Дзятлаўскі раённы Цэнтр дадатковай адукацыі дзяцей і моладзі зробіць летнюю кампанію-2025 года яркай і незабыўнай для кожнага дзіцяці.

Што чакае хлопчыкаў і дзяўчынак на канікулах, расказала намеснік дырэктара ўстановы Іна Дзедава:

– Паколькі дэвіз сёлетняй рэспубліканскай акцыі “Лета – дзецям!” гучыць: “Няхай будзе мірным неба над зямлёй, няхай вечна дзяцінства звонкае смяецца”, то і спецыялісты цэнтра пастараюцца арганізаваць канікулы навучэнцаў так, каб яны былі не толькі займальнымі, але і карыснымі, паспрыялі ўсебаковаму развіццю. На працягу лета ў аб’яднаннях па інтарэсах можна будзе займацца камп’ютарным дызайнам, дэкаратыўна-прыкладной творчасцю і маляваннем, на практыцы асвоіць азбуку бяспекі, прайсці сцяжынкамі малой радзімы, развіць у сабе спартыўныя таленты, навучыцца ствараць і рэалізоўваць сацыяльна значныя валанцёрскія праекты.

У рамках брэндынгавага агенцтва “Зробім!” для дзяцей 7-12 гадоў будзе дзейнічаць культурна-асветніцкая пляцоўка “Лабараторыя незабыўных канікулаў” і творчая “АРТ-Студыя” для падлеткаў 10-16 гадоў. Тэматычныя пляцоўкі цэнтра стануць сапраўднымі майстэрнямі, дзе юныя дзятлаўчане змогуць раскрыць свае здольнасці, навучыцца новаму, правесці час з карысцю. Праекты “Мы – пакаленне здаровага ладу жыцця” і “КУБ” дазволяць дзецям праявіць сябе ў сацыяльна значнай дзейнасці і медыясферы.

Для арганізацыі занятасці навучэнцаў з аддаленых куткоў раёна будзе рэалізаваны анлайн-праект “ТУР-канікулы. Ствараем. Даведваемся. Развіваемся”. Для самых дапытлівых, хто цікавіцца гісторыяй роднага краю, дзверы расчыніць музей “Дадатковая адукацыя, дзіцячыя і моладзевыя грамадскія аб’яднанні Дзятлаўшчыны ў датах, падзеях, асобах”. Педагогі нашай установы падрыхтавалі пазнавальныя экскурсіі і займальныя майстар-класы не толькі для дзяцей, але і для гасцей і жыхароў нашага горада. Каб было зручна скарыстацца прапановай, просім узгадняць прыдатную дату наведвання музея загадзя па тэлефоне 6-69-48.

Цудоўнай магчымасцю знайсці новых сяброў і назапасіць станоўчыя ўражанні стануць выхаваўча-аздараўленчыя летнікі. З 2 па 20 чэрвеня на базе нашага цэнтра для дзяцей 10-14 гадоў пачне функцыянаваць ужо многім вядомы “Вектар” з дзённым знаходжаннем выхаванцаў. Удзельнікі змены асвояць сучасныя медыятэхналогіі, праз майстар-класы, экскурсіі на прадпрыемствы і ў арганізацыі раёна акунуцца ў свет прафесій. Іх чакаюць захапляльныя квэсты, яркія шоу, інтэлектуальныя віктарыны, творчыя конкурсы, спартыўныя спаборніцтвы, прагулкі і паходы. Асаблівая ўвага будзе нададзена знаёмству з культурай і традыцыямі Дзятлаўшчыны. У праграме прадугледжаны мерапрыемствы з элементамі нацыянальнага каларыту, прымеркаваныя да Года добраўпарадкавання, святкавання 80-годдзя Вялікай Перамогі.

З 30 чэрвеня па 11 ліпеня школьнікаў 12-16 гадоў, якія любяць актыўны адпачынак, запрашаем у наш палатачны летнік “Родник” на базе Жукоўшчынскай школы. Будзе шмат турыстычнай рамантыкі, песень каля вогнішча, паходаў, экскурсій па раёне і вобласці, абяцаем сустрэчы з цікавымі людзьмі, майстар-класы, творчыя конкурсы, спартыўныя спаборніцтвы, займальныя квэсты і пазнавальныя гульні, працоўныя дэсанты. Актуальную інфармацыю пра летнюю кампанію глядзіце на сайце ДРЦДАДіМ ва ўкладцы “Лета-2025” і Instagram.

Ірына СТЫРНІК

Подписывайтесь на телеграм-канал «Дятлово ОНЛАЙН» по короткой ссылке @gazeta_peramoga

#образование

Похожие публикации