Навучэнцы 6-8 класаў гімназіі № 1 горада Дзятлава наведалі мемарыяльны комплекс “Курган Славы”.

Гэта знакавае месца было выбрана невыпадкова – на Кургане Славы па-сапраўднаму ўсведамляеш веліч духу і мужнасці нашага народа, тут заўсёды асаблівая атмасфера, яна літаральна прасякнута гераізмам нашых продкаў, якія вызвалілі Беларусь ад фашыстаў. Улетку 1944 года была разгромлена 105-тысячная групоўка нямецкіх войскаў і замкнуўся Мінскі кацёл, а наступальная аперацыя “Баграціён” стала трыумфам савецкага ваеннага мастацтва і ўвайшла ў гісторыю як найбуйнейшае паражэнне фашысцкіх войскаў у Другой сусветнай вайне.

Мемарыяльны комплекс уразіў дзяцей сваёй веліччу і манументальнасцю. За час свайго існавання Курган Славы перажыў некалькі рэканструкцый і стаў больш прыцягальным месцам для жыхароў і гасцей нашай краіны. Гімназісты з энтузіязмам пераадолелі прыступкі, якія вядуць да вяршыні, адкуль адкрываецца захапляльны від на наваколле. Гэта паездка стала для іх не проста забаўляльным мерапрыемствам, а сапраўдным урокам гісторыі. Яны ўбачылі, адчулі і ўсвядомілі трагізм вайны, гераізм нашага народа і каштоўнасць мірнага жыцця.
Аксана ВАНЧУК,
класны кіраўнік 6 “Б” класа гімназіі № 1 горада Дзятлава
Подписывайтесь на телеграм-канал «Дятлово ОНЛАЙН» по короткой ссылке @gazeta_peramoga