На чарговым пасяджэнні камісіі па справах непаўналетніх райвыканкама прааналізавана сітуацыя па абароне законных правоў і інтарэсаў непаўналетніх у дваццаці сем’ях раёна, дзе дзеці знаходзяцца ў сацыяльна ненадзейным становішчы або былі прызнаны маючымі патрэбу ў дзяржаўнай абароне. Двое непаўналетніх пасля выпраўлення сямейнай сітуацыі зняты з уліку, з астатнімі сем’ямі работа прадаўжаецца.
Адны хочуць жыць лепш, другія – не
У трох сем’ях раёна, дзе дзеці прызнаны ў сацыяльна ненадзейным становішчы, сітуацыя з абаронай іх правоў і законных інтарэсаў парадавала: дзеці дагледжаны, бацькі выконваюць усе парады спецыялістаў па ўхіленні недахопаў. Паколькі ў адной з гэтых сем’яў тэрмін рэалізацыі мерапрыемстваў скончыўся і яны далі станоўчы плён, члены камісіі аднагалосна прынялі рашэнне зняць дваіх дзяцей з уліку. Калі пазітыўныя змяненні захаваюцца і ў дзвюх астатніх сем’ях, пасля заканчэння тэрміну з іх таксама знімуць статус ненадзейных.
Работа прадаўжаецца з яшчэ трынаццаццю сем’ямі, бо паводзіны бацькоў па самых розных прычынах патрабуюць кантролю з боку спецыялістаў раённых службаў прафілактыкі. Так, маладыя муж і жонка знаходзяцца ў працэсе скасавання шлюбу з-за частых п’янак мужчыны. Пасля рашэння суда дарослыя плануюць паехаць кожны на сваю малую радзіму, і маці з дачкой ужо не будуць з’яўляцца ненадзейнай сям’ёй, пакуль жа сітуацыю даводзіцца трымаць на кантролі.
У другой сям’і маці знаходзіцца ў водпуску па доглядзе дзіцяці да трох гадоў, а муж звольніўся з работы. Пачаўся грыбны сезон, і гаспадар зарабляе на ціхім паляванні, аднак гэта не надоўга, таму члены камісіі настойліва парэкамендавалі яму знайсці пастаянную работу, каб сям’я не жыла за “дзіцячыя” грошы.
Яшчэ больш праблемная сітуацыя ў сям’і, дзе ўжо рыхтуюцца дакументы на прызнанне дзяцей маючымі патрэбу ў дзяржаўнай абароне. Пакуль непаўналетніх гадуе бабуля, іх бацькі кожны паасобку вядуць вольны лад жыцця, прагульваюць работу. Маці (яна адна прыйшла на пасяджэнне камісіі) папярэдзілі, што, калі дзяцей забяруць, клапаціцца пра іх будзе не бабуля, а педагогі сацыяльнага прытулка.
Патрабуе кантролю сям’я з двума дзецьмі, якой спецыялісты службаў прафілактыкі неаднаразова дапамагалі пераадольваць самыя розныя бытавыя сітуацыі: то ў хаце непрыбрана, то дзіця дабралася да таблетак, то адбыўся сямейны скандал – адным словам, дарослым часта трэба нагадваць пра іх бацькоўскія абавязкі.
У добраўпарадкаванае жыллё з двума дзецьмі пераехала маці, якая цяпер жыве з мужам асобна. Калі раней яна магла паскардзіцца на тое, што галоўная крыніца праблем – гэта гаспадар, то цяпер высветлілася: не толькі ён. Жанчына ў п’яным выглядзе ўжо “зарабіла” адміністрацыйны пратакол, а таксама разам з вясёлай кампаніяй заліла кватэру на ніжнім паверсе. Кантроль за яе паводзінамі будзе ўзмоцнены.
Увагі патрабуе і яшчэ адна сям’я, дзе гадуюцца чацвёра дзяцей, а бацька знаходзіцца за мяжой. Шматдзетная маці без асаблівага сораму можа дазволіць сабе бутэлечку піва вечарам, калі малыя ўжо спяць, а ўборку дома адкласці на лепшыя часы. Педагогам не раз даводзілася тлумачыць ёй, у якіх умовах павінны жыць дзеці.
Не навучылася правільна распараджацца грашыма маладая маці, якая з сынам жыве ў арэнднай кватэры і мае запазычанасці па розных плацяжах. Пры гэтым працуе жанчына на паўстаўкі. Ёй члены камісіі па справах непаўналетніх райвыканкама параілі ўладкавацца на поўны працоўны дзень, нагадалі таксама, што парадак у жыллі павінен быць пастаянным.
Калі застануцца праблемы, не вернуць дзяцей
Прааналізавана сітуацыя ў чатырох сем’ях, дзе дзеці раней былі прызнаны маючымі патрэбу ў дзяржаўнай абароне. У адной з іх сітуацыя паступова стабілізуецца, калі пазітыўныя змяненні застануцца і надалей, ужо ў жніўні можа быць разгледжана пытанне аб датэрміновым вяртанні маці сына. У другой сям’і на пасяджэнне прыйшла толькі жанчына, бацька ж каторы раз ігнаруе запрашэнне. Разгляд перанесены на наступнае пасяджэнне, куды гаспадара, магчыма, давядзецца дастаўляць з міліцыяй.
Прайшоў лячэнне ад згубнай звычкі ў спецыялізаванай абласной установе аховы здароўя бацька хлопчыка, які з красавіка знаходзіцца ў сацыяльным прытулку. Мужчына імкнецца вярнуць сына, але, на жаль, пакуль не спраўляецца з цягай да алкаголю, з-за чаго прагуляў работу, трапіў на суткі ў міліцыю. Яму параілі прайсці яшчэ і кадзіроўку, бо дзіця вернуць толькі ў тым выпадку, калі адбудзецца ўстойлівая рэмісія.
Мае шанц на вяртанне з прытулка двух дзяцей маці, якая амаль скончыла дома рамонт, бо раней умовы пражывання былі цалкам нездавальняючыя. Яе старэйшы сын прайшоў курс лячэння ў раённай бальніцы. Калі будзе дазваляць здароўе, ён паспрабуе сёлета паступіць. Важна, каб змяненні да лепшага ў сям’і былі ўстойлівымі, бо рашэнне аб вяртанні будзе прымацца ў хуткім часе.
Вадзім БЯЛЯТКА,
намеснік старшыні райвыканкама, старшыня камісіі па справах непаўналетніх райвыканкама
Святлана ЗАЛУЧАН,
намеснік старшыні камісіі па справах непаўналетніх райвыканкама
Ірына СТЫРНІК,
карэспандэнт газеты “Перамога”, член камісіі
Подписывайтесь на телеграм-канал «Дятлово ОНЛАЙН» по короткой ссылке @gazeta_peramoga