На Дзятлаўшчыне з удзелам спецыялістаў Гродзенскага абласнога цэнтра турызму і краязнаўства прайшоў абласны семінар па тэме “Турысцка-экскурсійная дзейнасць як важны рэсурс патрыятычнага выхавання дзяцей і моладзі Гродзенскай вобласці”. Ён сабраў кіраўнікоў школьных музеяў і педагогаў, якія курыруюць гэты напрамак дзейнасці ў розных раёнах Прынёмання.

Стартавала сустрэча з форуму музеяў установаў адукацыі Дзятлаўскага раёна. Гасцям прэзентавалі найбольш прадуктыўныя практыкі і навацыі, якія выкарыстоўваюцца ў адукацыйнай прасторы школьных музеяў. Спецыялісты прадставілі напрацаваны вопыт у творчай інтэрактыўнай форме праз майстар-класы, фрагменты музейных заняткаў, праекаў, творчых майстэрняў. Удзельнікі семінара даведаліся пра цікавінкі, якія чакаюць наведвальнікаў музеяў Дзятлаўскага раённага цэнтра дадатковай адукацыі дзяцей і моладзі, Раклевіцкай базавай,  Дварэцкай, Хвінявіцкай, Круцілавіцкай, Вензавецкай, Казлоўшчынскай сярэдніх школ.

Новыя формы турысцка-экскурсійнай дзейнасці і запатрабаваныя турысцкія паслугі дэманстравалі музеі гімназіі № 1, сярэдняй школы № 1 горада Дзятлава імя А. М. Чурылы, Жукоўшчынскай базавай і Гезгалаўскай сярэдняй школы імя М. І. Нядзеліна.

На дзятлаўскай зямлі ўдзельнікаў семінара павітала начальнік аддзела адукацыі райвыканкама Марына Лашкоўская. Яна расказала, што ва ўстановах адукацыі нашага раёна працуюць 18 музеяў і тры музейныя пакоі, якія актыўна займаюцца краязнаўчай, пошукавай дзейнасцю, захоўваюць традыцыі і гісторыю сваёй мясцовасці, знаходзяцца ў пастаянным пошуку новых формаў узаемадзеяння з турыстамі.

Дырэктар Гродзенскага абласнога цэнтра турызму і краязнаўства Аксана Калаур адзначыла, што экскурсійная і музейная дзейнасць – гэта значны і дзейсны рэсурс у выхаванні падрастаючага пакалення, тым больш ён становіцца актуальны цяпер, калі Беларуссю ўзяты курс на развіццё турызму, які ў будучым павінен стаць адным з нацыянальных брэндаў нашай краіны.  

На стане і перспектывах развіцця адукацыйнага турызму ў Гродзенскай вобласці спынілася метадыст Гродзенскага абласнога цэнтра турызму і краязнаўства Вікторыя Каўцэвіч.

Як праз экскурсійную дзейнасць на Дзятлаўшчыне развіваецца адукацыйны турызм, патлумачыла галоўны спецыяліст аддзела адукацыі райвыканкама Алена Гарановіч. Спынілася на тым, што вектар развіцця гэтай сферы скіраваны на актывізацыю ўжо існуючых у раёне маршрутаў, даследаванне і распрацоўку новых і максімальнае далучэнне да справы ўсіх удзельнікаў адукацыйнага працэсу. Сярод прыярытэтных турыстычных аб’ектаў раёна – тыя, што выхоўваюць патрыятычныя пачуцці.  

Затым пасяджэнне змяніла актыўная частка семінара, якая прайшла на пляцоўцы сярэдняй школы № 3 горада Дзятлава імя І. Ю. Філідовіча, дзе гасцей чакала імерсіўная экскурсія ў рамках праекта “Летапіс Вялікай Перамогі. Лясной сцежкай да партызанскага шпіталя”, які рэалізуецца ў нашым раёне да 80-годдзя Перамогі савецкага народа ў Вялікай Айчыннай вайне. Прысутныя пазнаёміліся з медыкамі імправізаванага Ліпічанскага шпіталя, даведаліся, як у ваенна-палявых умовах яны ратавалі жыцці байцоў, убачылі, як пячэцца партызанскі хлеб і нават пакаштавалі яго, а таксама пад ваенныя песні каля вогнішча частаваліся салдацкай кашай, чаем, бярозавікам.

Вельмі кранальная тэатралізаваная экскурсія “Перарваныя канікулы” чакала прысутных у народным музеі “Дзеці ліхалецця” Новаяльнянскай сярэдняй школы імя А. А. Шаўчук, які ўключаны ў абласны экскурсійны маршрут, а з 2021 года – у рэспубліканскі пілотны праект. Нікога не пакінула раўнадушнай гісторыя выхаванцаў беларускага “Артэка”, дзяцінства якіх апаліла вайна. Аб рабоце музея, дасягненнях, праектнай дзейнасці, пакаленнях юных экскурсаводаў, якія выхоўваюцца на музейных матэрыялах, літаральна “пражываючы” гістарычныя падзеі, расказалі дырэктар школы Алена Круглова і нязменны кіраўнік музея Тамара Крывеня.

У час падвядзення вынікаў быў адзначаны не толькі высокі ўзровень правядзення семінара, але і высокі ўзровень прэзентацыі, работы музеяў установаў адукацыі Дзятлаўскага раёна, што дазваляе ім дастойна “ўпісвацца” ў турысцка-экскурсійную дзейнасць, актыўна супрацоўнічаць з іншымі суб’ектамі турызму, мець свой адметны “характар” і вялікі патэнцыял для выхавання падрастаючага пакалення. А паколькі яны цікавыя і дарослым, то ёсць магчымасць развіваць міжраённае супрацоўніцтва, аб’ядноўваць маршруты, а ў перспектыве для ўстановаў адукацыі Прынёмання стаіць задача стварыць маршрут “Патрыятычнае кальцо Гродзеншчыны”.

Ірына СТЫРНІК

Подписывайтесь на телеграм-канал «Дятлово ОНЛАЙН» по короткой ссылке @gazeta_peramoga

#туризм #нашелучшее #нашалепшае #Дятловщина #образование 

About Author
administrator
View All Articles
Проверьте последнюю статью от этого автора!
На працоўнай хвалі

На працоўнай хвалі

18 апреля, 2026
Депутаты едут в округа!
Моладзевыя навіны. Як запаліць іскрынку краўдфандынгу ў сэрцах юных валанцёраў?

Похожие публикации