыстай абстаноўцы 1 мая яго ўручыў старшыня райвыканкама Андрэй Садоўскі.
Наталля Анатольеўна ўсё жыццё ў аграгарадку Дварэц. Яна прадоўжыла сямейную дынастыю, прысвяціла рабоце на прадпрыемстве 33 гады, бачыла, як будуецца новы завод, мадэрнізуецца вытворчасць.

– Мае бацькі таксама працавалі на льнозаводзе: мама – трасільшчыцай, тата – у рамонтнай майстэрні, – кажа жанчына. – Помню, як матуля яшчэ з дзяцінства расказвала пра сваю работу, і мне было вельмі цікава, як там усё адбываецца. Тады яшчэ не задумвалася аб тым, што буду таксама працаваць на заводзе.
Аднак жыццё само падказала дарогу: пачатак 90-х стаў выпрабаваннем на трываласць для ўсіх беларусаў. На той час Наталля была старшакласніцай, старэйшай дачкой у сям’і, яна стала падтрымкай для бацькоў і малодшай сястры Марыны.
– Цяжкавата было тады, трэба сям’і дапамагаць, таму пайшла працаваць на льнозавод, – расказвае жанчына.
Пасля заканчэння школы яна дачакалася паўналецця і ў 1992 годзе ўладкавалася на прадпрыемства, спачатку аператарам сушыльнага абсталявання, а калі асвоіла базавыя навыкі – раскладчыкам сыравіны, не мяняла працоўнае месца дзесяцігоддзямі. Гэты ўчастак на лініі – адзін з самых адказных і складаных: за васьмігадзінную рабочую змену праз рукі жанчыны праходзіць каля 9 тон ільнотрасты. Сама Наталля Фядотава кажа, што такая нагрузка яе ўжо даўно не палохае. Усё рабіць трэба не толькі хутка, але і дакладна, раскладваць сыравіну роўным тонкім слоем, каб без перашкодаў прайшла праз усе механізмы і атрымалася на выхадзе якаснае льновалакно. Працаваць практычна без прастояў і паўзаў – сапраўднае майстэрства, якога з гадамі дасягнула работніца.
– Ужо прывыкла за гады, спраўляюся, працую хутка і ўсё паспяваю, – кажа жанчына. – Графік работы ў нас трохзменны, ёсць перапынкі на абед і невялікія адпачынкі. У змене нас разам з майстрам адзінаццаць чалавек, практычна ўсе жыхары аграгарадка Дварэц, людзі з вялікім вопытам. Працуем дружна, калі трэба, дапамагаем адна адной.

На заводзе, як у любой важнай справе: давярай ды правярай. Таму, калі прыходзіць на змену, надзявае спецадзенне і сродкі індывідуальнай аховы, праходзіць у цэх, першае, што робіць Наталля Анатольеўна, гэта правярае чысціню на працоўным месцы, работу кнопак пуску і спынення транспарцёра. Сама таксама пакідае ў ідэальным парадку за сабой месца для наступнай змены.
– Тэхніка бяспекі і акуратнасць абавязковыя для ўсіх і выконваюцца бясспрэчна, бо ад іх залежаць жыццё і здароўе людзей, – адзначае яна.
За сваю біяграфію жанчына папрацавала на розных вытворчых лініях ільнозавода. І яна можа ўпэўнена заявіць: з кожным годам умовы паляпшаюцца: у цэху светла, чыста, ёсць спецыяльная сістэма пылападаўлення.
Сёлета Наталля Фядотава не толькі была адзначала ў ліку лепшых працаўнікоў раёна. Ёй прапанавалі работу на іншым участку – сартаванні кароткага валакна, з якой яна таксама добра спраўляецца.
Наталля Анатольеўна прызнаецца, што ніколі не думала аб тым, каб змяніць месца работы ці пераехаць у іншую мясцовасць:
– Аграгарадок Дварэц – мая малая радзіма, цудоўнае месца для жыцця. Тут маляўнічая прырода, знаёмыя людзі, бацькоўскі дом, які дастаўся ў спадчыну нам з сястрой. Шчасце працаваць на радзіме: работа ўжо звыклая, добра аплачваецца, акрамя таго, начальства рэгулярна адзначае нас прэміямі за вытворчыя вынікі.
Усім, хто шчыра працуе і любіць сваю справу, Наталля Анатольеўна жадае шчасця, здароўя, міру і дабрабыту.
Наталля АВЯРЧУК
Подписывайтесь на телеграм-канал «Дятлово ОНЛАЙН» по короткой ссылке @gazeta_peramoga
#нашелучшее #нашалепшае