Свята байцоў моладзевых атрадаў бярэ свае вытокі ў далёкія 1960-я гады – часы камсамолу. Многія пакаленні савецкіх маладых людзей прайшлі гэту лёсавызначальную школу, якая заўжды выхоўвала выдатныя чалавечыя якасці – любоў да Радзімы, веру ў перамогу дабра і справядлівасці.
У нашы дні камсамольскую традыцыю прадаўжае Беларускі рэспубліканскі саюз моладзі.
– Важнасць студатрадаўскага руху ў тым, што ўжо з 14 гадоў школьнікі могуць акунуцца ў працоўную атмасферу, адчуць, як няпроста зарабляюцца грошы, наколькі важна прытрымлівацца працоўнай дысцыпліны, умець ладзіць у камандзе, – расказала першы сакратар Дзятлаўскага раённага камітэта ГА “БРСМ” Кацярына Хілімончык. – Звычайна ў саставе студатрада пяць і больш чалавек, а гэта ўжо калектыў, дзе кожны адказвае не толькі за сябе, але і за іншых, бо ацэньваецца выкананне аб’ёму работы ў цэлым. Гэта выхоўвае камандны дух, пачуццё адзінства. Яшчэ работа ў атрадзе дапамагае карысна бавіць вольны час, бо летнія канікулы доўгія, і цудоўна, калі ёсць магчымасць не толькі адпачыць, але і атрымаць заработную плату. Нярэдка ў студатрады прыходзяць выпускнікі 9 і нават 11 класаў, якія паспяхова здалі экзамены і хочуць зарабіць грошай.
– Наколькі актыўна маладыя дзятлаўчане ідуць у студатрады?
– Вельмі актыўна. Мяркую, яны добра дасведчаныя аб такой магчымасці, бо студатрадаўскі рух развіваецца даўно. У лютым штогод стартуе традыцыйная акцыя БРСМ “Выбіраем студатрад”, калі мы наведваем школьныя калектывы, расказваем навучэнцам, дзе яны могуць папрацаваць, якія работы выканаць, колькі за такую занятасць іх папярэднікі зараблялі летась. Ужо на гэтым этапе моладзь запаўняе анкеты, а мы, у сваю чаргу, разумеем, што менавіта да гэтых маладых людзей можам звяртацца, каб працаўладкаваць іх на асенніх, вясновых, летніх канікулах.
– Дзе сёлета працуюць студатрадаўцы, колькі маладых людзей будзе занята ў гэтым працоўным сезоне?
– Усяго мы плануем заняць 196 чалавек ва ўзросце ад 14 да 31 года. Ужо скончылі работу тры атрады: два ў Дзятлаўскім РУП ЖКГ, яшчэ адзін у КСУП “Жукоўшчына”. Цяпер юнакі і дзяўчаты працуюць у атрадах на базе цэнтральнай раённай бальніцы, ААТ “Дварэц-Агра”, лясгаса, КСУП “Хвінявічы”, а на днях стартуе работа атрада ў ААТ “Граніт-Агра”. На сёння працаўладкаваны 92 чалавекі.
Па відах работ студатрадаўцы займаюцца добраўпарадкаваннем тэрыторый, чысткай дарожак, праполкай клумбаў, у сельгасарганізацыях выконвалі відавую праполку, у час жніва шчыруюць на збожжасушылках, а восенню будуць капаць бульбу і разам з камунальнікамі чысціць горад перад зімовым сезонам.
– Хто вашы сацыяльныя партнёры-наймальнікі?
– Іх я ўжо назвала, расказваючы пра студатрады. Шчыра дзякую калектывам усіх арганізацый-партнёраў за шматгадовае плённае супрацоўніцтва, падтрымку і ўзаемаразуменне. Большасць нашых байцоў-студатрадаўцаў – гэта непаўналетнія, за якіх наймальнікі нясуць вялікую адказнаць у плане аховы працы, а гэта дадатковая нагрузка. Спадзяюся, што і работа нашых байцоў служыць для іх добрай падтрымкай у выкананні працоўных задач. Удзячны раённы камітэт ГА “БРСМ” наймальнікам і за дастойную заработную плату моладзі, бо гэта той рэсурс, які год ад года стымулюе жаданне прыходзіць у студатрады.
– Якімі якасцямі павінен валодаць студатрадавец?
– Баец студэнцкага атрада – гэта, у першую чаргу, малады чалавек, які павінен працаваць на карысць нашай Радзімы. Напрыклад, у Год добраўпарадкавання мы таксама зрабілі свой уклад у агульную справу, працуючы ў камунальных і лесагаспадарчых атрадах, а маладыя работнікі сельгасатрадаў дапамагаюць нарыхтоўваць ураджай і фарміраваць агульны “каравай” краіны. Адпаведна сярод асноўных якасцяў байцоў павінны быць добрасумленнасць і адказнасць, каб сваёй дзейнасцю яны даказвалі, што могуць прыносіць карысць сабе, грамадству, Радзіме. Усе гэтыя якасці запатрабаваны ў работнікаў і ў дарослым жыцці.
Я жадаю ўсім удзельнікам студатрадаўскага руху здароўя, надзейных сяброў, спаўнення запаветных мараў, паспяховай вучобы і каб бацькі ганарыліся дасягненнямі сваіх сыноў і дачок.
Ірына СТЫРНІК
Подписывайтесь на телеграм-канал «Дятлово ОНЛАЙН» по короткой ссылке @gazeta_peramoga
#нашелучшее #нашалепшае