У пару летніх канікулаў і водпускаў расце колькасць няшчасных выпадкаў, у тым ліку з удзелам дзяцей.
Дзіця не ўсведамляе ўсю небяспеку электрычнасці, а органы пачуццяў чалавека не ў стане загадзя папярэдзіць аб яе блізкасці. Таму менавіта бацькі ў першую чаргу павінны паклапаціцца аб стварэнні бяспечных умоў жыццядзейнасці дзяцей, прывіць ім уменне акуратнага абыходжання з электрапрыборамі.
Электрычныя разеткі і выключальнікі неабходна трывала зафіксаваць. Дзеці павінны быць пазбаўлены доступу да выключальнікаў бытавых прыбораў і правадоў, якія вядуць да іх. Аднак абмежаванне доступу дзяцей да электрапрыбораў – не адзіны спосаб засцерагчы іх. Своечасовае навучанне асновам электрабяспекі будзе больш практычным.
Дзіця павінна разумець, што электрычнасць перадаецца па правадах і ўяўляе вялікую небяспеку для жыцця. Нельга ўзбірацца па апорах паветраных ліній электраперадачы, гуляць пад імі, кідаць на правады якія-небудзь прадметы.
Ва ўсіх сучасных дварах шматпавярховак устаноўлены трансфарматарныя падстанцыі (размеркавальныя шафы). Пранікненне за агароджу электрычнага абсталявання катэгарычна забаронена, гэта правіла павінна ведаць кожнае дзіця.
Парушэнне базавых правілаў бяспекі можа прывесці да бяды.
Напрыклад, вучань 6 класа сярэдняй школы № 45 горада Магілёва, гуляючы з аднакласнікамі, пранік на тэрыторыю будаўнічай пляцоўкі, увайшоў у недабудаваны будынак і выпадкова дакрануўся рукой да токаводнай жылы электрычнага кабеля, атрымаў паражэнне токам.
У Оршы дзіця 2023 года нараджэння, знаходзячыся на кухні разам з маці, уставіла ў разетку маленькі металічны ключ і атрымала тэрмічны апёк на пальцах рукі.
Паважаныя дарослыя! Растлумачце дзецям, наколькі небяспечныя гульні каля аб’ектаў пад напружаннем электрычнага току: трансфарматарных падстанцый, апор паветраных ліній электраперадачы, размеркавальных шчыткоў, сілавых шафаў.
Выконвайце правілы самі і навучыце сваіх дзяцей асновам электрабяспекі.
Валянцін КАСЦЮКЕВІЧ,
інспектар Дзятлаўскай РЭГІ
Андрэй ГОМАН,
намеснік галоўнага інжынера Дзятлаўскага РЭС
Подписывайтесь на телеграм-канал «Дятлово ОНЛАЙН» по короткой ссылке @gazeta_peramoga