Адметная для сацыяльных работнікаў падзея адбылася ў Цэнтры сацыяльнага абслугоўвання насельніцтва Дзятлаўскага раёна. З пачаткам цёплага сезона ім уручылі 17 новых веласіпедаў, а таксама правялі інструктаж з супрацоўнікамі дзяржаўтаінспекцыі.



– Сёлета ў час урачыстасці да Дня сацыяльнага работніка старшыня райвыканкама Андрэй Садоўскі перадаў нашай установе сертыфікат на шэсць тысяч рублёў на паляпшэнне матэрыяльна-тэхнічнай базы, – расказала дырэктар Цэнтра Таццяна Нікіпорчык. – Сярод галоўных задач, на якія скіравана работа сацыяльнай службы, – забеспячэнне патрэбаў пажылых грамадзян. Калі мы чуем ад іх словы ўдзячнасці і бачым іх шчаслівымі, то разумеем, што прыносім рэальную карысць.

Большасць нашых сацыяльных работнікаў, каля 70 чалавек, – гэта работнікі аддзялення сацыяльнай дапамогі на даму. Напрамак актуальны, бо кожны з нас ведае, што дома чалавека і сцены лечаць, а таму надзвычай важна, каб пажылыя людзі заставаліся як мага даўжэй у звыклай для іх атмасферы. Сваіх жа памочніц, сацыяльных работнікаў, пажылыя грамадзяне любяць як родных і чакаюць хвіліна ў хвіліну.
Скараціць час на дарогу, адпаведна павялічыць яго на вырашэнне рабочых спраў, нашым работніцам дапамагаюць веласіпеды. Яны з’яўляюцца не толькі транспартам, але і сродкам для перавозкі цяжкіх сумак з прадуктамі, якія заказваюць падапечныя. Значыць, скарачаецца не толькі час у дарозе, але і захоўваецца здароўе нашых жанчын. Да таго ж веласіпед не шкодзіць экалогіі, таму пры яго выкарыстанні атрымліваем адны плюсы.

На ўручэнне двухколавых памочнікаў мы запрасілі яшчэ і супрацоўнікаў міжраённай дзяржаўтаінспекцыі па абслугоўванні Слонімскага, Дзятлаўскага, Зэльвенскага раёнаў. Праваахоўнікі правядуць для сацыяльных работніц інструктаж па правілах паводзінаў веласіпедыстаў на дарозе, падкажуць, як павінны быць абсталяваны веласіпеды, як і дзе іх паркаваць, каб не сталі лёгкай здабычай для злодзея.






Сацыяльныя работніцы з удзячнасцю і задавальненнем атрымалі свае новыя транспартныя сродкі і адразу ж паспрабавалі іх у справе, а потым падзяліліся ўражаннямі ад патрэбных падарункаў.




Таццяна Піцук:

– Сацыяльным работнікам працую трыццаць тры гады. Веласіпед у мяне ўжо другі, і я вельмі ўдзячна за такую значную падтрымку. Мая зона абслугоўвання – Дварэцкі сельскі савет. Падапечных трое, усе старыя людзі, патрабуюць увагі. Да адной з іх, інваліда другой групы, прыходжу кожны дзень, да астатніх – тройчы на тыдзень. Дапамагаю дома, дастаўляю лекі і прадукты, таму двухколавы памочнік вельмі патрэбен.
Алеся Дзяшук:

– У сацыяльнай службе я працую ўсяго тры месяцы, але работа мне падабаецца. Дапамагаць людзям – гэта радасць. Мая зона абслугоўвання – гарадскі пасёлак Наваельня, дзе чакаюць чацвёра падапечных. Вельмі добра, што далі веласіпед. Ён дапаможа ў перавозцы прадуктаў, хутчэй будзе ездзіць у аптэку.
Ірына СТЫРНІК
Подписывайтесь на телеграм-канал «Дятлово ОНЛАЙН» по короткой ссылке @gazeta_peramoga
#Дятловщина #нашалепшае #нашелучшее