Што можа быць больш прыемным, чым правесці доўгі зімовы вечар за цікавай кнігай. Пакуль за вокнамі цемра і холад, можна накіравацца ў займальнае падарожжа па старонках чарговага гістарычнага рамана ці дэтэктыва. Асабліва гэта актуальна, калі чалавек ужо на пенсіі, а для дачнага сезона час яшчэ не прыспеў.
Як жа да вяскоўцаў прыходзіць кніга?
– Абслугоўванне жыхароў 48 аддаленых і маланаселеных вёсак Дзятлаўшчыны па дзесяці маршрутах забяспечвае бібліобус, – расказала дырэктар Дзятлаўскай раённай бібліятэкі Вольга Бойка. – Яго паслугамі карыстаюцца больш за 400 чытачоў. Кожны з маршрутаў уключае ад трох да сямі населеных пунктаў, самыя аддаленыя з іх знаходзяцца на адлегласці ў некалькі дзясяткаў кіламетраў. Функцыянаваць “бібліятэка на колах” пачала з 2007 года, а сёлета ў нас прыемная падзея – набыты новы бібліобус.
Гэта прыгожы зручны белы мікрааўтобус МАЗ. Грашовыя сродкі на яго ў суме 189 тысяч 910 рублёў былі выдаткаваны з раённага бюджэту. Пастаўкай транспартнага сродка займалася фірма “Спецбелаўта” горада Гомеля. Наш бібліобус падзелены на тры секцыі: першая – гэта кабіна для вадзіцеля і пасажыраў, другая – памяшканне, укамплектаванае рабочым месцам для бібліятэкара, трэцяя – міні-зала з кніжнымі паліцамі для чытачоў, дзе яны могуць выбраць сабе кнігі. Усё зручна, кампактна, прыгожа. Мы вельмі ўдзячны кіраўніцтву раёна за такую абноўку.
Для работы бібліобуса складзены “План абслугоўвання насельніцтва раёна”, дзе пазначаны вёскі, іх аддаленасць, колькасць жыхароў. Графік выездаў штомесяц друкуем у раённай газеце “Перамога”, а таксам размяшчаем на сайце нашай бібліятэкі. Аб навінках літаратуры, дарэчы, таксама можна прачытаць у раёнцы ў рубрыцы “Навіны бібліятэкі”.
– Прыемна садзіцца за руль такога транспартнага сродка, – радуецца вадзіцель бібліобуса Іван Якшук. – Новы МАЗ зручны, камфортны і для вадзіцеля, і для бібліятэкара, і людзям ёсць куды зайсці, не тое што ў папярэдняй машыне, калі вяскоўцаў абслугоўвалі на вуліцы. Дзякуючы камплектацыі, тут ёсць стэлажы для кніг, таму не трэба вазіць іх у скрынях. Цяпер чытачам прасцей выбіраць і разглядаць літаратуру. Мікрааўтобус гэты дызельны, эканамічны па спажыванні паліва. Як бачыце, пакуль адны плюсы. Цудоўны падарунак.
Пасля непрацяглай размовы, зірнуўшы на гадзіннік, Іван Іосіфавіч па-гагарынску заклікаў сваю калегу бібліятэкара Марыну Лапушку: “Паехалі”. Мякка рухаючыся, МАЗ выехаў з падворка бібліятэкі і накіраваўся па маршруце № 8. Да канца рабочага дня бібліобус павінен паспець наведаць сваіх карыстальнікаў у вёсках Міроўшчына, Труханавічы, Вянскі, Пацаўшчына, Хадзяўляны, Засецце.
– Для нашых чытачоў, большасць якіх складаюць пажылыя людзі, сустрэча з кнігай мае вялікае значэнне, а для нас важна, каб яны былі здаровыя і ў добрым настроі, – адзначае Марына Лапушка. – Бібліобус вяскоўцы чакаюць, некаторыя папярэдне нам тэлефануюць, просяць захапіць канкрэтныя кнігі. Каб выканаць усе заказы, вяду сшытак індывідуальных запытаў карыстальнікаў. У кожнай з вёсак спыняемся па некалькі разоў, каб людзям зручней было дайсці. Увогуле, да кожнага чалавека імкнуся падысці з увагай, таму планавую гадавую норму па выдачы кніг перавыконваю ў разы. Летась, напрыклад, чытачам бібліобуса было выдадзена больш за 15 тысяч экзэмпляраў літаратуры. Кніг нашы землякі бяруць шмат – усё ж такі наступны прыезд толькі праз месяц. Густы ў людзей розныя: ад перыёдыкі і гістарычнай літаратуры да рамантычных кніг, дэтэктываў, прыгодаў. Аматары часопісаў чакаюць свежыя нумары выданняў. Сярод самых “чытаючых” – вялікія вёскі і аграгарадкі: Міроўшчына, Засецце, Белагурна. Летам да спіса нашых карыстальнікаў далучаюцца яшчэ і дачнікі, дзеці. З 2023 года ў маршрут бібліобуса была ўключана папраўчая калонія-пасяленне № 26, куды не толькі прывозім кнігі, але і ладзім літаратурна-музычныя гадзіны, арт-сустрэчы, вечары памяці. Нярэдка творчыя акцыі і праекты рэалізоўваем сумесна з сектарам нестацыянарнага абслугоўвання насельніцтва раённага Цэнтра культуры і народнай творчасці.
На гэты раз артысты Ірына Бакшук, Святлана Венская і Іван Кашко таксама накіраваліся па маршруце з бібліобусам, каб у рамках электаральнай кампаніі парадаваць вяскоўцаў вясёлымі песнямі.
На кожным прыпынку бібліобус падаваў гучны сігнал, каб абвясціць чытачоў аб сваім прыездзе, таксама людзі падцягваліся на мелодыі песень, несучы ў руках стосы кніг для абмену.
– Чытаць люблю ўсё жыццё, прычым не на смартфоне, а ўжывую, перагортваючы старонкі, – прызнаецца Людміла Лашкоўская з Міроўшчыны. – Раней чытала шмат фантастыкі, цяпер перайшла на гістарычную літаратуру. Ні адзін мой дзень не абыходзіцца без кнігі, таму добра, што ў вёску ездзіць бібліобус. За ўсё жыццё прачытала столькі літаратуры, што не ўлезла б у хату. Падабаюцца мне і перыядычныя выданні – гэта раённая газета, таксам выпісваю “Звязду”. Сёння нотку радасці ў візіт бібліобуса дадалі работнікі культуры. Я нават заплакала, бо адолела настальгія: раней мы разам з Ірай Бакшук спявалі ў самадзейным калектыве сельгастэхнікі. Я ветэран працы ААТ “Дзятлаўская сельгастэхніка”, якой прысвяціла амаль сорак гадоў жыцця. Атрымалася прыемная сустрэча, мне вельмі спадабалася сённяшняе мерапрыемства.
Самая вялікая кампанія чытачоў чакала прыезду бібліятэкі на колах па вуліцы Маладзёжнай у мікрараёне шматпавярховай забудовы.
– У нас двор аматараў кнігі, іх можна налічыць з дзясятак, – расказала жыхарка Міроўшчыны Ніна Гоман. – Сёння бібліятэкар прывезла яшчэ і фотаздымкі, якія рабілі ў мінулы візіт бібліобуса, калі праводзілі прэзентацыю беларускіх кніг. Гэта прыемны і памятны падарунак, дзякуй. Чытаю я даўно, колькі сябе памятаю, дома таксама ёсць вялікая бібліятэка, але хочацца і навінак. Раней аддавала перавагу замежнай літаратуры, а цяпер часцей бяру творы рускіх і айчынных пісьменнікаў, цікаўлюся гістарычнымі раманамі. Кнігу прачытваю “ад коркі да коркі”. Яшчэ люблю спяваць, ведаю мільён песень, таму з радасцю падпявала артыстам. Вельмі спадабаўся іх песенны сюрпрыз, а таксама новы бібліобус. Цудоўная ў нас і бібліятэкар: ведае нашы імёны, тэлефоны, заўжды ветлівая і ўважлівая. Чакаем яе кожны раз, каб парадавацца новым кнігам і часопісам. Гадоў трыццаць выпісваю і раённую газету “Перамога”, таму з нецярпеннем буду чакаць артыкул пра нас.
Ірына СТЫРНІК
Подписывайтесь на телеграм-канал «Дятлово ОНЛАЙН» по короткой ссылке @gazeta_peramoga
#нашалепшае #нашелучшее