У Свіслачы прайшоў штогадовы традыцыйны каравай-фэст, удзельнікамі якога на розных пляцоўках сталі і нашы землякі.

Зборная Дзятлаўскага раёна паспяхова выступіла ў спартыўна-забаўляльнай эстафеце “Бацькава міля”, заваяваўшы спецыяльны прыз “За волю да перамогі”. Спартсмены-аматары спаборнічалі з 17 камандамі Гродзенскай, Брэсцкай абласцей і прадпрыемстваў горада Свіслачы, па выніках конкурснай праграмы занялі шостае месца.

У Дзятлаўскім райвыканкаме павіншавалі ўдзельнікаў каманды з яркім дэбютам і адзначылі памятнымі падарункамі, якія ўручылі намеснік старшыні раённай арганізацыі РГА “Белая Русь” Вольга Рагачова і першы сакратар райкама ГА “БРСМ” Кацярына Хілімончык.

– Дзякуй за тое, што дастойна прадставілі Дзятлаўшчыну на міжраённым узроўні, паказалі камандны дух, зладжанасць і волю да перамогі. Жадаю вам новых перамог і дасягненняў, – адзначыла Вольга Мікалаеўна.



Удзельнікі каманды падзяліліся сваімі ўражаннямі ад паездкі.
Віктар Якшук, намеснік дырэктара фізкультурна-спартыўнага клуба:

– Каманда Дзятлаўскага раёна на каравай-фэсце “Бацькава булка” называлася “Адзінства”, я быў яе капітанам. Вельмі хацелі паўдзельнічаць у конкурсе і не шкадуем, што паспрабавалі. Актыўныя, пазітыўныя, мы згуртаваліся, паказалі дастойны вынік і самі атрымалі задавальненне ад мерапрыемства. У ходзе праграмы нам трэба было прайсці этапы, звязаныя са жнівом і выпяканнем хлеба, а таксама гаспадарчымі заняткамі вяскоўцаў. Да конкурсу рыхтаваліся, праглядвалі мінулагоднюю праграму, абдумвалі тактыку, і гэта нам дапамагло зарыентавацца на самім выступленні. Справіліся на дзесяць з дзесяці і, што немалаважна, наладзілі сяброўскія стасункі з іншымі камандамі. Нас ужо запрасілі на наступны год прыехаць зноў. У знак дружбы і партнёрства каманда Свіслацкага раёна прыме ўдзел на спартыўнай пляцоўцы на нашым “Зецельскім фэсце”.
Валерыя Свірская, медыцынскі статыстык Дзятлаўскай ЦРБ:

– Упершыню патрапіла на такі конкурс і фестываль “Бацькава булка” ў якасці ўдзельніцы, дзякуй за гэта аргкамітэту Дзятлаўскага раёна. Уражанняў шмат! Феерычнае, маштабнае мерапрыемства: шмат самых розных хлебабулачных вырабаў, я нават фатаграфавала на тэлефон каравай, прысвечаны 80-годдзю Вялікай Перамогі. Спадабаліся па-святочнаму аздобленая сцэна, вясковы каларыт экспазіцый, багата прадстаўленых раёнамі, шмат вясёлых людзей навокал. Наша каманда на конкурсе трымалася на “ўра!”, усе стараліся паказаць сябе найлепшым чынам, перажывалі адзін за аднаго і агульны вынік. Нягледзячы на тое, што гэта конкурс, на пляцоўцы панавала лёгкая добразычлівая атмасфера.

Тыя, хто ў гарачую пару жніва заняты на працоўным месцы, атрымалі аналагічныя ўзнагароды ад кіраўнікоў сваіх прадпрыемстваў.



Дзятлаўчане паспяхова выступілі на іншых пляцоўках “Бацькавай булкі”. Так, трактарыст-машыніст КСУП “Войневічы” паўдзельнічаў у конкурсе прафесійнага майстэрства сярод сельскагаспадарчых, камунальных і будаўнічых арганізацый Гродзенскай і Брэсцкай абласцей “Трактар-булка-шоу”. Ён атрымаў дыплом і спецыяльны прыз фестывалю на тэматычнай сцэне свята.


Дыпомам І ступені каравай-фэста “Бацькава булка” і грашовай прэміяй была адзначана за ўдзел у выставе-конкурсе вырабаў дамашняй выпечкі сярод аматараў “Матулін каравай” у намінацыі “Традыцыйны каравай” культарганізатар Новаяльнянскага дома культуры Марына Ажахоўская. Яна прадставіла на конкурс сучасны каравай “Пяшчота” і традыцыйны на заквасцы “Дабрабыт”.


Наталля АВЯРЧУК
Фота аўтара, удзельнікаў фестывалю
Подписывайтесь на телеграм-канал «Дятлово ОНЛАЙН» по короткой ссылке @gazeta_peramoga
#нашелучшее #нашалепшае