У перадсвяточныя майскія дні аграрыі раёна набліжаюцца да фіналу пасяўной кампаніі і прыступаюць да нарыхтоўкі кармоў.

На палетку каля Маскалёўцаў на энерганасычаным трактары МТЗ-3522 з універсальнай пнеўматычнай сеялкай “Прэцыса 12” працуе механізатар Сяргей Шульга. Гэта яго трэці арграрны сезон у гаспадарцы, дзе з першых дзён работы атрымаў новую тэхніку, якая за гады работы ні разу не падвяла.

– Зямля сухая, на полі шмат пылу, які паднімаецца за сеялкай, а ў кабіне ўтульна і ёсць кандыцыянер, так што можна працаваць у любое надвор’е. Сёлета ўжо пасеялі яравы ячмень, гарох, цяпер заканчваем кукурузу. Тэхніка надзейная, ідзём без прастояў. Настрой заўсёды баявы, пазітыўны, тым больш што цяпер якраз чарада майскіх святаў. Ад душы віншую ўсіх землякоў з надыходзячым Днём Перамогі. Дзякуй нашым продкам за тое, што абаранілі і захавалі нашу зямлю. Жадаю ўсім добра адсвяткаваць і адпачыць, а мы прадоўжым актыўна працаваць, каб атрымаць ураджай не горшы за леташні.

Намеснік кіраўніка СГФ “АграМілк” па вытворчасці Валерый Чэпукойць расказаў, што ўжо зроблена аграрыямі ў новым сезоне:

– Завяршаем сяўбу кукурузы, сёлета сеем 400 гектараў на зерне і 595 – на зялёную масу, выкарыстоўваем гібрыды беларускай, расійскай, замежнай селекцыі. У гэтым годзе план пасеву яравых культур склаў 2210 гектараў, з іх ячменю – 500 гектараў, гароху – 230 гектараў, яравога рапсу – 480 гектараў і кукуруза. Рыхтуемся да касьбы, нягледзячы на тое, што маем на сёння паўтарагадовы запас травяных кармоў. Былі праведзены дзве інсектыцыдныя апрацоўкі рапсу і адна ростарэгулюючая. Калі надвор’е дазволіць, з сярэдзіны чэрвеня плануем пачаць уборку гэтай культуры.


Наталля АВЯРЧУК
Подписывайтесь на телеграм-канал «Дятлово ОНЛАЙН» по короткой ссылке @gazeta_peramoga
#экономика #АПК #нашелучшее #нашалепшае #Дятловщина