25 мая свой 90-гадовы юбілей адзначыць наша зямлячка, педагог, чалавек з вялікай душой – Надзея Лазоўская. Яна шмат гадоў адпрацавала настаўніцай рускай мовы і літаратуры Казлоўшчынскай сярэдняй школы, дзе яе памятаюць і адрасуюць самыя шчырыя словы віншаванняў.

Нарадзілася Надзея Іванаўна ў вёсцы Залужжа Нясвіжскага раёна, у сям’і, дзе адукацыя і працавітасць былі галоўнымі каштоўнасцямі. Бацька працаваў настаўнікам пачатковых класаў, мама, на жаль, пайшла з жыцця, калі Надзеі было ўсяго тры гады. Выхаванне дзяўчынкі лягло на плечы бабулі, якая перадала ёй цяпло, клопат і жыццёвую мудрасць. У шматдзетнай сям’і ў атмасферы працавітасці, узаемадапамогі, прагі да ведаў фарміраваўся характар Надзеі.

Прадаўжаючы сямейную дынастыю, дзяўчына ўслед за бацькам выбрала педагагічную спецыяльнасць, якой аддала ўсё жыццё, выхоўваючы многія пакаленні дзятлаўчан.

Першым месцам работы маладой настаўніцы была Погірская школа, затым пэўны час яна выкладала ў Раклевіцкай, Лявонавіцкай і доўгі час, аж да выхаду на заслужаны адпачынак, – у Казлоўшчынскай сярэдняй школе. Надзея Іванаўна прывівала сваім вучням любоў да роднага слова, кніг, культурнай спадчыны. Яе ўрокі заўжды былі цікавымі і глыбокімі, яна шчодра дзялілася ведамі, дапамагаючы кожнаму дзіцяці раскрыць свой патэнцыял. У 1979 годзе ў Казлоўшчынскай школе стала класным кіраўніком пяцікласнікаў. Вучні ўспамінаюць, як, затаіўшы дыханне, слухалі кожнае яе слова на ўроках і класных гадзінах. Разам яны праходзілі знакавыя этапы школьнага жыцця: піянерскія зборы, паходы па месцах баявой славы, экскурсіі, уступленне ў рады камсамола. Надзея Іванаўна заўсёды была побач, падказвала, падтрымлівала, натхняла, вучыла сумленнасці, адказнасці, патрыятызму, дапамагаючы не толькі ўдасканальваць веды, але і загартоўваць характар. Яна любіла і бачыла кожнага свайго вучня, умела тонка адчуваць, калі неабходна, даць параду, а калі – проста быць побач.

За шматгадовую добрасумленную працу Надзея Лазоўская неаднаразова ўзнагароджана граматамі розных узроўняў, з’яўлялася дэлегатам настаўніцкага з’езда.

Нават на заслужаным адпачынку, нягледзячы на шаноўны ўзрост, педагог-ветэран застаецца такой жа актыўнай і добразычлівай. Яна цікавіцца падзеямі ў свеце і Беларусі, шмат чытае, захоўвае любоў да беларускай мовы, жыве з верай, якая падтрымлівае яе ў цяжкасцях. Акружаная сям’ёй, дзецьмі, унукамі і праўнукамі, для іх заўжды з’яўляецца прыкладам мудрасці, інтэлігентнасці і душэўнай цеплыні. Парады і ўрокі Надзеі Лазоўскай засталіся ў сэрцах яе выпускнікоў, калег на доўгія гады, дапамагаюць ім спраўляцца з цяжкасцямі, знаходзіць правільны шлях у жыцці. Уклад Надзеі Іванаўны ў адукацыю і выхаванне моладзі можна лічыць сапраўдным працоўным подзвігам, які заслугоўвае павагі і ўдзячнасці.

Ірына СТЫРНІК

Подписывайтесь на телеграм-канал «Дятлово ОНЛАЙН» по короткой ссылке @gazeta_peramoga

Похожие публикации