Тэма Вялікай Айчыннай вайны займае асобнае месца ў жыцці кожнай беларускай сям’і і аб’ядноўвае розныя пакаленні нашых суайчыннікаў.


Аб гэтым сведчыць і колькасць жадаючых, якія імкнуцца пазнаёміцца з асобнымі аб’ектамі, цікавымі і малавядомымі фактамі ваеннай гісторыі Дзятлаўшчыны. Летась да 80-годдзя вызвалення Беларусі ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў у нашым раёне стартавала грамадска-турыстычная акцыя “Дзятлаўшчына гераічная”. У лютым адбылася прэзентацыя новай праграмы “Па слядах герояў”. Яна ўвабрала ў сябе не проста падарожжа ў часы акупацыі раёна нямецка-фашысцкімі захопнікамі, але і анімацыйныя элементы патрыятычнай скіраванасці. Праграма стала настолькі папулярнай у турыстаў, што “Па слядах герояў” прайшло шмат жадаючых узгадаць мінулае і набрацца ўражанняў на гэтых інтэрактыўных пляцоўках. Яны аб’ядналі 255 удзельнікаў.


Асаблівай папулярнасцю ў турыстаў карыстаўся веламаршрут “Партызанскай сцежкай па Ліпічанскай пушчы”. Яго наведалі 472 чалавекі: школьнікі, работнікі арганізацый раёна, турыстычныя групы з Мінска.

Падарожжы ў рамках акцыі прадаўжаюцца, у час іх таксама можна пазнаёміцца з ваенным мінулым Дзятлаўшчыны праз турыстычныя праграмы “Дзяцінства, апаленае вайной”, “Халакост на Дзятлаўшчыне”, маршрут “Шчара – рака партызанская”, іншыя.
Прапанаваныя маршруты і праграмы разлічаны на розныя формы актыўнасці: пешыя, аўтамабільныя, веласіпедныя, а для самых загартаваных можна і на байдарках. Не менш цікавым будзе іх змест: пры наведванні хаткі паляўнічага Дзятлаўскага лясгаса прапануецца для дэгустацыі салдацкая каша, Дзятлаўская дзіцячая школа мастацтваў заклікае на пасядзелкі з песнямі каля вогнішча, Дварэцкі дом культуры арганізуе гульні на ваеннай пляцоўцы, музей “Дзеці ліхалецця” Новаяльнянскай сярэдняй школы раскрые трагедыю беларускага “Артэка”.
Спадзяёмся, што кожны, хто хоча наведаць Дзятлаўшчыну ці больш падрабязна даведацца пра яе ваеннае мінулае, знойдзе для сябе “сляды герояў”, якія сваім подзвігам набліжалі Вялікую Перамогу, памяць якіх ушаноўваем у год 80-годдзя Перамогі савецкага народа ў Вялікай Айчыннай вайне.
Алена БОЙКА,
спецыяліст па турызме раённага турыстычнага інфармацыйнага цэнтра
Подписывайтесь на телеграм-канал «Дятлово ОНЛАЙН» по короткой ссылке @gazeta_peramoga
#туризм