Яўгенія Радомская, навучэнка гімназіі № 1 горада Дзятлава, стала лаўрэатам другой ступені рэспубліканскага конкурсу навуковых даследчых краязнаўчых работ у намінацыі “Гісторыя роднага краю” (кіраўнік Алена Радомская).
Наша юная зямлячка з’яўляецца пераможцай абласнога этапу гэтага конкурсу.
Поспех Яўгеніі прынесла даследчая работа “Купчая на зямлю ад 19 ліпеня 1921 года: адлюстраванне польскага зямельнага заканадаўства ў гістарычным дакуменце”. Работа цесна звязана з Дзятлаўшчынай і сям’ёй гімназісткі, бо купчая на шэсцьдзясят дзесяцін зямлі больш за стагоддзе захоўвалася ў сям’і Радомскіх, а належаў дакумент прадзеду Яўгеніі – Аўгусціну Глубокаму.
У рабоце прааналізаваны гістарычныя ўмовы, пры якіх адбывалася здзелка, асаблівасці тагачаснага заканадаўства, правы бакоў: зямлю заможны селянін набываў у пляменніцы вялікага вучонага Ігната Дамейкі – Марыі, якая ў спадчыну ад памерлага мужа Лявона Дамейкі атрымала сядзібу Жыбартоўшчына. Высветлілася, што на той час польскі ўрад кантраляваў усе здзелкі на тэрыторыі Заходняй Беларусі, а расходы ад куплі-продажу абодва бакі, нягледзячы на сацыяльны статус, дзялілі паміж сабой у роўных долях – тагачаснае заканадаўства зацвярджала роўныя правы ў пагадненні паміж сялянамі і памешчыкамі.
Ірына СТЫРНІК
Фота з архіва Яўгеніі Радомскай
Подписывайтесь на телеграм-канал «Дятлово ОНЛАЙН» по короткой ссылке @gazeta_peramoga
#награда #нашелучшее #нашалепшае #Дятловщина #образование